Апакаліпсіс ізноў адмяняецца

№ 21 (1095) 25.05.2013 - 31.05.2013 г

Фестываль “Дах”: ад “Тахелеса” да Грушаўкі

Нашумелы некалі фестываль вярнуўся ў Мінск пасля трохгадовага перапынку. І можна было толькі гадаць, ці здолее ён адваяваць сваё ранейшае пачэснае месца на культурнай карце горада. Бо за гэтыя тры гады яна змянілася да непазнавальнасці, асабліва — той “фармальна нефармальны” сегмент, што прадстаўляе “Дах”. Раней такі фэст выклікаў здзіўленне ўжо самім фактам свайго існавання, збіраючы натоўпы “далучаных” і проста разявакаў, цяпер жа нейкія імпрэзы ладзяцца па некалькі на тыдзень, фрагментуючы аўтараў ды публіку на мноства дробных “тусовак”. Карацей, усё амаль як у звычайным еўрапейскім мегаполісе...

/i/content/pi/cult/428/8841/532905_446972192062858_opt.jpeg

Ды, вядома, зусім не з той прычыны дваццаты — юбілейны — фестываль рыфмаваўся ў загалоўку са словам “Крах” ды меў не менш “аптымістычны” дэвіз: “Напрыканцы канца...”. Зрэшты, змешчаны ўнутр двукосся пунктуацыйны знак абраны зусім не выпадкова: хто яго ведае, колькі будзе доўжыцца тое шматкроп’е?

Адметна і тое, што фэст вырашыў адмежавацца ад папулярнага тэрміна “сучаснае мастацтва”, замяніўшы яго ў афішы на загадкавыя “саверсізм і ігдрасілізм”. І паколькі “гугліць” гэтыя словы амаль бессэнсоўна, варта патлумачыць, што першае з іх у лексіконе хрысціянскіх місіянераў канца І тысячагоддзя азначала не што іншае, як сеянне “разумнага, добрага, вечнага”, а другое  — вытворнае ад Ігдрасіль, святога дрэва ў скандынаўскай міфалогіі, — сімвалізуе яднанне з мінулым.

/i/content/pi/cult/428/8841/2-1_opt.jpeg

Як патлумачылі “пракуратары” фестывалю Алесь Родзін і Зміцер Юркевіч, яго ідэя і сапраўды ўтрымлівае правакацыйны аптымізм: у той час як нейкія формы і праявы мастацкага жыцця чэзнуць ды знікаюць, дзесьці ў іншым месцы нараджаецца нешта новае...

У ліку такіх зніклых феноменаў — знакаміты берлінскі кунстхаўс “Тахелес”, у якім замест шыльды доўгі час вісеў банер “Беларускае сучаснае мастацтва”, — ці не адзінае месца ў свеце, дзе яно было прадстаўлена перманентна, у тым ліку і стараннямі шматлікіх “Дахаў”. Стартаваўшы ў Берліне, фестываль здолеў удала экспартаваць у Мінск атмасферу шалёнага кунстхаўса: Палац мастацтва, дзе раней ладзіўся “Дах”, пераўтвараўся ў татальную інсталяцыю-гезамткунствэрк, нейкі суцэльны працэсуальны суп, патрапіўшы ў які, глядач пачуваўся не дэгустатарам, але чарговым інгрэдыентам.

Цяпер ушчэнт расфарбаваны графіці будынак на Араненбургерштрасэ пустуе ў чаканні еўрарамонту. “Тахелес” стаў ахвярай джэнтрыфікацыі, амаль сінхронна з шэрагам іншых падобных адметнасцей нямецкай сталіцы — уключна нават з ладным кавалкам мура, ператвораным у знакамітую галерэю стрыт-арта!

/i/content/pi/cult/428/8841/dach_opt.jpeg

Таму дырэктару “Тахелеса” Марціну Райтару, які прывёз на “Дах” уласныя калажы, а таксама творы паплечнікаў, было лёгка пераканаць беларускіх калег у тым, што культурнае жыццё “там” насамрэч зусім не такое бясхмарнае, як многім падаецца тут. Увогуле, “сівая легенда” нямецкага андэграўнду аказалася інтэлігентным ды ветлым чалавекам, схільным, хутчэй, да філасофскай іроніі, чым да нейкіх імператыўных сцвярджэнняў. Мінск яму вельмі спадабаўся, як і ўбачанае ды пачутае на “Даху”.

Марцін Райтар запэўніў, што разам са стратай будынка “Тахелес” не спыніў свайго існавання, пераўвасобіўшыся ў своеасаблівую бяздомную здань, якая блукае па Еўропе. Прызямлілася яна і ў Мінску, аднак сёлетні фэст атрымаўся, хутчэй, настальгічнымі хаўтурамі па “бязбашным” кунстхаўсе, чым адраджэннем яго непаўторнай атмасферы. Тым больш, неабсяжны Палац мастацтва спрыяў гэтаму куды больш, чым камерны ды дагледжаны Музей сучаснага выяўленчага мастацтва, пад дахам якога і прайшоў гэты “Дах”.

