“Апіева дарога” — праз 15 гадоў

№ 21 (1095) 25.05.2013 - 31.05.2013 г

Шлях у прастору Часу праз кіно

Увосень на экраны выйдзе новы мастацкі фільм вядомага рэжысёра Уладзіміра АРЛОВА “Апіева дарога”. Гэта трэцяя ў гісторыі беларускага кінамастацтва стужка, літаратурны і рэжысёрскі сцэнарыі якой былі напісаны на беларускай мове (першыя дзве таксама пастаўлены ім). Карціна здымалася адразу на беларускай мове, акрамя перадфінальнай сцэны з удзелам літоўца, вялікага артыста Данатаса Баніёніса, што, вядома ж, была пераагучана. Наш карэспандэнт сустрэўся з рэжысёрам і папрасіў распавесці пра нядаўна скончаны фільм.

/i/content/pi/cult/428/8837/6-1.jpeg

— Уладзімір Аляксандравіч, пасля прэм’ернага паказу ў Тэатры кінаакцёра твайго выдатнага, не пабаюся гэтага слова, тэлесерыяла “Пракляты ўтульны дом” мінула акурат пятнаццаць гадоў...

— Так, сапраўды, яго прэзентацыя адбылася 28 мая 1998-га. За гэты час яго разоў мо пяць паказвалі па нашых тэлеканалах. А напрыканцы 2012-га фільм, акрамя Беларусі, па спадарожнікавым тэлебачанні паглядзелі ў краінах Еўропы. Мае сябры, у прыватнасці, бачылі яго ў Германіі ды Чарнагорыі. Ва Украіне і ў Расіі яго ўбачылі амаль шэсць мільёнаў гледачоў, у “мільённай” Эстоніі — трыста тысяч! Дасюль гучаць тэлефонныя званкі, атрымліваю лісты са словамі ўдзячнасці за гэтую працу. Прыемна, канешне ж… Дарэчы, гэтымі днямі на канале “Беларусь 3” штовечар — чарговы паказ “Праклятага ўтульнага дома”…

— Тым не менш, табе спатрэбілася пятнаццаць гадоў — даволі вялікі тэрмін!, — для таго, каб зняць чарговую мастацкую стужку. Так працаваў, да прыкладу, выдатны Майстар кінематографа, светлай памяці Аляксей Герман: ён доўга выношваў ідэі сваіх фільмаў…

— Дзякуй за параўнанне. За гэты, як ты кажаш, “вялікі тэрмін” я стварыў шмат дакументальных стужак: нешта — для “Белвідэацэнтра”, плённа супрацоўнічаў з “Майстэрняй Уладзіміра Бокуна”, што пастаўляе фільмы каналу “АНТ” у рамках праекта “Зваротны адлік”. Толькі ў мінулым годзе як сцэнарыст і рэжысёр з 43-х фільмаў гэтай студыі я зняў шэсць, што мелі і поспех, і станоўчыя водгукі прэсы, і адзнакі на міжнародных фестывалях. Скажам, дылогія “Лёс рэзідэнта. Аперацыя “Галівуд” і “Лёс рэзідэнта. Аперацыя “Еўропа”, па меркаванні кіназнаўцаў і гледачоў, была адзначана як лепшая стужка праекта ў 2012-м, а я — прызнаны лепшым рэжысёрам, і за гэта атрымаў ад шчодрых спонсараў вялікі тэлевізар. А 19 красавіка на конкурсе “Тэлевяршыня” гэты фільм быў прызнаны лепшым, і мяне ў Палацы Рэспублікі ўганаравалі нашай “Эммі” — прыгожая такая статуэтка…

— Што і казаць… Ведаю ж цябе яшчэ са школьнай лавы, калі мы вучыліся разам у школе № 7 дарагога нам абодвум Гродна, дзе ты арганізаваў першы ў Беларусі школьны джаз-ансамбль…

— Можа, забыўся, але галоўным лірычным вакалістам у тым калектыве быў ты!

