Дваістая сутнасць віртуальнасці, або “Сільва” без Сільвы?

№ 20 (1094) 18.05.2013 - 24.05.2013 г

“Круглы стол” international

Сёлета кіраўнікі вядучых тэатраў блізкага і далёкага замежжа сабраліся на “круглы стол” у нашым Музычным. “Тэатр. Бізнес. Грамадства” — такой была яго тэма. Як аказалася, іх хвалююць не толькі тры праславутыя праблемы: грошы, грошы і грошы. Многія ідэі, выказаныя дзеячамі культуры з рознымі, часам супрацьлеглымі, поглядамі на стан сучаснага тэатра, былі б карыснымі і для іншых нашых творчых калектываў.


Білет у “тэатракіно”

Свярдлоўская філармонія, як высветлілася, апошнім часам удала распрацоўвае праект “Віртуальная зала”. Далучыўся да ноу-хау і Свярдлоўскі дзяржаўны тэатр музычнай камедыі, што летась ажно цягам месяца гастраляваў у нас. Сутнасць тамтэйшай “віртуальнасці” вельмі простая. Хтосьці нават скажа: маўляў, узгадалі “забытае старое”, пераклалі яго на новы лад. Так і ёсць! У даваенны ды пасляваенны час вельмі распаўсюджаны былі радыётрансляцыі з Вялікага тэатра Расіі. Яны ані не зніжалі ўвагі да тэатра, дзе аншлагі былі завядзёнкай, але рабілі даступным яго “слыхавое наведанне” для жыхароў самых аддаленых рэгіёнаў. У Екацярынбургу — прыблізна тое ж, толькі “з карцінкай”. Дзесьці ў сельскім клубе ці бібліятэцы, куды ніколі не даедзе “жывы тэатр” (а даедзе — дзе выступаць?), вывешваецца вялізны панэльны экран. І на яго праз вэбкамеры і высакахуткасны Інтэрнэт ідзе трансляцыя: адначасова — на пэўныя рэгіёны. Вядома, для ўсяго гэтага неабходна добрая апаратура. Але людзі набываюць білеты на такія прагляды, нават ажыятаж узнікае. Залы — паўнюткія, сапраўдныя аншлагі. А яшчэ гледачы дасылаюць заяўкі, якія спектаклі яны хацелі б убачыць. Падобная “тэхналогія” дазваляе рабіць і ўступнае слова перад праглядамі, суправаджаць паказы некаторымі каментарыямі і да т. п.

Што ж да Беларусі, дык у нас пакуль дзейнічае хіба праект “Канцэртная зала” на канале “Культура” Беларускага радыё. Зрэдку там можна пачуць прамыя трансляцыі, найперш — з самой студыі радыё, куды запрашаюцца выканаўцы і публіка. Акрамя таго, дэманструюцца лепшыя філарманічныя праграмы, якія папярэдне запісваюцца ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Яе дырэкцыя, дарэчы, даўно марыла ўстанавіць на плошчы перад уваходам экран і трансляваць на яго канцэрты: дзеля прыцягнення публікі і папулярызацыі музычнай класікі. Але чаму б не пераняць ды яшчэ і ўдасканаліць вопыт екацярынбуржцаў? Тут ёсць пра што задумацца і нашым тэатрам, і канцэртным арганізацыям. Падобныя “віртуальныя туры” маглі б праводзіцца не толькі ў межах рэспублікі, але і ў якасці абмену паміж тэатрамі розных краін. Да таго ж, яны маглі б не толькі выконваць асветніцкую функцыю, але і быць своеасаблівымі “пілотнымі выпускамі” напярэдадні далейшых паўнавартасных гастролей, бо давалі б дакладную карціну аб тым, якія спектаклі прыцягнуць большую ўвагу.

Вядома, праціўнікі “віртуальнасці” ёсць і будуць. Іх аргументы больш чым пераканаўчыя. Тэатр — жывое мастацтва, адзін і той жа спектакль штораз іграецца крыху іначай, па-новаму. Ніякая камера не ў стане перадаць усе тонкасці таго, што адбываецца на сцэне, і г. д. Не аспрэчваючы гэтыя цалкам справядлівыя сцвярджэнні, адзначым, што “віртуальныя паказы” — добрая альтэрнатыва выездам на непрыстасаваныя сцэны, дзе губляецца палова спектакля, а таксама ў вялікія залы з дрэннай акустыкай, дзе ўвогуле не бачна і не чутна.

Альтэрнатыва гэта і таннай антрэпрызе, якая больш за ўсё іншае губіць мастацтва ды любоў да яго. У тым жа Екацярынбургу штодзень пракатваецца больш як па дваццаць антрэпрызных спектакляў, пра якасць якіх лепш прамаўчаць. А гэта ж псуе густы! І адпужвае патэнцыйных аматараў.

