Народны артыст з Мірa

№ 49 (815) 08.12.2007 - 14.12.2007 г

Адна з залаў Карэліцкага раённага краязнаўчага музея расказвае пра славутых людзей Карэліччыны — навукоўцаў, пісьменнікаў, артыстаў. Ёсць у экспазіцыі і матэрыялы, прысвечаныя Аляксандру Ільінскаму. У былым СССР ён быў удастоены самых высокіх званняў — народнага артыста краіны і рэспублікі. Падчас стварэння новай экспазіцыі “Зямля і людзі” музей атрымаў з Беларускага дзяржаўнага тэатра імя Я.Коласа, дзе працаваў А.Ільінскі, фотаздымкі артыста ў шматлікіх ролях. А потым падчас паездкі ў Мінск мне давялося сустрэцца з дачкою артыста Алай Аляксандраўнай. Гутарка з ёю дапамагла ўдакладніць некаторыя факты біяграфіі Ільінскага, больш поўна ўявіць сабе, якім цудоўным чалавекам быў гэты таленавіты артыст, чаму калегі называлі яго “сумленнем тэатра”, а сваю гарачую любоў да яго таленту безыменныя гледачы ў цяжкі і галодны 1944 год аднойчы выказалі тым, што прынеслі яму на кватэру цэлы кош кветак, пад якімі ляжалі прадукты.

