Намалюем музыку!

№ 21 (1095) 25.05.2013 - 31.05.2013 г

Выстаўка Сяргея Салохіна, што прайшла ў Палацы мастацтва, можа таксама лічыцца прымеркаванай да 80-годдзя Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі. Бо бацька мастака Дзмітрый Салохін, у поўным сэнсе слова, стаяў ля калыскі тэатра, калі апошні яшчэ толькі-толькі засноўваўся на базе опернай студыі.

Няма нічога дзіўнага ў тым, што ўласна жывапісная экспазіцыя была дапоўнена шматлікімі фотаздымкамі — тэатральнымі і сямейнымі, — тэкставымі дакументамі за подпісам прымадонны тэатра Ларысы Александроўскай. Дзмітрый Салохін быў яе партнёрам яшчэ ў 1928-м, калі ў Мінскім музычным тэхнікуме ставілі “Фаўста” Ш.Гуно і яна была Маргарытай, а ён — яе братам Валянцінам. На адным з газетных фотаздымкаў — даваенная “Кармэн” Ж.Бізэ (а менавіта гэтым спектаклем і адкрываўся тэатр): Д.Салохін — Эскамільё.

Сярод палотнаў сына няма партрэтаў бацькі. Але ёсць — іншых музыкантаў. І не толькі таму, што напрыканцы 1980-х Сяргей Дзмітрыевіч арганізаваў мастацкую галерэю “Ліцвіны”, якая больш за дзесяцігоддзе існавала не дзе-небудзь, а ў Саюзе кампазітараў. І не таму, што зараз узначальвае прафкам Саюза музычных дзеячаў. Музыка ў яго карцінах — ужо на ўзроўні каларыстыкі. Многія пабудаваны на адным “лейтматыўным” колеры са мноствам яго адценняў-пераўвасабленняў. Надзвычай рамантычны партрэт эстраднага спевака Уладзіміра Правалінскага (2006 г.) — “у белым”, з россыпам руж у паветры. Легендарны хормайстар Віктар Роўда (2007 г.) і маладзечанскі дырыжор, ініцыятар крэатыўных ідэй Рыгор Сарока (1998 г.) — “у сінім”. Але ў першага далоні-лодкі быццам плывуць па акіяне музыкі, дзе адкрытыя ноты нечакана “ператвараюцца” ў твары артыстаў хору. А ў другога — дырыжорская палачка нібыта рассякае партрэт напалам, ствараючы “канфлікт руху”: палачка імкнецца па дыяганалі ўверх, а лініі сіняга фону падаюць долу. Дарэчы, у экспазіцыі было і шмат пейзажаў, фігуратыўных палотнаў, лепшыя з якіх таксама “напоўнены” музыкай, дакладней — колерамузыкай.

/i/content/pi/cult/428/8844/9-2.jpeg


С.Салохін. "Партрэт дырыжора
Рыгора Сарокі".

Цікава і тое, што ў суседняй зале змяшчалася выстаўка Аксаны Аракчэевай. Але экспанаваліся не партрэты артыстаў балета, а дзіцячая кніжная графіка, іншыя работы, сярод якіх — і партрэты музыкантаў, дзеячаў культуры, журналістаў. Той жа эфект: усё — “гучыць”. Можа, магія тэатра “вінавата”?..

Фота Аляксандра ЛАБАДЫ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"