Марафон у Польшчы

№ 20 (1094) 18.05.2013 - 24.05.2013 г

13 мая распачаліся надзвычай разгорнутыя і буйнамаштабныя Дні культуры Беларусі ў Польшчы, якія будуць доўжыцца больш як два месяцы.

У праграме — гастрольныя туры Беларускага дзяржаўнага ансамбля «Песняры», фальклорнага гурта «Купалінка», выступленне эстрадна-сімфанічнага аркестра БДУКіМ. У некалькіх гарадах пройдуць выстаўкі сучаснага выяўленчага мастацтва і графікі, у Батанічным садзе польскай сталіцы цягам двух дзён будзе працаваць выстаўка-прэзентацыя Мірскага і Нясвіжскага замкаў. Чакае прыхільнікаў беларускасці і святкаванне Купалля — з нашымі творчымі калектывамі.

Адкрываў жа ўрачыстасці Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Беларусі імя І.Жыновіча, канцэрт якога адбыўся ў Польскай нацыянальнай філармоніі ў Варшаве.

— Зала больш як на тысячу месцаў, — распавёў мастацкі кіраўнік аркестра «жыновічцаў», народны артыст Беларусі, прафесар Міхаіл Казінец, — была цалкам запоўнена. Мы вельмі хваляваліся, бо рэпетыцыя крыху затрымалася з тэхнічных прычын, і мы нават не паспявалі апрабаваць на новай сцэне ўсе творы. Але канцэрт прайшоў на ўздыме; з залы зыходзіла такая хваля цеплыні, такое гарачае захапленне, што гэта натхняла нас усё больш і больш! Мы падрыхтавалі, як заўсёды, складаную па выкананні, але вельмі разнастайную праграму.

Першае аддзяленне склала пераважна беларуская музыка. Гэта былі і апрацоўкі народных песень, і аўтарскія кампазіцыі розных жанраў, стыляў, кірункаў. Тут быў і пранікнёны, лірычна-адухоўлены «Спеў дуброў» Валерыя Іванова, і гуллівы «Крыжачок» Андрэя Мдзівані. Неафальклорны струмень быў прадстаўлены таксама творчасцю Аляксандра Крамко — і як кампазітара, і як выбітнага мультыінструменталіста. Сучасная акадэмічная традыцыя — віртуозным Канцэрціна Уладзіміра Кур’яна, што гучала летась на класічным «Еўрабачанні». Саліравала тая ж наша зорачка — Аляксандра Дзенісеня, а каларыт народнага аркестра ўнёс у гэты твор дадатковыя фарбы. Закранулі мы і рэпертуар мулявінскіх «Песняроў», і творчасць музыкантаў, якія ў роўнай меры могуць лічыцца і беларускімі, і польскімі: Станіслава Манюшкі, Чэслава Нэмэна. Напрыканцы першага аддзялення апладзіравалі так, што наша музыказнаўца Вольга Брылон, якая вяла канцэрт (дарэчы, і па-польску, і па-беларуску) была вымушана дадаткова супакоіць публіку: маўляў, працяг будзе пасля антракту.

Другое аддзяленне ўяўляла з сябе міжнародны блок: мы ўключылі ў яго лепшыя мелодыі народаў свету ў самых віртуозных апрацоўках. У зале знаходзіліся прадстаўнікі некалькіх пасольстваў, і гэты крок быў успрыняты яшчэ і як зварот да кожнага з іх. Дадам, што наш калектыў не ўпершыню выступаў у Польшчы: была паездка і ў 1970-я, і некалькі гадоў таму. Нас і раней сустракалі з цеплынёй і прыязнасцю, але цяперашні канцэрт прайшоў з нейкім асаблівым «драйвам», які немагчымы без самай зацікаўленай ды шчырай рэакцыі публікі. Трэба спадзявацца, такімі ж адметнымі будуць усе мерапрыемствы Дзён культуры. Мы — народы-суседзі, у нас — вялікія пласты агульнай гісторыі, і такое ўзаемаразуменне «занатавана» ўжо літаральна на генетычным узроўні. А мастацтва толькі падкрэслівае гэта…

P.S. Дадамо, што акурат сёння Міхаіл Казінец святкуе сваё 75-годдзе. «К» віншуе яго з юбілеем і зычыць далейшага творчага напалу, у тым ліку на ніве «музычнай дыпламатыі»!..

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"