Днямі супрацоўнік Веткаўскага музея стараверства і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава Генадзь Лапацін выпусціў у адным з гомельскіх выдавецтваў кнігу “Ікона звалась Свячой. Абрад “Свяча” ў прасторы традыцыйнай культуры Гомельшчыны”. У кнізе сабраны разам, класіфікаваны ды інтэрпрэтаваны звесткі пра ўнікальны абрад, распаўсюджаны на Гомельскім і Магілёўскім Падняпроўі.
“Свяча”, як вядома, мае глыбокія карані, узыходзіць да язычніцкіх культаў, але цягам існавання натуральна ўключыла хрысціянскія ідэі. У такім цэласным і багатым на светапоглядныя алюзіі выглядзе абрад дайшоў да нашых дзён.
Генадзь Лапацін даследуе духоўную спадчыну Веткаўшчыны і Гомельшчыны не адзін дзясятак гадоў. Менавіта на падставе ўласных назіранняў ён кваліфікавана і даходліва вылучае структуру абраду, грунтоўна аналізуе яго сучасны стан, абгрунтоўвае значнасць і неабходнасць “Свячы” як свята.
“Каранямі “Свяча” ўзыходзіць да найстаражытнейшага культу свяшчэннага агню: спачатку — агню хатняга агменю, а потым агню хрысціянскага, — піша навуковец. — “Свячой” у большасці вёсак называюць ікону, што належыць усім жыхарам вёскі. Паводле абраду, яна цягам года знаходзіцца ў адным доме, каб праз год перайсці да іншага гаспадара. У рытуальны комплекс уваходзіць свечка, якая пераносіцца разам з іконай. А спачатку была толькі свечка...”
Вялікую каштоўнасць, як падаецца, маюць аўтэнтычныя запісы абраду, зробленыя пад час экспедыцый Генадзем Лапаціным і ягонымі калегамі — супрацоўнікамі Веткаўскага музея.