Мала хто ведае і сёння

№ 19 (1093) 11.05.2013 - 18.05.2013 г

Як праходзіў партызанскі парад у Віцебску?

У Віцебску ў серыі “Навукова-папулярнае выданне” выйшла ўнікальная кніга вядомага журналіста і краязнаўцы Аркадзя Падліпскага “Партызанскі парад у Віцебску”, якая ліквідавала яшчэ адну “белую пляму” ў гераічнай гісторыі партызанскага руху ў Беларусі.

І калі пра партызанскі парад, што прайшоў у Мінску 16 ліпеня 1944 года ў гонар вызвалення сталіцы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў ды баявых заслуг партызан, якія прымалі актыўны ўдзел у правядзенні Беларускай аперацыі 1944-га, вядома даволі дэтальна, то пра віцебскі — 23 ліпеня таго ж года — мала хто ведае і сёння. Нават у энцыклапедыі “Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне 1941 — 1945 гг.” (Мінск, 1990 г.) пра яго не сказана ні слова, таксама як і ў 18-томнай “Беларускай энцыклапедыі”.

/i/content/pi/cult/426/8794/1-3.jpeg

Падліпскі на аснове архіўных матэрыялаў і ўспамінаў удзельнікаў таго ўнікальнага віцебскага парада ўпершыню падрабязна распавёў пра тое, як праходзіла гэтая гістарычная акцыя ў горадзе на Заходняй Дзвіне 23 ліпеня 1944 года — амаль праз месяц пасля вызвалення Віцебска часцямі 3-га Беларускага і 1-га Прыбалтыйскага франтоў.

Вядома, што горад знаходзіўся ў акупацыі 1 080 дзён, і за гэты трагічны перыяд фашыстамі было знішчана больш як 60 тысяч мірных жыхароў ды 76 тысяч савецкіх ваеннапалонных, цалкам разбурана каля 40 прамысловых прадпрыемстваў, амаль усе дамы, масты, крамы, вакзал, навучальныя ўстановы, музеі, кінатэатры (акрамя “Спартака”), бальніцы і г. д. Карацей кажучы, захавалася толькі сем працэнтаў жылога фонду, а з даваеннага 180-тысячнага насельніцтва горада сваіх вызваліцеляў 26 чэрвеня 1944 года сустракалі толькі… 118 ацалелых жыхароў.

/i/content/pi/cult/426/8794/1-2.jpeg

І вось ў гэтым шматпакутным горадзе, калі ўсюды яшчэ зеўралі свежыя раны вайны, было вырашана правесці партызанскі парад! А.Падліпскі падрабязна расказвае, як усё рыхтавалася і хто быў аўтарам гэтай неардынарнай на той час ідэі. Па вялікім рахунку, не вядома, каму першаму прыйшла думка правесці парад. Дакладна вядома іншае. Аўтар піша, што дадзенае пытанне абмяркоўвалася на сумесным пасяджэнні бюро Віцебскага абкама і гаркама КП(б) Беларусі з удзелам прадстаўнікоў ЦК КП(б)Б і гарадскіх улад 12 ліпеня 1944 года, калі і было прынята канчатковае рашэнне аб правядзенні народнага мітынгу ды партызанскага парада-дэманстрацыі.

/i/content/pi/cult/426/8794/1-4.jpeg

Свята праходзіла на тагачасным Пралетарскім бульвары (цяпер — вуліца Багдана Хмяльніцкага), дакладней, на яго скрыжаванні з вуліцай Бязбожнай (цяпер — Шубіна). Той раён раней шмат гадоў называўся Сянной плошчай. Чаму было абрана менавіта гэтае месца? Ды таму, што яно ацалела на папялішчах вайны, у адрозненне, скажам, ад цалкам разбураных галоўных плошчаў Свабоды і імя Леніна. Праз чатыры дні пасля парада газета “Віцебскі рабочы” апублікавала рэдакцыйную справаздачу пра гэтае мерапрыемства на паласу. А паколькі галоўным рэдактарам (з лістапада 1942 года па кастрычнік 1945-га) быў колішні начальнік штаба разведкі партызанскага атрада імя Варашылава брыгады К.Заслонава, журналіст Аляксей Крушынскі, які з'яўляўся ўдзельнікам парада, то, хутчэй за ўсё, ён і быў аўтарам гэтай перадавіцы.

/i/content/pi/cult/426/8794/1-5.jpeg

А.Падліпскі ў сваёй кнізе цалкам прыводзіць гэты тэкст, які можна лічыць ледзь не адзіным друкаваным матэрыялам тых часоў пра слаўную падзею. З розных архіўных крыніц ды ўспамінаў некаторых сведкаў парада Аркадзь Міхайлавіч прыводзіць і шэраг імёнаў вядомых партызанскіх камандзіраў ды арганізатараў партызанскага руху, якія прымалі ўдзел у мітынгу і парадзе-дэманстрацыі. Сярод іх — М.Шмыроў, І.Стулаў, В.Лузгін, Д.Райцаў, М.Бірулін, В.Кудзінаў, У.Кудраўцаў, Ф.Дуброўскі, У.Кудраеў, Н. Самуйлава, Я.Жылянін, А.Клячын, М.Клячына і іншыя. Імёны ў тыя часы былі ва ўсіх на слыху, хто быў так ці інакш звязаны з барацьбой беларускага народа супраць акупантаў. Усяго ўдзел у мітынгу і парадзе прынялі каля дзесяці тысяч чалавек.

У фінале сваёй кнігі, дарэчы, ілюстраванай дакументальнымі фатаграфіямі і партрэтамі ўдзельнікаў парада, А.Падліпскі справядліва піша: “…Мітынг і парад партызан у гонар вызвалення Віцебска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў — гэта асобая, неардынарная падзея ў гісторыі горада. Шкада, што пра іх ведаюць яшчэ далёка не ўсе віцябчане. Вось чаму неабходна неяк адзначыць на карце горада гэтае першае пасляваеннае свята. Лепш за ўсё — спецыяльным памятным знакам, у крайнім выпадку — мемарыяльнай дошкай”.

Хочацца спадзявацца, што да 70-годдзя вызвалення Віцебска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў (26 чэрвеня 2014-га) — такі знак паўстане…

На здымках: кадры партызанскага парада ў Віцебску.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"