Кожны асобнік — твор

№ 21 (1095) 25.05.2013 - 31.05.2013 г

Цягам трох дзён — з 22 па 24 мая — у сталіцы праходзілі ХІХ Міжнародныя Кірыла-Мяфодзіеўскія чытанні, прысвечаныя Дням славянскага пісьменства і культуры.

Арганізатарамі Чытанняў былі міністэрствы адукацыі і культуры РБ, Беларускі Экзархат Рускай Праваслаўнай Царквы, а таксама Інстытут тэалогіі імя святых Кірылы і Мяфодзія Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Тэма чытанняў — “Жыццё чалавека — дар Божы. Біяэтычныя праблемы сучаснасці ў святле хрысціянскага веравучэння” дазваляла ахапіць шырокае кола пытанняў — маральных, сацыяльных, культурных. Удзел у мерапрыемстве прымалі святары хрысціянскіх канфесій, навукоўцы розных спецыялізацый, выкладчыкі вышэйшай школы. Прасторай сумоўя сталі аўдыторыі згаданых навучальных устаноў і Нацыянальная бібліятэка Рэспублікі Беларусь, дзе ў зале адукацыйных тэхналогій адбыўся “круглы стол” “Полацкае Евангелле — першакніга беларускага народа”, спалучаны з прэзентацыяй факсімільнага выдання гэтага помніка пісьменства.

/i/content/pi/cult/428/8826/14-6.gif

Факсімільнае ўзнаўленне Полацкага Евангелля стала магчымым дзякуючы шматгадовай працы і плённаму супрацоўніцтву нацыянальных бібліятэк Беларусі і Расіі, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Выдавецтва Беларускага Экзархату. Выступаючы перад прысутнымі, выканаўчы дырэктар Выдавецтва Беларускага Экзархату Уладзімір Грозаў узгадаваў хвалюючыя моманты эпапеі стварэння факсіміле. Праца над гэтым праектам стала, на ягоную думку, узорам міжнароднай кааперацыі для культурнага паразумення. Бо тут былі і дапамога заходнееўрапейскага інвестара, і бескарыслівая праца расійскіх навукоўцаў, і самаадданасць беларускай выдавецкай каманды.

На сённяшні момант выдавецтвам здзейснены тры факсімільныя ўзнаўленні помнікаў нацыянальнага пісьменства, над чацвёртым ідзе праца. Усяго ж перспектыўны план прадугледжвае 29 пазіцый — 29 літаратурных помнікаў.

І яшчэ: кожны асобнік такога выдання па якасці можна параўнаць з аўтамабілем ручной зборкі. Кожны — твор мастацтва.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"