Рэпетыцыя Чэмпіянату

№ 20 (1094) 18.05.2013 - 24.05.2013 г

Звычайная саломка, ператвораная рукамі ўмельцаў у пышныя лілеі, ажурныя крэслы, сплеценыя з гнуткіх лазовых пруцікаў, тканыя паясы з мудрай сімволікай нашых продкаў, — гэтыя і яшчэ многія іншыя цудоўныя рэчы беларускіх майстроў змогуць убачыць госці Чэмпіянату свету па хакеі ў наступным годзе на Рэспубліканскім фестывалі народных рамёстваў «Вясновы букет». Сёлетняе ж свята пройдзе 25 мая ў Лошыцкім парку і, як мы паведамлялі раней, стане своеасаблівай генеральнай рэпетыцыяй.

Больш за 400 удзельнікаў з усіх куткоў краіны ўжо не першы год збяруцца разам у Мінску, каб прадэманстраваць сваё мастацтва. Тканыя, вязаныя, вышываныя рэчы, разнастайныя вырабы з бісеру, гліны, скуры, дрэва — каб агледзець усе міні-экспазіцыі, якія размесцяцца ў парку па рэгіянальным прынцыпе, пэўна, спатрэбіцца не адна гадзіна.

Галоўнай інтрыгай фестывалю стане традыцыйны конкурс сярод майстроў народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Удзельнікі павінны будуць не толькі як мага ярчэй прадставіць загадзя падрыхтаваныя вырабы, але і правесці майстар-клас, дзе яны прадэманструюць свае прыёмы выканання самых розных рэчаў і нават могуць навучыць ім усіх ахвотных.

Работы ацэніць спецыяльная экспертная камісія, якую прызначае аргкамітэт: Міністэрства культуры, Мінгарвыканкам і Беларускi саюз майстроў народнай творчасцi. Удзельнікам фестывалю важна не толькі прадэманстраваць свой мастацкі і тэхнічны ўзровень, якасць і дасканаласць работ, але і абавязкова прытрымлівацца народнага вопыту, традыцый, умела і з тактам інтэрпрэтуючы іх адпаведна сучаснаму ладу жыцця. У першую чаргу народным майстрам важна засведчыць, што і падобныя аўтэнтычныя матывы, нягледзячы на сённяшнія супертэхналогіі, па-ранейшаму займаюць важнае месца ў жыцці беларусаў.

Напрыканцы фестывалю журы назаве пераможцаў у намінацыях «Лепшая калекцыя выставачных работ фестывалю-кірмашу», «Пляценне з прыродных матэрыялаў (саломка, лаза, лыка)», «Мастацкая апрацоўка дрэва», «Ганчарства і гліняная пластыка», «Коўка», «Ткацтва і вышыўка», «Выцінанка», «Бісерапляценне» і іншых.

Ну а як жа на фестывалі народных промыслаў без традыцыйных беларускіх песень і танцаў! У гэтым годзе яго ўдзельнікаў і гасцей будуць забаўляць вакальны ансамбль «Гуляначка» з Дзяржынскага раёна, ансамбль «Каларыт» з Клецкага раёна, узорны ансамбль «Гулянок» са Смаргоні ды іншыя.

«Сёлетняе свята народнай мастацкай культуры стане «паказальным выступленнем» перад тым мерапрыемствам, якое пройдзе ў наступным годзе пад час Чэмпіянату свету па хакеі, — кажа старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасцi Яўген Сахута. — Пасля фестывалю можна ўжо будзе вырашыць, што неабходна змяніць, каб яшчэ больш зацікавіць гасцей краіны нашай аўтэнтычнай культурай».