— Дык вось, яшчэ тады я не меў сумневу ў тваіх здольнасцях сцэнарыста, рэжысёра, акцёра, пісьменніка, — увогуле энергічнага арганізатара ўсялякіх відовішчаў, тэатралізаваных і кінаакцый. Дык вось, пра мастацкі фільм “Апіева дарога”…

— Гэта трэцяя, заключная, навела трыпціха.

— Трэцяя… А першыя дзве?

— Сцэнарый гэтай часткі напісаны на славутага артыста, майго супрацаўніка і сябра, 88-гадовага Данатаса Баніёніса, у якога яшчэ не сыры “порах у парахаўніцах” і які з радасцю пагадзіўся здымацца ў мяне. Я пачаў здымкі менавіта з гэтай часткі, бо наступнай вясной Данатасу — 90: гэта вам не жартачкі!

— Я быў сведкам таго, як на “Лістападзе-98” ён сказаў, што з радасцю будзе здымацца ў кожным тваім фільме. Думаю, для любога артыста, а тым больш такога, як Баніёніс, які здымаўся ў Таркоўскага, Швейцара, Разанава, Вольфа, мэта — знайсці сваю ролю. І тут Данатас Юозавіч давяраецца табе. Так?

/i/content/pi/cult/428/8837/6-2.jpeg

— Як і я — яму. Над дзвюма першымі навеламі працуем: сцэнарый першай — гатовы, другой — у задуме. Яны складуць разам закончаны трыпціх, але існуюць і паасобку: там розныя эпохі, будуць іграць розныя артысты. Але яднае іх агульначалавечая ідэя: як знайсці дарогу да Храма?

— Апіева дарога — самая славутая ў антычным свеце… Яе праклалі па загадзе цэзара Апія Цэка ажно ў ІV стагоддзі да н. э. Вяла яна ад Рыма цераз Капую да Брундзізі. Славутая яна не толькі тым, што паабапал знаходзіліся дзясяткі помнікаў Антычнасці, а тым, што ўздоўж яе былі распяты тысячы паўстанцаў Спартака і — на крыжах — першыя хрысціяне.

— Для мяне галоўны — духоўны аспект. Паводле легенды, па ёй крочыў з Рыма Пётр — і тут сустрэў Хрыста. Пётр запытаў: “Domine quo vadis?” (“Камо грядеши, Господи?”) На што атрымаў адказ: “Іду туды, дзе я зноў буду распяты”. Тады Пётр вярнуўся ў Рым, дзе прыняў пакутніцкую смерць. Вось па такой умоўна-сімвалічнай дарозе і крочыць галоўны персанаж фільма ў пошуку Святой Ісціны…

— А як увогуле нарадзілася задума?

— Аднойчы ў хвіліны шчырасці ксёндз-пробашч Мінскага храма Святых Сымона і Алены, вядомага як Чырвоны касцёл, Уладзіслаў Завальнюк распавёў мне драматычную гісторыю свайго жыцця, якая мяне ўзрушыла і літаральна пазбавіла спакою. Нарадзіўся ён у вёсцы Жданава Вінніцкай вобласці ў сям’і сялян-каталікоў. Пасля школы паставіў мэту: стаць святаром. У 1960-я гады на абсягах СССР каталіцкія семінарыі былі ў Вільнюсе, — ён рыхтаваў кадры толькі на Літву, — і ў Рызе, дзе выхоўвалі святароў для ўсёй неабсяжнай краіны. І вось Завальнюк у Рызе — без ведання латышскай мовы і без прапіскі. Давялося два гады ўколваць там на “будоўлях камунізму” — каменшчыкам-бетоншчыкам. За той час атрымаў прапіску і вывучыў латышскую. Здаецца, ксёндз сёння можа размаўляць на мовах усіх, хто да яго прыязджае з Еўропы!.. У 1974-м кардынал Вайдас пасвяціў яго ў сан святара…