 /i/content/pi/cult/140/881/Narodny-artyst.jpg
Аляксандр Канстанцінавіч Ільінскі нарадзіўся 29 кастрычніка (11 лістапада) 1903 года ў Міры ў сям’і святара. Праз некаторы час сям’я пераехала ў Мінск, дзе будучы акцёр вучыўся спачатку ў духоўным, а потым у політэхнічным вучылішчы. Яго сцэнічны шлях пачаўся ў 1919 г. у драматычнай секцыі Беларускай тэатральнай грамады, якая выступала ў Мінску ў “Беларускай хатцы”. Будучы народны артыст іграў на сцэне пад псеўданімам Лапаць-малодшы, выконваў маленькія ролі маладых людзей.
Праз год, калі ў Мінску адкрыўся Беларускі дзяржаўны драматычны тэатр, які стаў цэнтрам творчых сіл рэспублікі, гледачы ўбачылі Аляксандра Ільінскага на сцэне гэтага тэатра. У спектаклі “На дне” 18-гадовы акцёр выканаў ролю Алёшкі.У 1921 г. А.Ільінскі паступіў вучыцца ў Беларускую драматычную студыю, якая з-за недахопу выкладчыкаў акцёрскага майстэрства працавала ў Маскве. Акцёр Ц.Сяргейчык пазней успамінаў: “Мы, студэнты Беларускай дзяржаўнай драматычнай студыі, жылі тады ў вялікім фае кінатэатра “АРС” на Арбаце... Сярод нас ужо ў той час вылучаўся чарнявы, лёгкі і гнуткі, нібы гутаперчавы, малады хлапец Аляксандр Ільінскі. Ён чамусьці аблюбаваў сабе білетную касу, якая знаходзілася побач з фае. Там стаяў кароценькі ўслончык, маленькі столік, каля такога ж маленькага акенца, і вісела электрычная лямпачка. Ён часцяком жартаўліва казаў: “Жыву я з усімі выгодамі. Сплю, скурчыўшыся ў тры пагібелі, накрываюся дзіравым кажушком, затое магу чытаць кожную ноч да ачмурэння”. А чытаў ён сапраўды многа і з захапленнем”.
У 1926 г. А.Ільінскі быў накіраваны на працу ў Віцебск, дзе былыя студыйцы стварылі новы тэатр — Другі Беларускі дзяржаўны тэатр (БДТ-2), якому пазней будзе прысвоена імя Я.Коласа. Гэты тэатр і стаў лёсам артыста. У ім ён працаваў усё сваё астатняе жыццё, па праве займаючы становішча першага акцёра гэтага калектыву.
Першыя ролі А.Ільінскага ў БДТ-2 — Сысоя (“Каля тэрасы” М.Грамыкі), матроса Хваткіна (“Разлом” Б.Лаўранёва), англійскага генерала Мэкстана (“Горад вятроў” У.Кіршона) — сведчылі аб творчым росце маладога акцёра.
Шмат зрабіў А.Ільінскі для папулярызацыі беларускай драматургіі. Створаныя ім вобразы назаўсёды ўвайшлі ў скарбніцу нацыянальнай сцэны. Перад Вялікай Айчыннай вайной акцёр быў удастоены звання народнага артыста БССР. У красавіку 1941 года тэатр паставіў п’есу беларускага драматурга В.Вольскага “Несцерка”. Роля Несцеркі стала адной з самых цікавых і любімых гледачамі работ А.Ільінскага. Гэтым спектаклем тэатр пачаў сваё першае выступленне ва ўмовах ваеннага часу, калі быў эвакуіраваны ў Казахстан. У 1946 г. за ролю Несцеркі А.Ільінскі атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР.У маі 1941 года А.Ільінскі з трупай выехаў на гастролі ў Карэла-Фінскую ССР, выступаў у Выбаргу і Петразаводску. На 22 чэрвеня 1941 года былі запланаваны развітальныя спектаклі, але раніцай усе, што сабраліся ў зале, даведаліся аб пачатку вайны. З цяжкасцю калектыў вярнуўся ў Віцебск.Разам з іншымі артыстамі А.Ільінскі ўдзельнічаў у мерапрыемствах па ўмацаванні і абароне Віцебска. Калі вораг падышоў зусім блізка, тэатр быў эвакуіраваны ва Уральск. А.Ільінскі пачаў рыхтавацца да адкрыцця першага тэатральнага сезона ва ўмовах ваеннага часу. У п’есе “Сям’я Міхайлавых” У.Салаўёва ён выканаў ролю партызанскага правадыра Сямёна Міхайлава, у п’есе Л.Лявонава “Нашэсце” акцёр стварыў вобраз Фаюніна.
Восенню 1943 г. БДТ-2 пераехаў пад Маскву, у Арэхава-Зуева. У гэты складаны час А.Ільінскі ўзначальваў мастацкае кіраўніцтва тэатра. Ён не толькі ўдзельнічаў у патрыятычных спектаклях, але выступаў у шпіталях і перад байцамі, якія ехалі на фронт. Неаднаразова голас артыста можна было пачуць па партызанскім радыё, яго выступленні змяшчаліся і ў друку.
У кастрычніку 1944-га разам з тэатрам артыст вярнуўся ў Віцебск. У далейшым Ільінскі сыграў на сцэне тэатра імя Я.Коласа шмат новых роляў. Сярод іх трэба адзначыць ролі Хлестакова ў камедыі М.Гогаля “Рэвізор”, Рабінзона і Аркашкі Шчасліўцава ў п’есах А.Астроўскага “Беспасажніца” і “Лес”, Палонія ў трагедыі У.Шэкспіра “Гамлет”, Барона ў п’есе М.Горкага “На дне”, Тэўе ў спектаклі “Тэўе-малочнік” паводле Шолам-Алейхема.
Запомніліся гледачу і ролі дзеда Талаша (“У пушчах Палесся” Я.Коласа), Кручкова (“Пінская шляхта” В.Дуніна-Марцінкевіча), дзяка Бацяноўскага (“Навальніца будзе” паводле трылогіі “На ростанях” Я.Коласа), Пытляванага (“Пяюць жаваранкі”К.Крапівы), Моцкіна (“Выбачайце, калі ласка!” А.Макаёнка).
Апошнім значным творчым здзяйсненнем А.Ільінскага стала роля Гукана ў спектаклі “Сэрца на далоні” па рамане І.Шамякіна.У 1953 годзе А.Ільінскаму было прысвоена ганаровае званне народнага артыста СССР. За творчыя дасягненні на сцэне артыст быў узнагароджаны ордэнамі Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, “Знакам Пашаны” і медалямі.
Вялікі прыродны талент, самаадданая любоў да сваёй прафесіі, напружаная паўсядзённая праца дапамаглі А.Ільінскаму ўзняцца да вяршынь творчасці ў мастацтве. Усе, хто бачыў артыста на сцэне, адзначалі яго выключную абаяльнасць, вострае пачуццё гумару.
Здольнасць А.Ільінскага да творчай імправізацыі надавала кожнаму яго выступленню непаўторны характар.Уяўленне аб таленце артыста можа даць дакументальны фільм “Жыццё на сцэне”, створаны ў 1966 годзе, за год да смерці А.Ільінскага.
Удзячныя гледачы памятаюць таленавітага артыста. Адна з вуліц Віцебска носіць імя А.Ільінскага. На доме, дзе жыў артыст, устаноўлена мемарыяльная дошка. У Міры, на радзіме А.Ільінскага, на будынку Дома культуры таксама ёсць памятная дошка.
Але памяць павінна зберагацца найперш у сэрцах людзей, якія жывуць на зямлі, што дала беларускаму мастацтву гэты непаўторны талент.

Святлана КОШУР,
старшы навуковы супрацоўнік
Карэліцкага раённага краязнаўчага музея
На здымку: Аляксандр Ільінскі.
Фота з фондаў Карэліцка гараённага краязнаўчага музея.