Расіяне са смехам распавядалі, як аднойчы такая антрэпрыза паказвала пад фанаграму “Сільву”, дзе не было нават... галоўнай гераіні! На Беларусі гэтае “нашэсце” пакуль меньшае. Музычны тэатр, выкарыстоўваючы фанаграму, возіць па рэспубліцы некаторыя спектаклі. Але ж не класічную аперэту, бо ў гэтым жанры фанаграма недапушчальная і можа быць заменена хіба нейкай камернай апрацоўкай. А ёсць і той рэпертуар, які ніякім “апрацоўкам” не падлягае! У рэшце рэшт, “віртуальнасць” ніхто не разглядае як “замену” тэатра — наадварот, як яго дадатковую “рэкламу”: каб пасля відэапрагляду хацелася наведаць тэатр “жыўцом”, а не забыцца на яго на ўсё жыццё.

Эканоміка ці творчасць: хто каго?

Што пачатковае — эканоміка ці творчасць? Пытанне папраўдзе вечнае. У Расіі быў перыяд, калі культурай кіравала Міністэрства эканомікі. І ўсе адразу адчулі, як эканоміка пачала “душыць” творчыя парасткі, бо распаўсюджвала на творчасць — законы вытворчасці. Даходзіла нават да таго, што праводзіўся тэндар на... мастакоў і рэжысёраў: хто з іх прапануе больш танныя “паслугі” — танней паставіць той або іншы спектакль. Нас гэта абмінула, дый саму “сінанімічнасць” рынку і тэатра, якая ў Расіі апошнім часам стала даволі распаўсюджанай, у нас ніхто, бадай, не ўспрымае ўсур’ёз. Між тым, нашы суседзі з Прыбалтыкі, кіраўнікі Каўнаскага і Клайпедскага музычных тэатраў, лічаць, што рыначныя адносіны могуць і спрыяць крэатыўнасці, асабліва ва ўмовах маленькіх гарадоў, дзе колькасць патэнцыйных тэатраманаў куды ніжэйшая, чым у сталіцы. Бо рынак вымушае не толькі вырабіць “прадукт” і далей на ўсё забыцца, але і добра “ўпакаваць” свой мастацкі вынік, прыдумаць цікавую “абгортку”, рэкламу, знайсці адпаведнага спажыўца. Гэтыя два кампаненты — уласна мастацкі і “рэкламна-спажывецкі” — павінны паміж сабой і спаборнічаць, і гарманіраваць. Прыцягнуўшы тую ж моладзь мюзіклам, яе потым лягчэй “завабіць” і на оперу — асабліва калі абодва жанры ставяцца ў адным тэатры, на адной сцэне.

Усім вядомы варыянт — чаргаванне малабюджэтных і затратных спектакляў, што дае магчымасць на чымсьці зарабляць, а на чымсьці — траціць. У рэпертуары абавязкова павінны быць “хадавыя” назвы: тая ж “Прынцэса цырка” І.Кальмана прайшла ў Свярдлоўскім тэатры музкамедыі ўжо 350 разоў, колькасць паказаў плануюць давесці да тысячы, як гэта адбылося з “Прыгодамі Бураціна”, на рахунку якога — ужо 980 спектакляў. Для екацярынбуржцаў рынак ніяк не перашкаджае таму ж асветніцтву, бо праз “раскручаную” класіку, што ўжо сама па сабе карыстаецца попытам, лепш прывіваць любоў да прыгожага.

Шырока карыстаюцца там і разгалінаванай сістэмай зніжак, больш распаўсюджанай у нас хіба ў гандлі. Зніжкі, вядома, спалучаюць з разнастайнымі акцыямі. Да прыкладу, у Міжнародны дзень тэатра палову сумы плацілі тыя, хто прад’яўляў студэнцкі білет, пасведчанне супрацоўніка ВНУ ці пенсіянера. Пачалася і акцыя для будучых маладых: зніжкі атрымліваюць тыя, хто падаў заяву на рэгістрацыю шлюбу. Спектаклі для іх таксама падабраны адпаведныя — пра шчаслівае каханне. Між іншым, у гэтым ёсць і доўгатэрміновы разлік: для такіх сямейных пар любое далейшае наведанне тэатра будзе суправаджацца “вэлюмам” станоўчых эмоцый, звязаных з закаханасцю, а шчасце сцэнічных герояў стане праецыравацца на рэальнае жыццё. Усебаковыя выгоды!

Але, вядома, наведвальнасць і пэўныя тэмы, жанры спектакляў, неабходныя тэатру, не заўсёды супадаюць. Нават у вытворчасці ды гандлі: каб надалей мець прыбытак, спачатку трэба ўкласці грошы і ў саму прадукцыю ці яе “здабыванне”, і ў рэкламу. Музычны ж тэатр увогуле не можа існаваць без датацый. Расіяне, вывучыўшы вопыт такога буйнога бізнес-праекта, як Брадвей, даведаліся, што прыбытковым там аказваецца толькі кожны дзясяты спектакль. І гэта пры той вялікай канкурэнцыі між аўтарамі, што там існуе, бо для Брадвея кожны год пішуць па 10 — 15 мюзіклаў, а “купляюць” — толькі 2 — 3. Спонсары, укладаючы свае грошы, рызыкуюць. Але ў тым і сэнс, што гэткага “безрызыковага” бізнесу не існуе.