— Я ведаю, што пасля заканчэння семінарыі яго размеркавалі ў Малдову…

— Тады ў Малдаўскай ССР не было аніводнага святара, аніводнага касцёла. Каталікі маліліся ў капліцы на армянскіх могілках у Кішынёве. І малады энергічны Завальнюк з дапамогай вернікаў узвёў невялікі касцёл у адной з вёсак. Аднак, ледзь скончылася будоўля, туды ўлады наслалі бульдозераў, якія зруйнавалі святыню. Завальнюк вярнуўся ў Латвію, у Валміер. Але адтуль саслалі яго ў Казахстан, у голы стэп за 700 кіламетраў ад Кустаная. Снегу — у два чалавечыя росты… Ксёндз выкапаў зямлянку — і туды па прабітым у снезе тунэлі хадзілі маліцца ссыльныя і мясцовыя: хрысціяне, мусульмане, іудзеі. Неўтаймаванага ксяндза-ініцыятара ўпяклі ў псіхбальніцу. Ну а ў новыя часы ён працаваў у храмах Беларусі: у Мінску, Глыбокім, Чэрвені, Раўбічах. Урэшце — у Чырвоным касцёле, які бясконца рэстаўруе ды ўпрыгожвае. Ён — магістр тэалогіі, асоба энцыклапедычных ведаў, сябра Міжнароднай акадэміі тэалогіі. А як ён спяведае вернікаў! Яны пасля таго выходзяць ад яго з палёгкай, а ён — разбіты, змучаны, бо ўзяў да сваёй душы тое гора людское…

Карацей, даведаўшыся пра яго пакуты, я заключыў: “Ваша жыццё — матэрыял для мастацкага фільма!” Ён мне з усмешкай: “Пішыце, здымайце”. Як здолеў, пераказаў я тое лепшаму сцэнарысту Беларусі, майму паплечніку па двухсерыйным фільме “Запіскі Самсона Самасуя” і 33-серыйнай гістарычнай драме “Пракляты ўтульны дом” Уладзіміру Халіпу. “Загарэўся” і ён. Я арганізаваў аўтавандроўку, цягам якой ксёндз распавёў пра сваё жыццё сцэнарысту. І, як кажуць, “працэс пайшоў”. Прычым фільм — не дакладны жыццяпіс Завальнюка, а, хутчэй, асэнсаванне той няпростай, жорсткай эпохі, роздумы аб лёсе верніка і яго Веры ў прасторы Часу.

— Сцэнарый пісаўся на Баніёніса. Якая ж роля яму там адведзена?

— Да прэм’еры пераказваць не буду. Дарэчы, “маленькая” такая адбылася ў дзень майго нараджэння — 6 студзеня — для двухсот блізкіх таварышаў і сяброў. Скажу адно: гэта паказ трагічнай сітуацыі, якая ў краіне склалася ў адносінах улад да рэлігіі на стыку 1950-х і 60-х гадоў, калі ішла бязлітасная барацьба з “опіумам для народа”, калі святыні стаялі без святароў, і храмы не толькі зачынялі ды рабавалі, але і папросту знішчалі, як на пачатку 1930-х. На нашай з табой памяці ў любімым Гродне на Савецкай плошчы ў жнівеньскую ноч 1961-га ўзарвалі, размялі ў чырвоны пыл касцёл Прачыстай Маці Божай. Тады здавалася, што да Храма ніхто ўжо не імкнецца. Вось у такой сітуацыі 60-гадовага вясковага ксяндза (яго сыграў Валерый Агаян) і самога ўзяў сумнеў: а ці ёсць яшчэ ўвогуле ў людзей вера ў Бога? І, каб атрымаць адказ на пытанне, што робіцца са светам ды людзьмі і чаму знікае вера ў Бога, сівы ксёндз пехам і на папутках рушыць у Вільнюс, да свайго былога семінарскага настаўніка, які дажывае літаральна апошнія гадзіны жыцця на гэтым грэшным свеце.

— І вось тую ролю сыграў Баніёніс?

— Так. І сыграў моцна, кранальна, пранізліва! Ён і зараз, нягледзячы на ўзрост, з ёмістай памяццю, тэмпераментны, жыццелюбівы, мудры.

