“Беларусь — гэта лепшае, што ў мяне ёсць на душы...”

№ 19 (1093) 11.05.2013 - 18.05.2013 г

Цяжкія шляхі і ростані Мікалая Пашкевіча, чый талент першым разгледзеў Казімір Малевіч

(Працяг. Пачатак у № 18 за 2013 г.)

…Такая пахвала, канешне ж, была спакуслівай для Мікалая, але штосьці яго насцярожвала: ягоная душа імкнулася да таго, каб навучыцца адлюстроўваць прадмет у прасторы, захоўваючы прапорцыі, максімальна набліжаныя да натуры. Ён проста не мог адмовіцца ад рэалістычнага ўспрымання ў малюнках тых жа дрэў ці каранёў. Акрамя таго, ён ведаў, што непадалёк жыў вучань Чысцякова і Рэпіна — Юрый Масеевіч Пэн, і вырашыў звярнуцца да яго па параду, бо той быў для Мікалая бясспрэчным аўтарытэтам. Пашкевіч пайшоў у майстэрню па вуліцы Гогалеўскай. Пэн, паглядзеўшы малюнкі юнака, сказаў, што з яго можа атрымацца добры жывапісец, але ён павінен больш вывучаць прыроду, рысаваць з натуры. Нагадаў, што малюнак з’яўляецца асновай выяўленчага мастацтва абсалютна для кожнага мастака. Менавіта гэтая сентэнцыя была вельмі важная для Пашкевіча, які ў той час, пад уплывам аўтарытэтнага і моцнага Малевіча, знаходзіўся на нейкім раздарожжы…

А потым прыйшоў іншы час. Педагагічная канцэпцыя Мастацка-практычнага інстытута з яго супрэматызмам і іншай “левізной” была адхілена рэалістамі старой акадэмічнай школы, і ў новаўтвораным Віцебскім мастацкім тэхнікуме, што знаходзіўся тады на вуліцы Валадарскага, з’явіліся новыя педагогі — поўныя процілегласці былым настаўнікам: К.Малевічу, Р.Фальку, В.Ермалаевай, Л.Лісіцкаму. Ну а студэнтам давялося забыць пра адлюстраванне прадметаў “знутры” і ўзяцца за руплівае вывучэнне вонкавай формы.

Так здарылася і з Пашкевічам, калі ён стаў студэнтам тэхнікума і правучыўся там у В.Волкава, М.Эндэ і У.Хрусталёва да 1929-га. Менавіта ў гэтым годзе ён, ужо выпускнік, пазнаёміўся з першакурснікам В.Цвіркам, аднагрупнікам сваёй будучай жонкі Галіны Дакальскай. А наогул, сярод яго таварышаў і сяброў па тэхнікуме — Р.Семашкевіч, І.Давідовіч, М.Манасзон, У.Сухаверхаў, Я.Зайцаў, П.Гаўрыленка, М.Даўгяла, В.Дзежыц, А.Бембель, А.Арлоў, А.Жораў — тыя, хто ў 1930-я на платформе сацыялістычнага рэалізму пачыналі будаваць новае беларускае выяўленчае мастацтва.

/i/content/pi/cult/426/8795/2-1.jpeg

Злева направа: Янка Купала, актрыса БДТ-1 Бірута Дакальская, Мікалай Пашкевіч

на беларускай выстаўцы ў Маскве. 1940 г.

Потым Пашкевіча чакаў Ленінградскі інстытут пралетарскага выяўленчага мастацтва. Менавіта гэтая ўстанова стала асновай для ўзнікнення так званай Ленінградскай школы жывапісу, бо ў гэты час горад на Няве аказаўся цэнтрам канцэнтрацыі выдатных мастацкіх сіл, месцам прыцягнення творчай таленавітай моладзі, якая імкнулася ў Паўночную Пальміру з усіх куткоў Савецкай краіны, у тым ліку — з Беларусі.

І ў гэтым сэнсе Ленінграду належыла ключавая роля. З першых крокаў школу адрозніваў дух дэмакратызму ў літаральным сэнсе слова. Яе выхаванцы прынеслі ў мастацтва пачуццё сапраўднай маральнай чысціні, веру ў чалавека і жаданне змяніць свет да лепшага. Самае цікавае, што па першых часах тут настаўнічалі асобы і “левых”, і “правых” поглядаў: ад Д.Штэрэнберга, А.Дрэвіна, У.Татліна да А.Савінава, В.Лішава, І.Бродскага, У.Канашэвіча да А.Рылова, К.Пятрова-Водкіна, А.Савінава, якія непасрэдна вучылі нашых беларусаў Мікалая Пашкевіча, Акіма Шаўчэнку і Мікалая Гусева. Дарэчы, побач, на скульптурным факультэце, займаўся і яшчэ адзін беларус — Андрэй Бембель, былы калега Пашкевіча па Віцебскім тэхнікуме. Трошкі пазней тут навучаліся будучыя народныя мастакі БССР Я.Зайцаў і Я.Чамадураў, а таксама А.Мазалёў.

