Выбуховы “…Леанарда”

№ 21 (1095) 25.05.2013 - 31.05.2013 г

Што значыць быць “правільным”?

Я пішу пра спектакль, які нарадзіўся, меў некалькі паказаў не толькі ў сябе на Радзіме, але і за мяжой. Але ён яшчэ абсалютна не вядомы шырокай публіцы, тэатральнай грамадскасці. І — пакуль не заяўлены ў афішы Коласаўскага тэатра. Мабыць, таму, што новая Малая сцэна, для паказаў на якой спектакль падрыхтаваны, яшчэ не адкрылася. Знаёмству з пастаноўкай вельмі вузкага кола гледачоў папярэднічаў вялікі піяр у Інтэрнэце. Усё гэта падрыхтавала адпаведны грунт для далейшай ацэнкі спектакля.

П’есу пад назвай “Як наконт Леанарда?” напісаў сучасны славенскі драматург Эвальд Флізар. З драматургіяй гэтай краіны беларускі глядач амаль не знаёмы. Здаецца, толькі на пачатку 1980-х гадоў на Купалаўскай сцэне была ажыццёўлена пастаноўка спектакля “Зоркі вечныя” паводле п’есы тамтэйшага аўтара М.Бора пра падзеі Другой сусветнай вайны. І вось — новая сустрэча. Паставіў спектакль менавіта да Фестывалю славенскай драматургіі, які праходзіў у красавіку ў горадзе Крань (Славенія), малады беларускі рэжысёр Аляксандр Марчанка (гэта яго дэбют на Коласаўскай сцэне). Новая работа калектыву абсалютна адрозніваецца ад усяго таго, што давялося бачыць у гэтым тэатры цягам апошніх гадоў пасля сыходу з пасады мастацкага кіраўніка Віталя Баркоўскага, які імкнуўся прывіць акадэмічнаму тэатру больш сучасную актуалізаваную эстэтыку, стылістыку, з улікам тых зрухаў, што адбываліся ў еўрапейскім тэатры ў апошнія дзесяцігоддзі. Потым быў кароткі і малапаспяховы, за выключэннем асобных спектакляў, перыяд жыцця тэатра, які, у прынцыпе, нічым не адрозніваўся ад іншых абласных сцэнічных калектываў, што будуюць свой рэпертуар збольшага на камерцыйнай аснове. Калі “Леанарда?” акажацца не адзінкавым станоўчым досведам, а пацягне за сабой ланцуг спектакляў такога кшталту, у перспектыве можам казаць пра творчы, эстэтычны прарыў.

У многім поспех пастаноўкі — пакуль што ў вузкага кола гледачоў  — вызначыла адметная драматургія. П’еса пра небяспеку страты чалавекам асабістай свабоды, бязглуздае падпарадкаванне сацыяльным стандартам, стэрэатыпам, якія ў сваёй гіпертрафаванай якасці здольныя ператварыць асобу ў робата. Калі за людзей, “нашпігаваных” маральнымі, фізічнымі комплексамі, эмоцыямі, духоўнымі рэфлексіямі, унутранымі супярэчнасцямі, усё будзе вырашаць нейкая адна звышразумная галава, то і звышдэмакратычнае грамадства здольнае ператварыцца ў такое, дзе разумовыя здольнасці, пачуцці, маральны выбар, увогуле непадобнасць адной асобы да натоўпу — нават небяспечныя для супольнасці.

