Баян пад ёлкай

№ 49 (815) 08.12.2007 - 14.12.2007 г

Выпаў у вёсцы Барсукі снег і растаў. Яшчэ ярчэйшай стала апошняя восеньская лістота. Нібы спахапіўшыся, што зіма ахутае снегам і гэтую прыгажосць, і дамок, дзе пасялілася Маша Зубарэвіч, я фатаграфавала і фатаграфавала яе пасярод апошняга восеньскага дня. Перад блізкім Новым годам у лёсе Машы — усё новае. Яна — малады спецыяліст і ужо выконвае абавязкі дырэктара сельскага дома культуры.

 /i/content/pi/cult/140/879/Bayan1.jpg

Выконваючая абавязкі дырэктара Сельскага дома культуры Марыя Зубарэвіч.

“Шукаю новае!”
— Мне хацелася б застацца тут назаўжды! — раптам прызналася дзяўчына.А я здзівілася: няўжо за такі кароткі тэрмін — усяго паўгода — яна стала тут сваёй?
Барсукі — вёска непадалёк ад Жодзіна. І мясцовая моладзь, канешне, паступова збягае на БелАЗ… Ну, а Маша? Чым жа ёй спадабалася гэтая вёска? Зубарэвіч прыехала сюды па размеркаванні гэтым летам. Вясковую прапіску ўспрыняла як належнае. Нават і ў думках не было браць адмацаванне, тым больш — спрачацца з дзяржкамісіяй. Куды паслалі пасля сканчэння Магілёўскага дзяржаўнага вучылішча культуры, туды і адправілася. Так дзяўчыну выхавала мама, якая таксама працуе ў сферы культасветработы, у самадзейнасці.
— Мастацкім кіраўніком у мясцовы клуб мяне прынялі з радасцю, — працягвала Маша крыху сарамліва, маўляў, досведу пакуль малавата. — Вучуся разумець гэтую вёску, імкнуся стаць тут сваёй.
Сапраўды, часу прайшло мала, але ў лёсе дзяўчыны адбылося шмат цікавага.
— Удачлівая ты, Маша… Побач такі прыгожы горад расце. Дый Барсукі — не апошняя вёска ў Смалявіцкім раёне.
— Вы не ўяўляеце, — адказвае яна. — Спачатку была разгубілася. Месяцы два прывыкала да новага месца, да вясковага ладу жыцця, да таго, што кожны дзень пражыць трэба творча! Калі вучылася і практыку праходзіла, натуральна, ездзіла ў вёскі, але не ўяўляла сабе, што самастойнае жыццё будзе на першым часе такім складаным. Трэба раней, чым звычайна, прачынацца, трэба дапамагаць кватэрнай гаспадыні, трэба знаёміцца не толькі з Барсукамі, але і з усімі навакольнымі вёскамі…
У Бярозавіцы быў запланаваны дзень вёскі. З першага сцэнарыя і пачаліся мае першыя ўрокі. Ва ўмовах вучылішча падрыхтаваць сцэнарый — прасцей няма. Гэта як сачыненне ў школе. А паспрабуй зрабіць гэта ў Бярозавіцы, дзе няма пакуль знаёмых, а вясковае свята чакаюць усе.
