Яднанне праз культуру

№ 21 (1095) 25.05.2013 - 31.05.2013 г

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка накіраваў прывітанне гасцям і ўдзельнікам VІІІ Беларускага міжнароднага медыяфоруму "Партнёрства ў імя будучыні: гісторыка-культурная спадчына як фактар яднання". "Традыцыі кожнай нацыі — непаўторныя і адлюстроўваюць яе душу ды светаўспрыманне, — гаворыцца, у прыватнасці, у віншаванні. — Таму ўзаемаразуменне ў адносінах паміж краінамі трэба шукаць праз уяўленне аб своеасаблівасці культуры кожнага народа, гістарычным вопыце і нацыянальным характары. І тут неацэнная роля журналісцкай супольнасці. Голас прэсы, якая выступае за гістарычную праўду, умацаванне нашых агульных культурных і духоўных каранёў, з’яўляецца адным з фактараў стварэння міру, гармоніі і дабрабыту народаў-братоў". Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "У Беларусі свята ахоўваюць гістарычную памяць, імкнучыся захаваць і прымножыць гісторыка-культурны здабытак — бясцэнны дар для будучых пакаленняў".

З 22 мая ў нашай краіне праходзіць VIII Беларускі міжнародны медыяфорум "Партнёрства ў імя будучыні: гісторыка-культурная спадчына як фактар яднання".

/i/content/pi/cult/428/8846/2-3.jpeg

Яго арганізавалі Міністэрства інфармацыі Беларусі, Пастаянны Камітэт Саюзнай дзяржавы, Міждзяржаўны фонд гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД, Беларускі саюз журналістаў пры падтрымцы міністэрстваў культуры, замежных спраў нашай краіны, Выканкама СНД, Мінскіх гар- і аблвыканкамаў, Гродзенскага аблвыканкама. У Беларусі сабраліся прадстаўнікі СМІ, грамадсказнаўчых навук, экспертнай супольнасці краін СНД, Балтыі, Заходняй Еўропы.

Пленарнае пасяджэнне форуму прайшло ў Замкавым комплексе "Мір". На парадак дня былі вынесены тэмы "Сродкі масавай інфармацыі: гістарычная місія ў захаванні і развіцці гісторыка-культурнай спадчыны", "Мова, нацыянальная літаратура як фактары суверэнітэту дзяржаў і яднання народаў". Намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Анатоль Тозік падкрэсліў пасля пасяджэння, што ўзаемадзеянне культур неабходнае для эфектыўнага развіцця эканомікі. Таму будзе зроблена ўсё магчымае, каб медыяфорум і надалей заставаўся цікавым ды карысным для журналістаў, навукоўцаў, палітолагаў, культурных і грамадскіх дзеячаў.

Па меркаванні міністра інфармацыі Беларусі Алега Праляскоўскага, наша прэса адпавядае сучасным тэндэнцыям развіцця журналістыкі. "Тым не менш, рухацца мы будзем толькі наперад, кансалідаваць грамадства на нашых слаўных традыцыях", — зазначыў міністр інфармацыі.

/i/content/pi/cult/428/8846/2-4.jpeg

У Інстытуце журналістыкі БДУ дзейнічае традыцыйная для форуму летняя школа. Заняткі ў фармаце прэс-клуба прысвечаны тэме "Фарміраванне новага аблічча культурнай журналістыкі". А Нацыянальная бібліятэка Беларусі прымае Х Міжнародны конкурс краін СНД "Мастацтва кнігі".

/i/content/pi/cult/428/8846/2-5.jpeg

Форум доўжыцца і сёння. Завершыцца ён наведаннем Нясвіжскага палацава-паркавага комплексу, дзе адбудзецца эксперт-сесія "Аб’екты сусветнай гісторыка-культурнай спадчыны ў кантэксце дзяржаўнай палітыкі развіцця рэгіёнаў".

З рэзалюцыі VIII Беларускага міжнароднага медыяфоруму "Партнёрства ў імя будучыні: гісторыка-культурная спадчына як фактар яднання".

"Адбываецца не толькі палітычная, эканамічная, але і культурная глабалізацыя. Як і любая з’ява, яна носіць дваісты характар. З аднаго боку, пашыраюцца магчымасці ў сферах адукацыі, інфармацыі, культурнага абмену. З іншага — вопыт апошніх дзесяцігоддзяў паказаў, што стварэнне "сусветнага чалавецтва" можа прывесці да ліквідацыі нацыянальнай самабытнасці і ўзнікнення прымітыўнай уніфікацыі. Становіцца рэальнай пагроза глабальнага культурнага таталітарызму…

Праблема асвятлення гісторыка-культурнай спадчыны асобных краін і ўсяго чалавецтва ў СМІ ўяўляецца як ніколі актуальнай. Для яе паспяховага вырашэння неабходны глыбокія веды ў гуманітарнай сферы, павага да этнічных традыцый, тактоўнасць, цярпімасць, кругагляд.

Мы перакананы, што толькі абапіраючыся на вялізны гістарычны вопыт нашых продкаў, адлюстраваны ў помніках духоўнай і матэрыяльнай культуры, магчыма здзейсніць прарыў да нябачаных раней дасягненняў. Навука і новыя тэхналогіі не павінны супярэчыць этычным правілам і нормам. Толькі ведаючы ўласныя карані, чалавецтва здолее пабудаваць новы, бяспечны, свет. Асновай такога стварэння можа быць менавіта культура, якая павінна ісці наперадзе эканомікі і палітыкі, а не наадварот".

На здымках: пад час пасяджэння ў Галерэі Міхаіла Савіцкага; абрад "Пасвячэнне ў беларусы" ў Мірскім замку.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"