Пяцёрка пра Сеціва. І не толькі...

№ 20 (1094) 18.05.2013 - 24.05.2013 г

У рабоце Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур з этнічнымі супольнасцямі ў Беларусі і нашымі суайчыннікамі за мяжой усё часцей даводзіцца сутыкацца з сучаснымі тэхналогіямі, якія не толькі істотна ўплываюць на эфектыўнасць працы ўстановы, але і з’яўляюцца моцнымі папулярызатарамі культуры. Яскравы прыклад: пасля велізарнай папулярнасці песні “Gangnam Style” карэйскага выканаўца Пак Чэ Сана да нас, у Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур, звярнуліся дзясяткі чалавек з жаданнем вывучаць карэйскую мову.

Міхаіл РЫБАКОЎ, дырэктар Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур:

/i/content/pi/cult/427/8823/13-7.jpeg

1. Скайп

Праграма дазваляе хутка наладжваць зносіны ў рэжыме рэальнага часу і бачыць суразмоўцу, а правядзенне скайп-канферэнцый — гэта вельмі запатрабаваная навінка ў нашай працы. Так, зусім нядаўна армянская дыяспара ў Беларусі ўдзельнічала ў падобнага кшталту кантакце са сваімі землякамі з шасці краін у он-лайн-рэжыме, і ўсе маглі адначасова бачыць адно аднаго ды, вядома ж, пагутарыць. Адзіная складанасць — дамовіцца пра час сустрэчы і мець аплачаны доступ да рэсурсу он-лайн-канферэнцый.

2. Сацыяльныя сеткі

Дыяспары скарыстоўваюць іх для хуткага абмену інфармацыяй і навінамі. Гэты сродак больш актуальны для маладых прадстаўнікоў нацыянальных супольнасцей. Разам з тым, многія карыстаюцца сацыяльнымі сеткамі для хуткай сувязі з землякамі і знаёмымі.

3. Сайт

Гэта магчымасць дзяліцца вопытам, разнастайнай інфармацыяй і навінамі з многімі зацікаўленымі асобамі, асабліва з тымі, хто хоча быць у курсе тэматычных падзей. У перспектыве Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур плануе абнавіць уласную старонку да больш дынамічнага і інтэрактыўнага ўзроўню, выкладваць на ёй відэа-, аўдыя-, мультымедыйныя прэзентацыі, зрабіць свой электронны бюлетэнь з інтэрнэт-старонкамі нацыянальнасцей у Беларусі і суайчыннікаў замежжа. На абноўленым сайце, думаецца, будзе запатрабавана цікавая ідэя выкарыстання інтэрнэт-апытання наведвальнікаў сайта. Так можна вывучаць і ўлічваць у працы незалежныя меркаванні людзей па тым або іншым пытанні.

4. Фоташэрагі

У якасці навінак у працы Цэнтра мы пачалі выкарыстоўваць пры правядзенні прэс-канферэнцый мультымедыйныя прэзентацыі і фоташэрагі, што дазваляе разнастаіць выступленні ўдзельнікаў ды зрабіць іх больш яркімі і жывымі, цікавымі для журналістаў.

5. Лічба

Магчымасці лічбавага фота, відэа і аўдыя дазваляюць ствараць мультымедыйныя дыскі з разнастайнай інфармацыяй аб рэалізаваных праектах, што не толькі дазваляе захоўваць перадавы вопыт, але і дзяліцца ім з іншымі. Так, у Цэнтры, па выніках 2012 года, падрыхтаваны дыскі “Метадычныя матэрыялы для беларускіх суайчыннікаў за мяжой” і “Шматнацыянальная палітра Беларусі” для нацыянальных супольнасцей у нашай рэспубліцы. Паспяховасць праектаў дазваляе казаць пра магчымасць іх працягу.

Фота Юрыя ІВАНОВА