Я разумела дзяўчыну. 20 гадоў ёй толькі. А вёска старажытная, са сваёй непаўторнай гісторыяй. Абрала Маша адзіна правільны шлях: параілася з дырэктарам СДК Вікторыяй Колесавай.
— Ты не засмучайся, — суцешыла Вікторыя Анатольеўна. — Спачатку ўдваіх будзем шукаць новае. Сцэнарый павінен быць простым, жыццёвым…
З гэтага і пачаліся вандроўкі ў Бярозавіцу — знаёміцца,матэрыял збіраць. Бярозавіца — вёска невялічкая, але прыгожая, старасвецкі парк тут ёсць. Старажылы расказваюць, як саджалі яго і даглядалі. Час прыйшоў гэты цуд добраўпарадкаваць. Вось і новая справа! Прыкінулі культасветработнікі, што да свята вёскі парк трэба ачысціць ад смецця, а ягонае добраўпарадкаванне — праект наступнага года. Тым больш, што і дырэктар мясцовага РУП эксперыментальная база “Жодзіна” Мікалай Хілько абяцаў дапамагчы, ды і самі жыхары вёскі з задавальненнем возьмуць удзел у гэтай культурніцкай акцыі.
Прапанову падтрымаў і старшыня сельсавета Андрэй Бараўцоў. Стаў дапамагаць Машы і ў іншых справах.
Так што не засталося ў дзяўчыны часу на разгубленасць, на сум па маме, якая, безумоўна, тайна спадзявалася, што дачка будзе працаваць дома, у Старадарожскім раёне. Аднак выйшла па-машынаму.
Новая пасада — новая адказнасць
Але вернемся да свята Бярозавіцы. Гэтая падзея толькі і займала М.Зубарэвіч. І падавалася ёй, што няма ў свеце прыгажэйшай вёскі, няма больш блізкіх сяброў, чым жыхары Бярозавіцы. Так, з’явіліся ў Машы і сябры. Інакш у сапраўднага культасветработніка і быць не можа.Прыдумалі невялічкае шэсце скамарохаў. Вырашылі, што стараста вёскі атрымае каравай. Самаму малодшаму жыхару — самую вялікую цацачную машыну ў падарунак. Старым-юбілярам — сервізы, маладажонам — электрачайнік. Як прыдумала Маша, так і прайшло ўсё — весела, нязмушана, займальна. Не разыходзіліся вяскоўцы гадзін шэсць, а потым быў канцэрт. Запрасілі артыстаў з вёскі Будагава. Шмат мерапрыемстваў прайшло і на вуліцы: конкурсы ладзіліся на гульнёвай і спартыўнай пляцоўках. Ніхто не сядзеў дома. У Бярозавіцу завіталі госці і з Жодзіна, і са Смалявічаў, і з Пятровічаў, і са Слабады, і з Плісы. Усе Машу падтрымалі — а як жа інакш!Ізноў навіна, ізноў выпрабаванне... Паклікала аднойчы Вікторыя Анатольеўна Машу ў кабінет. Звярнулася даверліва, як да дачкі:
— Мне хутка ў дэкрэт, Машачка. Так што застанешся замест мяне...
 /i/content/pi/cult/140/879/Bayan2.jpg
Аграгарадок у Барсуках.

