Які ты, анёл?

№ 20 (1094) 18.05.2013 - 24.05.2013 г

Брэстчына: разнастайнасць жанраў

Чаму мы так любім святы? Можа, таму, што да іх вельмі прыемна рыхтавацца: прыдумляць добрыя віншаванні, з любоўю накрываць на стол, выбіраць падарункі. Але ёсць урачыстасці, якія патрабуюць не толькі знешніх атрыбутаў, але і асаблівага душэўнага настрою, нават духоўнага прасвятлення. Да такіх адносяцца двунадзесятыя святы на чале з Вялікаднем.

/i/content/pi/cult/427/8798/12-1.gif

У выставачнай зале Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра працуе выстаўка аўтарскіх калекцый сяброў абласнога клуба майстроў народнай творчасці “Скарб”. Назва мерапрыемства — “Арт-Анёл-2013”. Яго арганізатары імкнуліся адлюстраваць у мастацкіх творах здабыткі традыцыйнай народнай культуры. Але гэта тэорыя… На практыцы ж выстаўка суправаджаецца ўсім спектрам станоўчых эмоцый. А тэматыка мерапрыемства ахоплівае ўсе кірункі выяўленчага мастацтва, у прыватнасці — дэкаратыўна-прыкладнога.

Прадстаўлены такія анёлы, якімі ўяўляюць іх майстры Берасцейшчыны. Гэта выразныя карціны, пранікнёныя скульптуры, мудрагелістыя выцінанкі, вырабы з дрэва, гліны, паперы, тканіны, шкла ды воўны і многае-многае іншае, што адлюстроўвае тэму радасці, якая перапаўняе сэрца чалавека ў Вялікдзень.

У экспазіцыі — каля сотні работ трынаццаці майстроў… На першы погляд, нескладаны выраб Аляксандра Лазеркі адлюстроўвае моцнага і надзейнага анёла-ахоўніка. Просты кавалак дрэва пад разцом Ірыны Кушнярук задыхаў, загаварыў, ператварыўшыся ў цудоўнае пано.

У такой рэдкай на Брэстчыне тэхніцы, як валенне, высокае майстэрства прадэманстравала Наталля Глявацкая. Можна палюбавацца керамічнымі вырабамі Васіля Логвіна з Брэста і Васіля Савіча з Лунінеччыны. Эксклюзіўныя работы ў тэхніцы роспісу па шкле прапанавала Марыя Кулецкая з Пружанскага раёна, Людміла Гарашчук з Піншчыны парадавала празрыстым батыкам, незвычайныя творы ў тэхніцы выцінанкі прадставіла брастаўчанка Ніна Міхайлава, а анёлы з тканіны з’явіліся на выстаўцы дзякуючы Кацярыне Круцько з Баранавіч.

Наталля БЕРНАТ, загадчык інфармацыйна-аналітычнага і рэпертуарна-выдавецкага аддзела Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра