Брэнд роду

№ 20 (1094) 18.05.2013 - 24.05.2013 г

Ваньковічы: Валенцій, Мельхіёр, Эдвард

Серыя “Беларускі радавод” папоўнілася чарговым томам: гэта зборнік “Ваньковічы”. Кніга выйшла ў выдавецтве “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”.

/i/content/pi/cult/427/8802/14-3.jpeg

Род Ваньковічаў даў радзіме шмат слаўных імёнаў, але быць, так бы мовіць, стрыжнявой постаццю, “брэндам” роду выпала Валенцію Ванковічу — знанаму жывапісцу-рамантыку. У выяўленчым мастацтве Беларусі яму належыць роля, падобная да той, якую ў літаратуры адыграў Адам Міцкевіч. Нездарма творцы сябравалі.

Нарадзіўся Валенцій Ваньковіч на Бярэзіншчыне ў 1800 годзе, памёр у 1842-м у Парыжы. А майстэрняй і крыніцай натхнення для яго быў Мінск. Цяпер у мінскім доме Ваньковічаў — экспазіцыя культуры і мастацтва 1-й паловы ХІХ стагоддзя. Менавіта тут днямі адбылася прэзентацыя новай кнігі “Беларускага радаводу”.

/i/content/pi/cult/427/8802/14-4.gif

Вокладку кнігі ўпрыгожвае герб роду Ваньковічаў “Ліс”. Над артыкуламі зборніка працавалі супрацоўнікі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, філіяла -- “Дом Ваньковічаў”, Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, а таксама мастацтвазнаўцы ды гісторыкі Мінска і Масквы. Складальнікі зборніка пры падборы аўтараў кіраваліся не статусам навукоўцаў, а ўзроўнем іх дасведчанасці, таму тут змешчаны артыкулы і малодшых навуковых супрацоўнікаў, і дактароў навук. Усяго аўтараў — 17, артыкулаў — 29.

У кнізе распавядаецца пра радавод Ваньковічаў, а таксама пра найбольш яркіх прадстаўнікоў роду: гэта, зразумела, мастак Валенцій, журналіст і пісьменнік Мельхіёр, грамадскі дзеяч Эдвард Ваньковіч. Чытач знойдзе ў кнізе шмат цікавых звестак пра побыт і лад жыцця беларускай шляхты, пра архітэктуру сядзіб, якія належылі Ваньковічам. Асобна распавядаецца пра вяртанне слаўнага роду пасля дзесяцігоддзяў забыцця ў гістарычны абсяг і культурны кантэкст Беларусі. Ёсць у кнізе і ўрывак з аўтабіяграфічнага рамана Мельхіёра Ваньковіча (1892 — 1974 гг.) “Шчанюковыя гады”. Змест зборніка “Ваньковічы” адлюстроўвае знітаванасць шляхецкага роду з радаводам Айчыны.

Выданне багата ілюстравана. Прычым збольшага — матэрыяламі, што дагэтуль былі вядомыя толькі спецыялістам: гэта фатаграфіі з сямейных альбомаў Ваньковічаў і Вайніловічаў, фрагменты архіўных спраў, датычных роду Ваньковічаў, фотарэпрадукцыі тых твораў Валенція, якія не захаваліся.

На прэзентацыі зборніка слова бралі складальнікі і ўдзельнікі праекта, ганаровыя госці: Аляксандра Ваньковіч, якая прыехала са Злучаных Штатаў Амерыкі, і Гізэла Хмялеўская з Польшчы.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"