Еўропа ў цэнтры Беларусі

№ 21 (1095) 25.05.2013 - 31.05.2013 г

P.S. да “Муз Нясвіжа-2013”

Рэспубліканскі фестываль камернай музыкі “Музы Нясвіжа”, народжаны ініцыятывай Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі на чале з народным артыстам краіны, прафесарам Міхаілам Фінбергам, сёлета — 18-ы па ліку. Якім жа стала яго паўналецце?

За гады існавання фестываль, падтрыманы Міністэрствам культуры Беларусі, Мінскім аблвыканкамам і Нясвіжскім райвыканкамам, назапасіў шмат добрых традыцый, выпрацаваў трывалую паслядоўнасць падзей, якія маюць адбыцца, як кажуць, пры любым надвор’і. Так, штогод першы фестывальны дзень бывае азораны музай тэатра Мельпаменай. Сёлета пад яе аховай прайшоў спектакль Аляксея Дударава “Бог ёсць любоў” у пастаноўцы Заслужанага аматарскага калектыву “Тэатр імя Уршулі Радзівіл” Нясвіжскага цэнтра культуры і адпачынку. Жывапіс, паводле традыцыі, быў прадстаўлены выстаўкай твораў выхаванцаў студыі Святланы Купрыянавай з Мазыра. А яшчэ — адметнай эксклюзіўнай работай нясвіжскай мастачкі Марыны Канавалавай. Колькі гадоў таму яна зрабіла сукенку ў стылі батык з выявай Нясвіжскага замка — і падарыла тую сукенку пастаяннай вядучай канцэртных праграм, доктару мастацтвазнаўства, прафесару Вользе Дадзіёмавай, нядаўна ўзнагароджанай медалём Францыска Скарыны. Менавіта ў гэтым сцэнічным строі тая вяла канцэрт “Вяртанні ў Нясвіжскі замак: Радзівілы і музычны свет”, што адбыўся ў трэці фестывальны дзень у самім палацы.

— Старадаўнюю беларускую музыку, — заўважыла Вольга Дадзіёмава, — доўгі час не прызнавалі за нашу нацыянальную спадчыну, бо не знаходзілі ў ёй этнаграфічных элементаў. Але тая ж нясвіжская архітэктура таксама іх не ўтрымлівае, і нікому не прыходзіць у галаву, што, да прыкладу, дах замка павінен быць саламяным, як у некаторых сялянскіх пабудовах. Калі ж музыка, якая гучала ў палацы ды яго наваколлі, вярнулася, нарэшце, у замкавае атачэнне, усе адразу адчулі адзінства гэтай мастацкай прасторы. Стала канчаткова зразумела тое, пра што заўсёды казалі навукоўцы: беларуская шляхецкая культура — такая ж частка нашай нацыянальнай спадчыны, як і культура сялянская, пазначаная фальклорнымі адмецінамі. А ўласна нясвіжская аўра — яшчэ і з выразным жаночым абліччам, бо ўнёсак, зроблены той жа Уршуляй Радзівіл, папраўдзе неацэнны. Дый опера Яна Давіда Голанда, напісаная і пастаўленая тут у 1786 годзе, насіла жаночае імя — “Агатка…”. І ў сёлетняй навуковай канферэнцыі “Мастацкая спадчына Нясвіжа: новыя даследаванні” бралі ўдзел ледзь не адно жанчыны…

Як заўсёды, вынікі чарговых навуковых высноў былі занатаваны ў зборніку “Шляхам пошукаў і адкрыццяў”, прэзентацыя якога адбылася ў час канферэнцыі. Асаблівую цікавасць выклікае ў ім артыкул Вольгі Бажэнавай, прысвечаны побытавай культуры Радзівілаў. У галіне музыказнаўства адзначым першыя асэнсаванні творчай спадчыны кампазітара Мікалая Набокава — ураджэнца Любчы, стрыечнага брата знакамітага пісьменніка. Ну а тых, што цікавіцца нашай музычнай гісторыяй усур’ёз, адсылаем да сайта Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі: там выкладзена новая кніга ўсё той жа Вольгі Дадзіёмавай “Гісторыя музычнай культуры Беларусі да ХХ стагоддзя”, што друкавалася накладам усяго ў… 100 асобнікаў. На жаль, ні да самой кнігі, ні да яе інтэрнэт-версіі не прыкладзены музычныя запісы. А між тым, адным толькі Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестрам зроблена столькі выдатных спраў па адраджэнні беларускай музычнай спадчыны, што хапіла б на цэлую аўдыяэнцыклапедыю. Бо тыя ж “Музы Нясвіжа” да свайго паўналецця рэканструявалі ўвесь гістарычны шлях, пройдзены нашай нацыянальнай культурай.

У чатырох канцэртах цяперашняга фестывалю, дзе ўдзельнічалі ўсе камерныя калектывы аркестра, гучала багата беларускіх твораў розных часоў — ад даўніны да сучаснасці. Але цэнтральная праграма ў Доме культуры была крыху незвычайнай: “Сусветныя мелодыі — у падарунак Нясвіжу”. Знакамітая формула “Беларусь у цэнтры Еўропы” быццам павярнулася сваім іншым бокам: “цэнтр” Еўропы (усё самае лепшае, што назапашана ў тамтэйшай музычнай культуры) можа і павінен быць у нас. А тым больш — у старадаўнім горадзе, які насіў статус Культурнай сталіцы нашай краіны 2012 года.

Гэтай формуле адпавядае і цяперашні стан развіцця турыстычных паслуг у Нясвіжы. Апошнім часам, як заўважылі на прэс-канферэнцыі прадстаўнікі аргкамітэта фестывалю, значна павялічылася колькасць турыстаў. Дый разнастайных музычна-тэатральных праектаў, якія ладзяцца ў замку, парку, ратушы, касцёле ды іншых аб’ектах, стала вельмі шмат. Ледзь не кожны тыдзень там адбываецца нешта цікавае, што прыцягвае дадатковую ўвагу наведвальнікаў. Застаецца толькі дадаць, што пачыналася ўсё гэта менавіта з “Муз Нясвіжа”. Бо Міхаіл Фінберг пачаў ладзіць гэты праект, які стаўся штуршком для ўсіх далейшых мастацкіх імпрэз, яшчэ ў тыя гады, калі ў палацы змяшчаўся санаторый. Таму за гады існавання фестывалю тут была выхавана адпаведная публіка. Як не стамляецца заўважаць маэстра, выраслі ўжо дзеці тых, хто калісьці сам школьнікам прыходзіў на гэтыя канцэрты. Дый сама назва горада стала асацыіравацца не толькі ўласна з замкам, але і з усім культурным асяроддзем мінуўшчыны ды сучаснасці…

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"