У суладнасці з прыродай

№ 49 (815) 08.12.2007 - 14.12.2007 г

Знакамітае выказванне вялікага прыродалюба і выдатнага пісьменніка Міхаіла Прышвіна: “Рыбе — вада, птушцы — паветра, зверу — лес, стэп, горы. А чалавеку патрэбна радзіма. І ахоўваць прыроду — значыць ахоўваць радзіму” ў дадзеным выпадку як нельга да месца. І хоць згаданыя словы не ўзяты ў якасці эпіграфа, тым не менш, беручы ў рукі гэтую кнігу, міжволі згадваеш іх. Не можаш не ўспамінаць, бо яна — не якая-небудзь, а “Чырвоная кніга ў казках і вершах”, што стала адным з чарговых значных і ўдала ажыццёўленых праектаў Рэдакцыйна-выдавецкай установы “Літаратура і Мастацтва”.

Дасведчаны чытач, безумоўна, памятае, што некалькі гадоў таму пад гэтай жа эгідай пабачыла свет “Чырвоная кніга ў казках і вершах беларускіх пісьменнікаў”, якая вельмі хутка стала бібліяграфічнай рэдкасцю. Гэткі ж шчаслівы лёс напаткаў і гэтую кнігу, што з’яўляецца працягам папярэдняй: яе ўжо амаль немагчыма набыць, а гэта сведчыць на карысць таго, наколькі актуальная яе праблематыка. Бацькі з задавальненнем купляюць “Чырвоную кнігу...” сваім дзецям, дзядулі і бабулі — унукам. Ахвотна замаўляюць яе і бібліятэкі: абодва выданні змяшчаюць у сабе мастацкія творы і выпушчаны на належным мастацкім і паліграфічным узроўні.
Над новай “Чырвонай кнігай...” (укладальнік — Раіса Баравікова) увішна пашчыравалі вядомыя нашы мастакі Мікалай Казлоў і Наталля Сустава. Чытач быццам увачавідкі бачыць тыя расліны, птушак, тых жывёлін, пра якіх ідзе гаворка ў вершах і казках. Тым больш, што тут жа прыводзіцца і дэталёвае апісанне кожнага са згаданых відаў. Але паколькі кніжка гэтая — не навуковая ці навукова-папулярная, ілюстрацыйны рад у ёй не абмяжоўваецца, так бы мовіць, прыкладным значэннем — змешчана і нямала малюнкаў, што адлюстроўваюць сюжэты, народжаныя ў творах фантазіяй іх аўтараў. Яны ж у дзіцячай літаратуры не навічкі, у пераважнай большасці маюць па некалькі кніг. Вось Віктар Гардзей, чые “дзіцячыя” вершы нават у дарослага чытача выклікаюць цікаўнасць і сюжэтамі, і іх мастацкім вырашэннем. Ён з тых паэтаў, якія тонка адчуваюць слова, належным чынам выкарыстоўваюць ягоныя семантычныя магчымасці, а гэта спрыяе і больш глыбокаму спасціжэнню хлопчыкамі і дзяўчынкамі роднай мовы.
Іншыя аўтары — Раіса Баравікова, Генадзь Аўласенка, Алесь Бадак, Анатоль Зэкаў, Уладзімір Мазго, Міхась Пазнякоў, Віктар Праўдзін, Людміла Рублеўская, Віктар Шніп — таксама прапанавалі такія творы, у якіх прысутнічае важкая думка выхаваўчага зместу, ненавязліва нагадваецца, як неабходна ашчадна ставіцца да прыроды, клопатна берагчы яе раслінны і жывёльны свет, асабліва тыя віды, што знаходзяцца на мяжы знішчэння.
Паспяхова асвойвае жанр так званай аўтарскай казкі Алена Масла. Чытаеш яе казкі “Самы лепшы грыб” і “Сава на царстве” і радуешся, наколькі хораша ўдаецца пісьменніцы ствараць яркія, запамінальныя вобразы, як лёгка яна будуе нечаканы сюжэт, што абуджае фантазію дзіцяці, прымушае яго глядзець на навакольны свет зацікаўленымі вачыма, а значыць — і пашыраць свой кругагляд.
Новая “Чырвоная кніга...” прысвечана Году дзіцяці, а ім, як вядома, быў аб’яўлены сёлетні, 2007-ы. Да “маленькага сябра” звяртаецца ў невялікай прадмове міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Лявонцій Харужык, які, у прыватнасці, піша: “... калі будзеш ісці па вуліцы — не ламай галінак дрэўца, калі побач з тваім домам завядуцца птушаняты — зрабі ім шпакоўню. Помні: ад цябе залежыць, ці ўбачаць наступныя пакаленні тую прыгажосць, якую бачыш ты, а таму жадаю, каб сэрца тваё было напоўнена святлом дабрыні, спагады і натхнення”.Зараз у РВУ “Літаратура і Мастацтва” ідзе праца над “Лясной кнігай у казках і вершах”. А ў творчых задумках — іншыя, не менш значныя выданні.
Не будзем забываць, што і сама прырода — гэта вялікая, да канца не прачытаная кніга. Як і будзем памятаць аб тым, што яна — наш дом. Сапраўдны ж гаспадар пастаянна рупіцца аб тым, каб у ягоным доме было цёпла і ўтульна. Згаданы выдавецкі праект і задуманы дзеля таго, каб дом прыроды стаяў трывала.

Алесь МАРЦІНОВІЧ