Ва ўзорах-карунках — майстрыхі душа

№ 49 (815) 08.12.2007 - 14.12.2007 г

Спадчына — набытак чалавецтва. Яна перадае тым, хто жыве сёння, вопыт, назапашаны не адным пакаленнем і не адным стагоддзем. Яна мае моц натхняць творчых людзей, і часам на яе аснове нараджаюцца творы, якія сваім хараством пераўзыходзяць першакрыніцы.

 /i/content/pi/cult/140/880/Karunki1.jpg
Так здарылася, што Ніна Пятроўна Шурак, працуючы інструктарам аддзела прапаганды Навагрудскага райкама партыі і займаючыся зборам экспанатаў для стварэння гісторыка-краязнаўчага музея Навагрудка, упершыню паспрабавала сама зрабіць выразанкі — фіранкі для кута сялянскай хаты 30-х гадоў ХХ ст. у музеі. Некалі дзяўчынкай яна бачыла, як выразае фіранкі матуля. Ды не толькі фіранкі — набожніцы, карункі на палічках упрыгожвалі пасля вайны ў святочныя дні і будні іх хату ў вёсцы Мілушава. Выразалі ўзоры ў тыя часы з белай паперы, са шпалераў, а часцей проста з газет (паўсядзённа ў буфет, на палічкі).
Ніна Пятроўна задумала зрабіць фіранкі і ручнік-набожнік з тоўстай паперы, каб надоўга іх хапіла. Але, склаўшы ў 4 столкі ліст ватмана, яна зразумела, што нажніцамі патрэбны малюнак не выражаш. І тады прыйшоў успамін: здаецца, матуля брала долата і выбівала на шпалерах ажурны ўзор. Так і быў вынайдзены свой асабісты спосаб рабіць выцінанку-выбіванку. Пазней старэйшая сястра Ніны Пятроўны расплюшчыла і натачыла ёй цвік, які стаў асноўным інструментам у творчасці майстрыхі. І застукаў малаток па цвіку, і пачалі стварацца на ромбападобным ажуры ўзоры букетаў, птушак, матылькоў.
На заслужаным адпачынку ў Ніны Пятроўны з’явілася больш часу, каб займацца творчасцю. Акрамя адметных выцінанак-выбіванак, яна вышывае двухбаковай гладдзю вельмі прыгожыя ручнікі, малюнкі для якіх стварае сама. Гляне майстрыха на ружу ці на рамонак і перанясе іх на палатно або паперу.
Шмат работ Ніны Пятроўны захоўваецца ў Навагрудскім гісторыка-краязнаўчым музеі і ў
 /i/content/pi/cult/140/880/Karunki2.jpg
раённым Цэнтры рамёстваў. Ёсць яе выбіванкі ў Гродзенскім музеі гісторыі рэлігіі і ў музеі Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці.
Асабліва цесна супрацоўнічае яна з нашым Навагрудскім раённым цэнтрам рамёстваў, прымае ўдзел у шматлікіх выстаўках. Ніна Шурак — лаўрэат ІІ Нацыянальнай выстаўкі народнага мастацтва“Жывыя крыніцы” (2006 г.), узнагароджана дыпломам прызёра Рэспубліканскага фестывалю-кірмашу рамёстваў “Вясновы букет” (2007 г.), дыпломамі ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама і Навагрудскага аддзела культуры.
Нядаўна майстрыха адзначала 75-гадовы юбілей. І з гэтай нагоды раённы Цэнтр рамёстваў наладзіў выстаўку яе работ “Узоры-карункі — майстрыхі душа” ў Домемузеі Адама Міцкевіча. Будзем спадзявацца, што творчасці і натхнення Ніне Пятроўне хопіць яшчэ не на адну выстаўку, а яе вопыт застанецца ў спадчыну маладым майстрам выцінанкі.

Наталля КЛІМКО,
дырэктар Навагрудскага раённага цэнтра рамёстваў
На здымках: Ніна Шурак і яе работы