Разам з тым, і тэатр адчувае залежнасць, атрымліваючы грошы ад дзяржавы ці спонсара. Каб рабіць уласныя праекты, трэба быць эканамічна “аўтаномным”. Няўжо — замкнёнае кола, і выйсця няма? У Прыбалтыцы выпрацавалі “тактыку дыялога”, а не просьбаў ці патрабаванняў. Калі прадстаўнікоў улады і бізнес-колаў раз-пораз запрашаюць у тэатр, незаўважліва “адукоўваюць”, паказваючы спектаклі і знаёмячы з закуліснымі праблемамі, дык многія пытанні здымаюцца самі сабой, бо ініцыятыву па іх вырашэнні выказваюць госці.

Што ж да крытыкі, дык на глядацкі попыт, на думку кіраўніцтва многіх замежных тэатраў, яна часта ўплывае са знакам “наадварот”: чым горшая рэцэнзія — тым большая цікавасць публікі. Прывялі нават прыклад, як аднойчы нейкі расійскі крытык, які заўсёды знаходзіў недахопы, ухваліў прэм’еру — і цікавасць да яе знізілася, бо не было звыклай інтрыгі.

Уласны выраб ці ліцэнзія?

Адметнасць любога тэатра — у новых найменнях, якіх няма ў суседзяў. Працэнтныя суадносіны нацыянальных і замежных пастановак могуць быць рознымі, але напружаны пошук айчынных шэдэўраў уласцівы не толькі нам. Той жа Свярдлоўскі тэатр ледзь не штодзень атрымлівае прапановы ды гатовыя творы ад расійскіх кампазітараў. Але матэрыял, што называецца, пераважна “не фантан”. Наш тэатр апошнім часам таксама ўсё часцей “закідваецца” падобнымі расійскімі “п’ескамі з музыкай”. Удзельнікі “круглага стала” бачаць выйсце ў тым, каб замаўляць рэпертуарныя “разыначкі” самім. Працаваць разам з кампазітарамі, якія пішуць штосьці спецыяльна для іх тэатра. Купляць ліцэнзійную пастаноўку — таксама не панацэя, бо і такі спектакль можа быць асуджаны на правал: усё ў ім — тое ж самае, ажно да дробязей, а публіка — іншая. Да таго ж, там бывае надта многа патрабаванняў, якія суправаджаюцца пастаяннымі справаздачамі, любое адхіленне ад “прадугледжанай траекторыі” выклікае штрафныя санкцыі. Тут змог падзяліцца сваімі напрацоўкамі і наш Музычны тэатр, які многія пытанні вырашае праз адпаведнае пасольства. Дзякуючы такому плённаму супрацоўніцтву ў нас былі пастаўлены “Вясельны кірмаш” — як сумесны праект з Азербайджанам, “Вестсайдская гісторыя” — з ЗША.

Цікавым падаўся і вопыт Чэхіі. Музычны тэатр “Карлін” (Прага) яшчэ дзесяцігоддзе таму быў рэпертуарным, як і наш. Перайшоўшы на кантрактную сістэму ўзаемаадносін з артыстамі, усё роўна дбае пра нацыянальныя найменні, хаця знайсці сваіх добрых аўтараў — гэтак жа цяжка. Праўда, самы паспяховы чэшскі мюзікл (пастаўлены, дарэчы, запрошаным амерыканскім рэжысёрам) сабраў за 1995 — 98 гады 1 мільён 250 тысяч гледачоў, прытым што ў горадзе — усяго 10 мільёнаў жыхароў, уключаючы немаўлят і пенсіянераў. Больш звыклы варыянт — прэм’ера ідзе вельмі часта, сотня спектакляў за сезон. Усяго ж у рэпертуары — прыблізна сем спектакляў, лёс якіх цалкам залежыць ад попыту.

Музычны тэатр, як і любы іншы, не можа існаваць у беспаветранай прасторы. У нас гэта зразумелі, і ўжо другі год запар кіраўніцтва тэатра ладзіць творчы праект “Наталля Гайда запрашае”. Яго асаблівасць — не толькі ў шматлікіх запрошаных артыстах з розных краін, якія выступаюць поруч з нашымі (рыхтуючы, у тым ліку, сумесныя нумары), але і ў шырокім абмеркаванні набалелых праблем.

У адным удзельнікі “круглага стала” былі аднадушныя: прыярытэтны напрамак, па якім музычна-тэатральнаму мастацтву крочыць надалей, павінны вызначаць не густы гледачоў, а конкурсы ды фестывалі. Іх павінна быць як мага больш. І іхняя задача — падтрымка не толькі лепшых калектываў ды праектаў, не толькі самага дасканалага ды традыцыйнага, але і, найперш, пошукавага, эксперыментальнага, таго, што будзе рухаць мастацтва наперад, да новых гарызонтаў.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"