“Казіны ступеньчык” і “крываножка”

№ 20 (1094) 18.05.2013 - 24.05.2013 г

Валожыншчына: адрасы рамяства і носьбіты традыцый

Саматканыя паясы на Валожыншчыне яшчэ ў 20-я гады ХХ стагоддзя насілі як элемент будзённага і святочнага строяў. Яны выкарыстоўваліся ў сямейных (хрэсьбіны, вяселле, пахаванне) і некаторых каляндарных (Вербніца, Юр’я) абрадах.

Выраб паясоў тут адметны тэхналогіяй ткацтва “на ніту”, раней распаўсюджанай ва ўсёй Беларусі. Але менавіта ў Валожынскім раёне старажытная тэхналогія захавана носьбітам традыцыі Марыяй Мікалаеўнай Стасяловіч 1927 г. н., што жыве ў вёсцы Сакаўшчына. Жанчына — народны майстар Беларусі. Цікавы спосаб замацавання нітак пад час ткання: аснова не прывязваецца да нерухомага прадмета для нацяжэння, а замацоўваецца на дзвюх нагах ці на таліі і выцягнутай назе ткачыхі. Такім чынам, майстрыха можа ткаць у любых умовах (напрыклад, у полі). Таму ў Валожынскім раёне кажуць “ткаць на нагу”, або “ткаць на назе”.

/i/content/pi/cult/427/8822/12-4.jpeg

Удзельнікі "Ткачыкаў" .

Марыя Мікалаеўна пераняла майстэрства ад маці Вольгі Іосіфаўны Махінай 1900 г. н., якая жыла ў вёсцы Жомайдзь, і ад бабулі Ганны Губіч. Яны навучылі маленькую Марыю, як наснаваць пояс і выткаць самыя простыя карункі. Марыя Мікалаеўна называе наступныя арнаменты: “калодачка”, “казіны ступеньчык”, “ягадка”, “грабелька”, “жучок”, “ёлачка”, “вароняе вочка”, “пруцік”. Пасля “базавага курса” дзяўчаты часамі вучыліся адна ў адной, выдумлялі новыя арнаменты. Такім чынам з’явіліся “двайная грабелька”, “кілішак”, “капыцік”, “лукатка”, “гусіная лапка”, “несканчоны”, “рачок”, “крываножка”…

Перад нараджэннем дзіцяці ткалі спецыяльны пояс — “спавівік”: для дзяўчынкі — чырвоны ці ружовы, для хлопчыка — сіні ці зялёны. На заручынах маці маладой насыпала ў бутэльку жыта, абвязвала яе ручніком ці хусткай і абкручвала поясам крыж-накрыж, як дзіця. Свату на вяселлі завязвалі пояс паверх ручніка, праз правае плячо. Паясамі маладыя “выкуплівалі сабе месца” за вясельным сталом, упрыгожвалі шыю каню.

Валожыншчына па асаблівасцях традыцыйнай культуры з’яўляецца пераходнай зонай паміж двума гісторыка-этнаграфічнымі рэгіёнамі: Цэнтральнай Беларуссю і Панямоннем. У Валожынскім раёне сустракаюцца згадкі пра ўжыванне паясоў пад час пахавальнага абраду (каня, які вёз труну з нябожчыкам, вялі на поясе), што характэрна для традыцыйнай культуры Панямоння. Марыя Стасяловіч перадае звесткі, пачутыя ад сваёй бабулі: некалі кашулька і пояс, у якіх хрысцілі дзіця, захоўвалі аж да смерці чалавека і клалі з ім у труну.

Што да каляндарных абрадаў, то Марыя Мікалаеўна паведаміла аб выкарыстанні паясоў пад час зажынак і дажынак. Як было згадана вышэй, пояс дарыла маладуха свякрусе ў першы год замужжа, ідучы на жніво. Поясам абвязвалі зажыначны ці дажыначны сноп, які стаяў усю зіму ў хаце на покуці. Гэты сноп называлі “Гаспадар”…

Ужо ў сталым веку Марыя Мікалаеўна вяла дзіцячы гурток “Чароўныя паясы” ў Сакаўшчынскім сельскім доме культуры, вучыла вырабляць паясы аднавяскоўцаў. Майстэрства перанялі некаторыя работнікі клубных устаноў раёна. Цяпер “Чароўнымі паясамі” кіруе вучаніца Марыі Мікалаеўны — Наталля Хаванская. Да слова, Наталля Феліксаўна зацікавілася ткацтвам праз тое, што ейная дачка наведвала гурток Марыі Мікалаеўны і дома хвалілася маці сваім майстэрствам. Цяпер у “Чароўных паясах” займаюцца пераважна дзяўчаты-падлеткі. Некаторым з іх прывілі інтарэс да ткацтва ў сям’і: ткала бабуля, ці старэйшая сястра хадзіла ў гурток да Марыі Мікалаеўны. Некаторыя прыйшлі займацца “за кампанію”, з сяброўкамі. Яны пачынаюць з ткацтва “на нагу” самых простых, непераборных паясоў. Саткаўшы два-тры такія паяскі, пачынаюць асвойваць арнаменты, што атрымліваюцца ў выніку перабору нітак. Марыя Стасяловіч калі-нікалі наведвае гурткоўцаў пад час заняткаў, дае майстар-класы.

Хрысціна Лямбовіч, дырэктар Ракаўскага цэнтра фальклору, пераняла майстэрства ткацтва паясоў ад Марыі Мікалаеўны і цяпер кіруе дзіцячым гуртком “Ткачыкі”, які заснавала пры сваёй установе.

У 2010-м быў створаны пакой-музей пояса Валожынскага рэгіёна пры Сакаўшчынскім сельскім доме культуры. У экспазіцыі сабраны паясы майстроў Валожыншчыны. 3 красавіка 2013 года, на пасяджэнні Рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны, традыцыі ткацтва паясоў у Валожынскім раёне быў нададзены статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.

Алена ЛЯШКЕВІЧ, метадыст па этнаграфіі Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці

Фота аўтара