Як вядома, найвялікшая выставачная зала “Тахелеса” цягам апошніх шасці-сямі гадоў была пераўтворана ў персанальны “музей-майстэрню” Алеся Родзіна, таму цалкам заканамерна, што і на “Даху” ягоныя творы занялі асноўную выставачную прастору. Прычым прадстаўлены былі не толькі “старыя хіты”, але і зусім новыя рэчы, у тым ліку і вялікія графічныя пачвары, што былі натхнёныя драматычнымі падзеямі ў “Тахелесе”. А прыйшоўшы ў музей увечары, можна было назіраць за тым, як мастак пасля працяглай паўзы кладзе на палатно мазок, які тут жа раствараецца ў фантасмагарычным павуцінні разнастайных вобразаў і дэталей. Чарговае экспазіцыйнае “ноу-хау” — дэманстрацыя карцін у скрутках. Інтрыгуе, што ні кажы.

/i/content/pi/cult/428/8841/21194_1020114294899950_opt.jpeg

Зрэшты, водар настальгіі ні ў якім разе не стаў дамінантным у букеце. Новы фармат, прадвызначаны самой пляцоўкай, прадугледжваў скарачэнне праграмы фестывалю, і арганізатары, да іх гонару, зрабілі гэта, мусіць, найлепшым чынам: на карысць самых “нефарматных” мастацкіх з’яў. Дыскатэк і рок-канцэртаў у экспазіцыйнай прасторы сёлета не было, дый хіба імі ўжо каго ў нас здзівіш? Былі авангардны джаз, эксперыментальная электронная музыка, мастацтва перформансу, крыху пластычнага тэатра, літаратурна-музычны хэпенінг, паказы маладога кіно... Ва ўсім гэтым адчувалася лёгкая рука куратара: выцягнуць на святло тыя феномены, якія пакуль не прысутнічаюць у паўсядзённым культурным жыцці Мінска, але пры гэтым здатныя ўтварыць нейкае іншае яго вымярэнне. Здаецца, атрымалася.

Праграма беларускага перформансу запомнілася не толькі вытанчанай візуальнай паэзіяй Віктара Пятрова ды Юрася Барысевіча, але і “камбэкам” у гэтай іпастасі Змітра Вішнёва. Назіраючы за тым, як ён ізноў разгрызае сырыя яйкі ды кладзецца ў труну, нібыта маладзееш гадоў на -наццаць. Тэхнічныя супрацоўнікі музея зноў нерваваліся, не прасякнуўшыся здаровым дадаістычным імпэтам.

Апрача беларускіх “творчых сіл”, ультрабюджэтны фестываль, які прынцыпова абыходзіцца без спонсарскай дапамогі, здолеў сабраць і нямала размаітых гасцей: гэта і каларытныя амерыканскія індзі-рокеры (праездам), і ўкраінскія паэткі, і “чумнае кабарэ” з Калінінграда, і самабытны літоўскі дарк-эмбіент “Sovijus”, і карыфей джазавай імправізацыі з Львова Юрый Ярамчук. Усё — свежанькае, проста з печкі! Такі спіс нібыта нагадвае, што Мінск знаходзіцца на “ружы вятроў” (адусюль — блізка), і геаграфічны фактар можа мець самы непасрэдны ўплыў на культурнае жыццё.

Вытрымаць трохтыднёвы фестывальны марафон было няпроста, але публіка не стамлялася. Таму супрацоўніцтва музея і фестывалю аказалася надзвычай плённым, а можа, і перспектыўным. Калі гэтая пляцоўка будзе па-ранейшаму спраўджваць сваю рэпутацыю “месца, дзе нешта адбываецца”, зрабіўшы такія вечаровыя імпрэзы рэгулярнымі, не варта сумнявацца ў тым, што іх запатрабаванасць будзе расці ў арыфметычнай прагрэсіі.

Цікава, што поруч з нестандартнымі праявамі сучаснай культуры сваё трывалае месца пад “Дахам” знайшоў і гісторыка-культурны складнік. Гэтым разам ён толькі павялічыўся: па традыцыі, быў аўтэнтычны фальклор, была імпрэза, прысвечаная пошукам радаводу, была міні-выстаўка мастацкага фота занядбаных сядзіб (яна, дарэчы, магла б стаць і больш прадстаўнічай, асабліва калі ўлічыць цяперашнюю папулярнасць такіх аб’ектаў сярод фотамастакоў), быў вечар памяці Тадэвуша Рэйтана ў гонар 240-годдзя ягонага подзвігу...

На жаль, канцэптуальна спалучыць гэтыя два складнікі — сучасны і гістарычны — пакуль не надта атрымалася, за выключэннем хіба інсталяцыі Змітра Юркевіча, якая выдатна ўпісалася ў мемарыяльную экспазіцыю, прысвечаную Рэйтану. Зрэшты, цалкам магчыма, што наступным разам такі сімбіёз удасца: чарговы “Дах” арганізатары плануюць правесці непасрэдна ў котлішчы згаданага роду — закінутай сядзібе ў Грушаўцы. І гэта будзе сапраўды нейкі новы “павеў”.

На здымках: моманты імпрэз фестывалю.

Фота аўтара і Музея сучаснага выяўленчага мастацтва