Крэатыў пісьма

№ 21 (1095) 25.05.2013 - 31.05.2013 г

У сталічнай галерэі "Мастацтва” прайшла выстаўка жывапісных работ Віктара Каралёва, прымеркаваная да юбілею Майстра, якому сёлета спаўняецца 60. Сучасны творца, як і раней, застаецца прыхільнікам класічнага рэалістычнага жывапісу, заўзятым паслядоўнікам школы Шышкіна, Рэпіна, Крамскога.

Майстар не здраджвае самому сабе, сваім поглядам на мастацкую існасць. Не змяніліся і духоўныя каштоўнасці: значнае месца ён адводзіць не заўважным адразу воку з’явам у прыродзе, характэрнай пачуццёвасці і эмацыйнасці людзей, прыгажосці простых рэчаў. Усё гэта можна адчуць, хоць адзін раз паглядзеўшы на творы мастака з асаблівым крэатыўным падыходам да алейнага пісьма.

/i/content/pi/cult/428/8842/8-1.jpeg

В.Каралёў. "Вёска Нелідовічы".

Разнастайныя па жанры і часе стварэння работы ілюструюць свет самога творцы — усё тое, што яго атачае і хвалюе. Напрыклад, у пейзажах “Люты”, “Асінкі”, “Срэбны красавік”, “Сакавіцкі дзень”, “Хутка вясна”, “Восень” адчуваецца лёгкасць і святло, яны перадаюць кранальную абаяльнасць прыроды, цнатлівасць родных краявідаў. Не менш прыцягальныя і нацюрморты мастака. А партрэты блізкіх ды сучаснікаў увогуле прыводзяць да душэўнага супакаення.

Выяўленчыя сродкі Віктара Каралёва — разнастайныя: ён заўсёды імкнецца да балансу колеравых і танальных адносін, яго палотны насычаны паветрам, гармоніяй святла і ценю, але і не пазбаўлены відавочных эфектаў. Часцяком аўтар эксперыментуе і парушае традыцыі кампазіцыйнай пабудовы і праўдзівасці колераў, ужывае шматлікія тэхналагічныя прыёмы. Як кажа мастак, задні план можа быць напісаны пастозна, а пярэдні — заліты мякка, і гэта не будзе выклікаць дысанансу. Нашмат важней захаваць жывапісную фактуру, павінны адчувацца фарба, мазок, — гэта значыць, усё скіроўваецца на галоўнае: стварэнне вобраза прыроды, чалавека, нават навакольнага свету ў цэлым.

Ксенія РАЛІНСКАЯ, мастацтвазнаўца