Загадка аднаго фотаздымка

№ 19 (1093) 11.05.2013 - 18.05.2013 г

Ліст у рэдакцыю: працяг тэмы

"Паважаная рэдакцыя!

У газеце “Культура” 27 красавіка на 14-й старонцы быў змешчаны фотаздымак Янкі Маўра з сям’ёй і пазначана дата: Мінск, 1916 г. Так гэтае фота ідэнтыфікавалі ў Беларускім дзяржаўным архіве кінафотафонадакументаў. Хачу заўважыць, што гэты здымак ужо друкаваўся ў вашай газеце 27 лістапада 2004 года разам з маім артыкулам “Напамінак старых фотаздымкаў”. Праўда, дату і месца, дзе адбылася падзея, я пазначыла іншыя: Турэц, 1910 г. Патлумачу, адкуль займела гэтыя звесткі.

У 1994-м мне давялося сустрэцца з першым у рэспубліцы доктарам фізіка-матэматычных навук Фёдарам Іванавічам Фёдаравым — сынам Янкі Маўра, які нарадзіўся ў мястэчку Турэц (цяпер — Карэліцкі раён). Я прыехала да вучонага, каб забраць матэрыялы, што ён падрыхтаваў для нашага музея. У час той сустрэчы Фёдар Іванавіч распавёў шмат цікавага пра свой шлях у навуцы, пра сваіх бацькоў. Разам з ім мы разглядалі фотаздымкі ў сямейным альбоме, і калі маю ўвагу прыцягнуў адзін з іх, Фёдар Іванавіч патлумачыў, што здымак быў зроблены ў Турцы ў 1910 годзе, калі яго яшчэ не было на свеце.

Бацька будучага вучонага, Іван Міхайлавіч Фёдараў (сапраўднае імя Янкі Маўра), у 1906 годзе за ўдзел у тайным настаўніцкім сходзе быў звольнены з працы і знаходзіўся пад наглядам паліцыі. У 1909-м ён прыехаў у мястэчка Турэц, дзе працавала настаўніцай Варвара Фёдараўна Адамовіч, якая засталася ўдавой. Іван Міхайлавіч ажаніўся з маладой прывабнай жанчынай і ўзяў на сябе клопат аб яе дзецях. Толькі чалавек вялікай душы мог узяць на сябе адказнасць за лёс чужых дзяцей і стаць для іх сапраўдным бацькам, а менавіта такім чалавекам і быў вядомы беларускі дзіцячы пісьменнік Янка Маўр. У 1911 годзе ў сям’і нарадзіўся сын Фёдар, які пазней стаў вядомым даследчыкам у сваёй галіне.

/i/content/pi/cult/426/8793/1-1.jpeg

Я папрасіла вучонага даць магчымасць зрабіць копію гэтага фота для музея, і ён пагадзіўся. Мне не ўдалося перазняць здымак адразу, бо камп’ютараў ды сканераў тады не было, і калі недзе праз месяц Фёдар Іванавіч патэлефанаваў і папрасіў вярнуць фота, давялося тэрмінова звярнуцца па дапамогу ў адзін з мінскіх музеяў, дзе зрабілі якасную копію, і я вярнула вучонаму сямейную рэліквію. Хутка пасля гэтага вучонага не стала… Думаю, што я была апошнім даследчыкам, які трымаў у руках арыгінал гэтага ўнікальнага фотаздымка пры жыцці вучонага… Не давяраць словам сына Янкі Маўра наконт таго, дзе і калі быў зроблены гэты фотаздымак, у мяне падстаў не было, таму я са спакойным сумленнем змяшчала яго ў газеце і сваіх кнігах з адпаведным подпісам. Калі ж убачыла ў газеце тое ж фота з іншай інфармацыяй, то патэлефанавала аўтару артыкула і пацікавілася, адкуль узяліся гэтыя звесткі. У архіве кінафотафонадакументаў мне адказалі, што копія здымка трапіла да іх з Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, а дата, калі ён быў зроблены, дакладна не вядомая, што, адпаведна, пазначана ў архіўных запісах. Чаму ж тады ў артыкуле аб гэтым нічога не сказана? Наконт месца, дзе было зроблена фота, я тлумачэнняў не атрымала.

Думаю, што ўдакладніць інфармацыю, якая не супадае са словамі сына Янкі Маўра, мог бы толькі сам пісьменнік. Магчыма, ён яшчэ пры жыцці зрабіў копію здымка і перадаў яе ў архіў? А можа, было яшчэ адно фота? Думаю, што трэба абавязкова высветліць, хто і калі перадаў гэты фотаздымак у архіў. У рэшце рэшт, гаворка ідзе пра факт з біяграфіі вядомага творцы. Напэўна, газета “Культура”, у якой здымак з’яўляўся двойчы, магла б адказаць на гэтыя пытанні, бо супрацоўніку раённага музея атрымаць камандзіроўку для работы ў архіве сёння практычна немагчыма.

З павагай — Святлана КОШУР, старшы навуковы супрацоўнік Карэліцкага раённага краязнаўчага музея, член Саюза пісьменнікаў Беларусі"