І ў сыгранай сцэне, і пасля, калі сядзелі з ім за чаркай нашай “Белавежскай”, ён запэўніваў мяне ў сваім вялікім таленце Акцёра і Чалавека. Ён быў так рады гэтай працы! Скардзіўся, што яго забылі, што літоўскага кінематографа амаль што няма… Зараз я заканчваю кнігу — працяг “Магіі белага экрана” — пад назвай “Магія шматкаляровага экрана”, дзе вялікі раздзел прысвечаны некаторым патаемным фактам біяграфіі Данатаса. Калі я пачуў ягоную споведзь, ускрыкнуў: “Што ж ты ў свой час не распавёў пра тое Жалакявічусу?!” Данатас уздыхнуў: “Нельга было ў тыя савецкія часы”. Дарэчы, у яго кінабіяграфіі — удзел у сямі беларускіх фільмах. Два з іх — у маёй пастаноўцы. Памятаеш, як сыграў ён кіраўніка паўстання 1863 года Альбромскага ў “Праклятым утульным доме”?

— Канешне! Я аднойчы задаў Баніёнісу пытанне: “У чым сэнс жыцця?”

— І што ён адказаў, цікава?

— Сказаў, што каб ведаў адказ, быў бы геніем, што нават такія гіганты думкі, як Шэкспір, Гётэ, Талстой, Чэхаў, упарта шукалі адказу на сакраментальнае пытанне, але так і не знайшлі. Разумею, што твой сівы ксёндз таксама шукаў на яго адказ у 90-гадовага настаўніка?

— Усё больш складана і драматычна: пасля візіту ксёндз імкнецца вярнуцца ў сваю парафію — касцёл мы здымалі ў Вішневе. Але яго перахоплівае старэнькая “хуткая дапамога” і асілкі ў белых халатах: святара забіраюць у “псіхушку”. Заканчваецца ж усё яго вяртаннем у свой храм пад гукі веснавых званоў…

— Хто яшчэ ўдзельнічаў у стварэнні фільма?

— Акцёры Мікалай Кірычэнка, Віктар Васільеў, Зінаіда Зубкова, выдатны мастак па касцюмах Ніна Гурло, кампазітар Галіна Гарэлава — памятаеш яе грандыёзную кантату “Anno mundo ardentis” на вершы паэтаў ХХ стагоддзя? “Легла” ў фільм песня “Дарога на Вільню” ў выкананні яе аўтара Зміцера Бартосіка. Мы ўжо атрымалі дазвол Дэпартамента па кінематаграфіі Міністэрства культуры на паўсюдную дэманстрацыю стужкі з правам удзелу ў фестывалях. Перад троххвіліннай уверцюрай Гарэлавай “Туманы” і цітрамі ідзе дакументальны пралог: 90-гадовы кардынал Яніс Пуятс, цяперашні прафесар Рыжскай семінарыі, а некалі таксама пакутнік за веру, узгадвае, як у 1960-я “дурыў галаву”, хлусіў партыйцам і “органам”, хаваючы таямніцу падпольнага друкавання малітоўнікаў. Камера ад’язджае — і мы бачым побач з ім яго былога вучня… так-так: Уладзіслава Завальнюка. Прафесар кажа на яго адрас цёплыя словы — і ўжо затым глядач нібыта “ўязджае” ў канву мастацкага фільма: дакументальны пралог, паводле задумы, надае сапраўднасці таму, што будзе паказана далей. Такі прыём выкарыстаем і ў малдаўскай, і ў казахстанскай навелах.

— Што ж, будзем чакаць прэм’еры “Апіевай дарогі”!..

Фота Уладзіміра Арлова зрабіў Юрый ІВАНОЎ

На другім здымку (злева направа) з пляцоўкі стужкі: Уладзімір Каспяровіч — аператар, Уладзімір Арлоў — рэжысёр-пастаноўшчык, Данатас Баніёніс — выканаўца ролі Кардынала, Валерый Агаян — выканаўца ролі Святара пасля здымак эпізода “У кардынала”.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"