Адкуль пачынаецца сонца?

№ 21 (1095) 25.05.2013 - 31.05.2013 г

Маналог мастачкі пра таямніцы святла

У галерэі “Акадэмія” Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў працуе выстаўка жывапісу Ганны Конанавай “Хада па сонцы”.

 — На карціне няма нічога, што не прысутнічала б у маім унутраным свеце. Паняцце мастацкай інтэнцыі сёння звязваюць з адметнай скіраванасцю свядомасці, якая выяўляе сябе ў “асаблівай чуйнасці творцы да адных бакоў свету і нечуллівасці да іншых”. Жыццё творчага чалавека напоўнена буднямі, звычаямі і выпадковасцямі. Таму заўсёды не вядома да канца, як з быццам звычайных падзей складваецца скарб творчага памкнення. І немагчыма дакладна вылучыць і назваць той момант, калі пісаць сонца стала мэтай. Відаць, спачатку мэтай несвядомай: прагай сэрца. Ідэя “Хады па сонцы” вылілася са шматлікіх назіранняў за святлом у рэальным жыцці. Магчыма, пачыналася яно з суб’ектыўнага адчування адказу на пытанне: “Адкуль пачынаецца сонца?” З самога сонца: з яго паверхні, даступнай нашаму зроку? Не, не толькі. Сонца пачынаецца з-пад ног…

/i/content/pi/cult/428/8843/9-1.jpeg


Г.Конанава. "Хада па сонцы".

А яшчэ пачыналася з абвостранай чуйнасці-бачання: заўсёды, калі фізічнае сонца асвятляла зямлю, яна ператваралася ў “белую дарогу” — і рабілася на зямлі, як на небе. Святло вакол нас адкрывалася як маўклівая самадастатковая праява Духу — відавочная і схаваная за звычайнасць ды штодзённасць. Невыпадкова вобраз удакладніўся, набываючы шматграннасць, пад час і пасля паездкі па запрашэнні на пленэр у Кіеў у 2011 годзе. Вялікія прасторы ландшафтаў Кіева-Пячэрскай лаўры, залітыя сонечным святлом і “залітыя” духам гэтага сакральнага месца, забіралі душу, вабілі да перманентнай хады, блукання, вандроўкі між сабораў, храмаў, сцен і дрэў, сярод даляглядаў як па дарожках, сцежках і шляхах Святла і Духу. Захапляе сам цуд святла пад крокамі чалавека, пераканаўча рэальны — з аднаго боку, і сэнс духоўнага святла, што адсылае нас да евангельскага цуду хаджэння па водах, — з іншага. Магчыма, гэта адчувалася і напрошвалася да ўсведамлення раней, на пленэры ў Чарнагорскім манастыры. Аднак ці толькі ў святых мясцінах Святло неаддзельнае ад Духу?

Нечакана тое, што святланоснасць дарог часта ўзмацняецца менавіта ў гарадскім пейзажы, дзе абавязковая наяўнасць асфальту ці пліткі. Сукупнасць гладкіх урбаністычных паверхняў і сонца ствараюць цуданоснае асяроддзе для шпацыру — радаснага, натхнёнага, вясёлага, задумлівага, узнёсла-высокага, светла-адзінокага, шчымлівага, экзістэнцыяльнага. Адсюль узнікла тое, што тэма “хады па сонцы” — гэта складанае і зборнае паняцце. Серыя работ, прысвечаных “Хадзе…”, была створана ў Кіеве ў рамках пленэру “Кіеў вачыма маладых мастакоў краін Садружнасці”. На выстаўцы прапануецца аднайменны варыянт галоўнага твора серыі.

Экспазіцыя прадстаўляе палотны апошніх гадоў. І — адлюстроўвае мэтавую засяроджанасць аўтара на працы са святлом (у розных жанрах). Асноўная колькасць работ выканана ў тэхніцы алейнага жывапісу, а сэнсавую нагрузку ў раскрыцці тэмы нясуць кампазіцыйныя пейзажы і эцюды. У будучым плануецца раскрыццё тэмы падарожжа па свеце і хаджэння па святле ў серыі праектаў, дзе “хада па сонцы” — інтэнцыянальны канцэпт. Першы крок зроблены. Хадзем жа!..