Карацей кажучы, Пашкевіч атрымаў у гэтым інстытуце не толькі вельмі моцныя ўласна акадэмічныя веды, але і разуменне таго, што “рэалізм” — гэта не толькі дакладная ды “аб’ектыўная” фіксацыя рэчаіснасці “ў яе рэвалюцыйным развіцці”. Ён унутрана падспудна разумеў: рэалізм, хаця і мае межы разумнай канкрэтыкі, па самавыяўленні — бязмежны і заснаваны на глыбокай духоўнасці, самабытнасці ды філасофіі, часам вельмі складанай для абывацеля. Хаця да гэтай думкі мастак у сваёй творчай практыцы, па вялікім рахунку, прыйшоў толькі ў эміграцыі.

Так, пасля чатырохгадовага паспяховага навучання ў Ленінградзе, у 1932-м Пашкевіч (як і Шаўчэнка) прыехаў у Мінск. Яго хвалілі, мякка крытыкавалі і зноў хвалілі, бо ён ніяк не выпадаў з той сталінскай ідэалагічнай сістэмы, якая тады была галоўнай рэлігіяй для народа і яго “эліты”.

/i/content/pi/cult/426/8795/2-2.jpeg

М.Пашкевіч. "Віяланчэліст".1979 г.

Мала хто ведае, што Пашкевіч з’яўляўся адным са стваральнікаў знакамітага ліста-экспаната пад назвай “Вялікаму Сталіну ад беларускага народа”, які сёння захоўваецца ў Дзяржаўным цэнтральным музеі сучаснай гісторыі Расіі. Гэты ліст — у вершах. Ён вышыты чырвонымі, блакітнымі, зялёнымі, шэрымі, рудымі ніткамі на 24 старонках і абшыты белай тканінай. З верху і з нізу ліста зацягнута па шаўковай стужцы з нацыянальным арнаментам. Такі ж вышыты на закладках. На першай старонцы — тэкст: “Вялiкаму Сталiну ад беларускага народа”, на адваротным баку — герб БССР. Ліст у пераплёце — з шэрага палатна, яго ўнутраныя бакі ўпрыгожвае белая тканіна з геаметрычным беларускім арнаментам, такі ж арнамент — на карашку і частцы знешніх бакоў вечка. Супервокладка — з цэлафану, на ёй залатым цісненнем ізноў паўтораны словы “Вялікаму Сталіну…” і г. д. Калі перагартаць гэты шаўковы альбом, дык можна знайсці і аўтографы пад гэтымі радкамі. Ліст беларускага народа ў вершах пераказалі народныя паэты БССР Янка Купала і Якуб Колас, іх маладзейшыя калегі Андрэй Александровiч, Пятрусь Броўка, Пятро Глебка, Iзi Харык. Але, на жаль, сёння ўжо нікога з гэтых творцаў не спытаеш, як на самой справе праходзіла сумесная праца...

Але я — пра іншае. Перамогу ў творчым конкурсе эскізаў па мастацкім афармленні ліста атрымаў Мікалай Пашкевіч, якому дапамагаў малады Яўген Ціхановіч. Заданне партыі і ўрада гэтымі мастакамі было выканана на ўсе сто! Вясной 1996 года Яўген Мікалаевіч мне распавядаў: “Час ад часу збiралi паэтаў і нас, мастакоў, на дачы ЦК, заслухоўвалi чарговы раздзел i адвозiлi зноў у Мінск. На апошняй чытцы нам давялося прысутнiчаць, каб ведаць, як афармляць, на чым рабiць акцэнты: гэты ж ліст пiсаўся ад iмя беларускага народа, таму знешняе афармленне павiнна было быць “нацыянальным па форме”, а змест, самі разумееце, — “сацыялiстычным”. Дык вось, думалася нам тады пра сацыялiстычны рэалiзм у мастацтве… Памятаю апошнюю экзаменацыйную чытку. З’ехалася шмат людзей. Усе пагадзiлiся з тым, што ліст адпавядае сваёй iдэi i ўздымае беларускi “народ на добрую працу як абавязацельства перад вялiкiм i мудрым таварышам Сталiным”. Як уласна ліст не меў аднаго аўтара i афармляльніка, дык лiчылася, што ўсё гэта рабiў сам народ. Мабыць, таму загадчык аддзела агiтацыi i прапаганды ЦК Ткачэвiч тры гадзiны ўбіваў нам у галаву, што аўтарам куфра з’яўляецца беларускi народ, а не нейкія канкрэтныя паэты і мастакі. “Вам усiм, выканаўцам ліста беларускага народа, будзе аплачана праца, — казаў тады партыйны функцыянер. — Указання аўтараў не будзе, бо народ — ён i толькi ён — робiць мастацтва, робiць гiсторыю”.