Прыемна было дзяўчыне, што сама Колесава ёй давярае. Вікторыя Анатольеўна, прыгажуня, у вёсцы — аўтарытэт, бо, лічы, стаяла ля вытокаў усіх вясковых пераўтварэнняў. У Барсуках утвораны аграгарадок, і ў Доме культуры зрабілі нядаўна грунтоўны еўрарамонт. Не клуб стаў — палац! Так што за ўсім — і за падрыхтоўкай навагодніх святаў, і за работай творчых гурткоў і студый, і за развіццём бібліятэчных платных паслуг — прыдзецца сачыць цяпер ёй, Машы Зубарэвіч. Цяпер, напэўна, ужо Марыі Аркадзьеўне Зубарэвіч!
— Вось так імгненна стала дарослай?
— Жыццё прымусіла. Трэба ўзгадваць цяпер, як на баяне іграць — калісьці вучылася. Ёсць у нас два баяны, але іншым разам іграць на іх няма каму.
— Твой баян пад ёлкай навагодняй!
— Так. Пэўна, пад Новы год ён і загучыць.Шмат мар у дзяўчыны. І самой на дыскатэцы патанцаваць, і з хлопцам прайсціся... Не вельмі хочацца на кватэры жыць. Але шкада пакідаць і старэнькую гаспадыню, прызвычаілася ўжо — пражылі побач амаль паўгода. Ды гаспадыня на зіму да дзяцей з’язджае, а свой дом-лецішча дзяўчыне аддае аж да вясны. Таксама да яе, як да дачкі ставіцца. А Маша і не здзіўляецца ўжо такому сяброўству. Ці ж магла яна ўяўляць, што так хутка ўсё памяняецца ў яе жыцці! Новая пасада — новая адказнасць. З гэтай вышыні і імкнецца цяпер разглядаць вясковую культуру, сваё месца ў шматгранных тутэйшых творчых і вытворчых клопатах.
Курс на аднаўленне
Маша і не меркавала, што назіраюць за ёй не толькі ў аграгарадку, але і ў раёне. З прыемнасцю даведалася, што раённая перспектыўная праграма па адраджэнні і развіцці культуры прадугледжвае і абавязковае вырашэнне праблем маладых спецыялістаў.
Начальнік аддзела культуры Смалявіцкага райвыканкама Галіна Харламава паведаміла мне, што яна індывідуальна працуе з кожным маладым спецыялістам. Сёлета іх у раёне шэсць чалавек. Ёсць яшчэ вакансіі кіраўнікоў харавых калектываў. Цяпер гэтыя пасады сумяшчаюць работнікі мясцовых школ мастацтваў.
— За апошні час не было ніводнага звальнення сярод маладых спецыялістаў, — паведаміла Галіна Іванаўна. — Я вельмі задаволена. З аднаго боку, гэта гаворыць пра іх добрую падрыхтоўку, а з другога сведчыць, што і мы падтрымліваем нашу змену. Яны вучацца ў нас, мы вучымся ў іх.
— А чым падабаецца вам Маша Зубарэвіч?
— Сваёй сур’ёзнасцю, нягледзячы на юныя гады! Такія, як Маша, — мая надзея, — Галіна Іванаўна ўпэўнена ў кожным сваім маладым спецыялісце, бо ўмее падабраць менавіта тых, хто не пакіне сяло.
На стыку культур
Аказваецца, Смалявіцкі раён адметны тым, што жывуць тут чарнобыльскія перасяленцы. Для іх пасля катастрофы мясцовыя жыхары не пашкадавалі ні месца, ні жылля. Перасяленне наўпрост адбілася на змесце культасветработы. Як? Вельмі проста. У смалявіцкія вёскі “уварвалася” культура Гомельшчыны і Магілёўшчыны. Можа, для кагосьці гэта і малаважна, але не для Машы Зубарэвіч. Імгненна дацяміла, што культура раёна значна ўзбагацілася і фальклорам, і народнымі традыцыямі. Усё гэта трэба прыняць, захаваць, выкарыстаць у клубнай і бібліятэчнай рабоце. Менавіта пра такую адметнасць раёна і давялі дзяўчыне літаральна ў першы дзень працы яе старанныя і надзейныя настаўнікі — Колесава, Харламава, Хілько. На Беларусі, сапраўды, няма чужых — усе суседзі, сваякі, сябры. Гэтым залатым правілам і кіруецца ў сваёй сённяшняй культасветдзейнасці малады спецыяліст Маша Зубарэвіч, імкнецца захаваць не толькі лёсы людскія, але і культуру ўраджэнцаў розных абласцей, якіх гасцінна прытулілі Барсукі.
Мікалай Хілько, кіраўнік мясцовай сельскай гаспадаркі, з радасцю назірае за шчыраваннямі Машы. Вытворчасць малака ў гаспадарцы — адна з лепшых у рэспубліцы. Механізатары і даяркі не адчуваюць недахопу ў жыллі. Але Хілько дбае не толькі пра вытворчасць. Дом культуры лічыць ледзь не галоўнай вясковай установай.— Здзіўляюся пастаянна, адкуль столькі фантазіі, жыццялюбства, ініцыятыўнасці ў нашых людзей, — прызнаецца Мікалай Паўлавіч.
— Прыйшоў аднойчы ў Дом культуры на конкурс “А ну, бабулі!” і быў надзвычай узрушаны — гэтыя “бабулі” папросту “шпагат” робяць!
— На вас, Мікалай Паўлавіч, вяскоўцы глядзяць як на асобу, ад якой залежыць іх лёс...
— Разумею, пра што вы. Пра жыллё, пра прэзідэнцкія домікі...
— Так! Маша Зубарэвіч, калі выйдзе замуж, напэўна, атрымае такі ж?
— Безумоўна. Але трэба вырашыць, якім чынам перадаваць гэтыя дамы ва ўласнасць маладых спецыялістаў. Часовае жыллё не вырашыць праблемы замацавання на нашай зямлі. Трэба, на мой погляд, аддаць вырашэнне гэтага дзяржаўнага пытання непасрэдна ў гаспадаркі.

Вольга ЯГОРАВА,
наш спецкарэспандэнт

Мінск — Смалявічы — Барсукі — Мінск

Фота аўтара