/i/content/pi/cult/428/8839/7-3.jpeg

Але звернемся спачатку да сюжэта. Дзея п’есы і спектакля разгортваецца ў клініцы для… Вось тут у гледача адразу ж узнікаюць сумненні. Здаецца, установа нагадвае псіхіятрычную бальніцу, але паступова заўважаеш, што яе пацыенты — не зусім псіхічнахворыя, і ўжо ніяк не вар’яты. Усе іхнія адхіленні маюць фізіялагічнае паходжанне. Пацыент клінікі Містар Марцін (акцёр Максім Каржыцкі) — колішні гаспадар крамы далікатэсаў, не знайшоўшы сябе ў рэчаіснасці, прымае “заказы” ва ўяўнай краме, іншых “хворых” ці медперсанал прымае за розных асоб са свайго мінулага ці разбэрсанага ўяўлення. Пацыентцы Рэбецы (актрыса Ніна Обухава) уласціва нязграбнасць рухаў, яна ніколі не апранаецца “правільна”, а хутчэй, шыварат-навыварат. Але дзіўна тое, што калі Рэбека пачынае танчыць, яна становіцца абсалютна “нармальным”, зграбным чалавекам. Яшчэ адзін прадстаўнік “насельніцтва” клінікі — Прафесар Каруза (Яўген Бераснеў), верагодней за усё, аўтыст. Ён лічыць усе прадметы, што бачыць, кажа, які дзень будзе і ў якім годзе. А яшчэ — вельмі любіць оперу. Пацыент Нос (Андрэй Качан) — выключны выпадак “нюхальных” галюцынацый.

Ва ўстанове таксама жыве Крывы (Генадзь Гайдук) — былы артыст шэкспіраўскага тэатра, які сам пра сябе кажа, што ён — адзіны нармальны ў гэтай “вар’ятні”. І гэта ў пэўнай ступені — праўда. Ён не можа роўна стаяць, і для балансу яму надзяваюць адмысловыя акуляры з маятнікамі, гледзячы на якія ён выпростваецца. Апошняя ж пацыентка — Патыргуньчык (заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Тамара Скварцова), цікавы выпадак сіндрома Таўрэта, для якога характэрны маторны цік, а таксама рэзкія словы і лаянка. Яна заўжды прапануе насельнікам клінікі нейкі свежы анекдот, над якім сама ж, і толькі адна, смяецца. Яе асабліва ніхто не заўважае.

Сярод медыцынскага персаналу ў спектаклі — Доктар Хофман, па ягоных жа словах, ён не псіхіятр, а — неўролаг (заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Грушоў), і Медсястра (Анжаліка Баркоўская): гэтыя людзі вельмі прыязна і з павагай ставяцца да хворых. Усё змяняецца ў клініцы з прыходам Доктара Дэ Сільвы (Галіна Букаціна) — энергічнай амбіцыйнай жанчыны, якая спрабуе апрабіраваць на хворых свой медыцынскі эксперымент. Для яго ажыццяўлення яна найперш выбірае Марціна, які цягам часу пачаў авалодваць фенаменальнай памяццю. Пасля першай няўдалай спробы доктар вырашае зрабіць з яго звышчалавека, генія — яшчэ аднаго Леанарда...

А між тым, у Дэ Сільвы заканчваецца фінансаванне для далейшага эксперыменту з Марцінам, які цяпер называецца “Праект XXX”, і доктар звятаецца да свайго калегі, што мае вялікую падтрымку на самым “версе”. Робертс (Генадзь Лойка) — грубы, абмежаваны кар’ерыст, зацікаўлены ў сваіх мэтах і, найперш, у стварэнні звышробата. Ён бярэ Марціна пад сваё апякунства. Развязка падобнага тандэму даволі сумная…

Рэжысёру Аляксандру Марчанку ўдалося літаральна “ўзарваць” акцераў гэтым “выбуховым” матэрыялам. Кожны з выканаўцаў літаральна “ператварыўся” (дзякуючы ці то “актыўнай” рэжысуры, ці то моцнай драматургіі), працуе на “мяжы” сваіх унутраных псіхафізічных магчымасцей. Цяжка каго-небудзь асабліва вылучыць, але, вядома ж, “першая скрыпка” належыць Максіму Каржыцкаму (Марцін). Выканаўца дасягае трагічных вышынь.

Спектакль гранічна вытрыманы па рытме. Выразнае прасторавае рашэнне падтрымлівае мультымедыйная графіка (Андрэй Жыгур). Пульсуючыя касмічныя промні, пра якія распавядае і якія адчувае адзін з герояў спектакля, быццам падкрэсліваюць філасофскі ды мастацкі кантэкст апошняга. У пастаноўцы адсутнічае налёт правінцыйнасці, — гэта стылёва вытрыманы твор еўрапейскага ўзору. Мяркую, ён зможа годна прадставіць Беларусь тэатральную на самых прадстаўнічых міжнародных фестывалях.

Юрый ІВАНОЎСКІ

Віцебск

Фота Марыны КАТЛЯРОВАЙ