Дадам яшчэ, што Пашкевіч, акрамя ўсяго іншага, намаляваў для сталінскага куфра сюжэт пра тое, як калгасу імя Леніна перадаваўся акт на вечнае карыстанне зямлёй. Зараз усё тое здаецца смешным, але што было рабіць? Такі быў час: хтосьці баяўся “загрымець пад фанфары”, а хтосьці і сапраўды “загрымеў”. Большасць жа “інжынераў чалавечых душ”, уключаючы літаратараў і мастакоў, была шчырая, чыстасардэчная ў сваім канфармізме.

27 кастрычніка газета “Літаратура і Мастацтва” надрукавала тры пастановы Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта і Саўнаркама БССР “Аб узнагароджаннi брыгады пiсьменнiкаў за складанне ў вершаванай форме “Ліста беларускага народа вялiкаму Сталiну”, “Аб рускiм тэксце “Ліста беларускага народа вялiкаму Сталiну” і “Аб узнагароджаннi мастакоў па вырабе куфра i вышыўкi “Ліста беларускага народа вялiкаму Сталiну”. Усе шэсть паэтаў — “за выдатную работу па складанні i мастацкім афармленні “Ліста…” — узнагароджваліся граматамі ЦВК і СНК БССР. Такую ж грамату атрымаў і Мікалай Пашкевіч. Больш за тое: яго ўключылі ў склад урадавай дэлегацыі на паездку ў Крэмль для ўручэння гэтага каштоўнага падарунка дарагому таварышу Сталіну! А вось Яўгена Мікалаевіча Ціхановіча з такімі “ўзнагародамі” абышлі.

Але такая “афармілаўка”, няхай і вялікай дзяржаўнай важнасці, для Пашкевіча была ўсё ж нейкім эпізодам у творчым жыцці. Галоўным заставаўся жывапіс. Як мастак-жывапісец, пастаянны ўдзельнік усіх беларускіх і шэрагу ўсесаюзных выставак 1930-х, нягледзячы на маладосць, ён даволі хутка атрымаў шырокую вядомасць.

Я ўважліва прагледзеў шмат беларускіх газет і часопісаў 30-х гадоў і павінен сказаць, што імя Пашкевіча — у першых шэрагах сярод тых мастакоў, пра каго вялася найбольш бойкая, жвавая гаворка ў прэсе. Шмат месца яшчэ ўдзялялася “рэалістам” І.Ахрэмчыку ды А.Грубэ і, у асноўным, крытычных слоў рэцэнзентаў, — “фармалісту” Р.Семашкевічу ды прыхільніку “нацдэмаўшчыны” Я.Мініну. Каб не быць галаслоўным і занадта суб’ектыўным, прывяду фрагменты некаторых рэцэнзій, звязаных з ацэнкай творчасці Мікалая Пашкевіча.

“На выстаўцы “Мастацтва БССР за 15 год” трэба адзначыць Пашкевіча, мастака досыць здольнага, які выставіў шмат сваіх работ. Найбольш закончаным з вялікіх яго палотнаў з’яўляецца “Булак-Булаховіч”. Але, зразумела, закончаным адносна, бо яно, па сутнасці, досыць “сыраватае”. Са станоўчых бакоў карціны трэба адзначыць агульную граматную кампазіцыю — месцамі нядрэнныя смелыя фарбы. Ёсць добрыя месцы ў жывапісе (нацюрморт, смелы чырвоны колер), але адчуваецца гранічная няроўнасць выканання: зусім слаба намалявана падлога (незразумелы шэры колер). Таксама невядома, дзе галава жанчыны, якая ляжыць на падлозе. Адносна ідэалагічнасці зместу можна спрачацца: не выклікае адпаведных моцных эмоцый нянавісці ўдалы, нават прыгожы афіцэр-гвалтаўнік. У мастака ёсць задаткі добрага рысавальшчыка, што асабліва каштоўнае ў сучасны момант: да сацыялістычнага рэалізму без моцнага рысунка і формы няма шляху; мастак да гэтага часу не пазбавіўся манернасці. На жаль, яго вабяць “ловкаческие” трукі. Каб не гэтыя недахопы, дык рысунак-партрэт яго жонкі вугалем і сангінай быў бы зусім паўнацэнным мастацкім творам…” (“ЛіМ”, люты 1934 г.)...

(Працяг будзе.)

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"