У Клецкім доме культуры будзе ладзіцца конкурс дзіцячых танцавальных гуртоў “Мінская кадрыля”. Па словах метадыста Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці Алены Ляшкевіч, плануецца, што ў мерапрыемстве прымуць удзел сем гуртоў з Мінскай вобласці: “Валошкі” з Бярэзіншчыны, “Весялінка” з Барысаўшчыны, “Верабейкі” з Любаншчыны, “Ютрань” з Міханавіч Мінскага раёна, а таксама гурты з Дзяржынскага, Клецкага і Лагойскага раёнаў.
Адбудзецца і конкурс танцавальных пар для адбору ўдзельнікаў ад Міншчыны на Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва “Берагіня”, што пройдзе ў чэрвені 2014 года ў пасёлку Акцябрскі Гомельскай вобласці. Усе танцы — аўтэнтычныя: нумары створаны на аснове мясцовага фальклорнага матэрыялу. Магчыма, у рамках праграмы свята будуць ладзіцца майстар-класы па традыцыйных танцах.
На другой святочнай пляцоўцы, у паркавым амфітэатры, пройдзе конкурс дзіцячых фальклорных калектываў “Калыска талентаў” і конкурс па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Маладыя канкурсанты, якія займаюцца ў фальклорных калектывах раённых цэнтраў культуры, прадэманструюць свае поспехі ў выкананні народных танцаў і спеваў. На імправізаванай выстаўцы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва можна будзе палюбавацца вышыўкай, разьбой па дрэве, саломка- і лозапляценнем, валеннем, ткацтвам, батыкам.
Алена МАЧУЛЬСКАЯ, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