Ці тая малпачка?

№ 19 (1093) 11.05.2013 - 18.05.2013 г

Колькі слоў пра самаідэнтыфікацыю і эфект “наадварот”

Пачну з рэчаў несур’ёзных. Пад час адной з раённых камандзіровак мне распавялі ці то показку, ці то праўду. Спектакль, маўляў, не карыстаўся папулярнасцю, пакуль выканаўцу галоўнай ролі не пакусаў неяк бадзяжны сабака. І тут трэба ведаць псіхалогію публікі невялічкага мястэчка: за які тыдзень драмтэатр выканаў паўгадавы план па аказанні платных паслуг! Не сіла мастацтва, а няпланавы “чорны піяр” стварыў прэцэдэнт нечаканага аншлагу...

І згадка з дзяцінства. У Гомель прыехаў заасад. Ну і што? А вось калі абвясцілі, што сярод “гастралёраў” — малпачка, якая здымалася ў кінакамедыі “Паласаты рэйс”, народ у той заасад валам паваліў! А я і па сёння сумняваюся, ці тую малпачку тады прывезлі... Ды гаворка не пра яе, а — пра рэкламу. Не пра бяздумны самапіяр дзеля прыбытку, а — рэкламу культуры. І не абы-якой, а менавіта беларускай. Сапраўднай, спрадвечнай, якая з’яўляецца галоўным складнікам дзяржаўнай ідэалогіі і павінна грунтаваць вакол сябе і народ, і нацыю. А гэта ўжо рэч больш чым сур’ёзная.

Пройдземся спачатку па сталічных вуліцах. Шыльды з іх назвамі — таксама ідэалогія. Вуліца Рафіева (вызваліцеля Мінска), да прыкладу, пазначана на пэўных дамах з грубай арфаграфічнай памылкай. Згаданы эфект спрацоўвае наадварот. Падстава для разваг, што жывём у напаўпісьменным горадзе.

— А што гэта, хлопцы, у вас назва рэстарана — “Пабеда” — з памылкай напісана?

— А это, женщина, не “Пабеда”, а “Паб. Еда”…

Маналог, падслуханы ў раёне сталічнага Паўднёвага Захаду, аптымізму таксама не дадае. Мяжа паміж носьбітамі нацыянальнай культуры і яе спажыўцамі ўсё шырэй. Няўжо і гэта — ідэалогія? Дарэчы, наконт носьбітаў. Дзе бігборды з выявамі нашых народных артыстаў, мастакоў, пісьменнікаў? Няўжо Янка Купала з Якубам Коласам вартыя ўсеагульнай увагі толькі пад час юбілейных дат? А бігборд з адлюстраваннем Ефрасінні Полацкай я бачу толькі тады, калі скіроўваюся бліжэй да кальцавой дарогі...

Вы заўважалі, каб у сталічным метро, у вагонах і на станцыях, шырока і маштабна рэкламаліся слуцкія паясы, неглюбскія ручнікі, бездзежскія фартушкі? Правільна, няма такой рэкламы. І няўжо толькі з той прычыны, што яе па-ранейшаму адносяць да сацыяльнай? Падаецца, паясы, ручнікі, фартушкі і многае іншае, чым славіцца рэгіянальнае традыцыйнае мастацтва, — яшчэ і камерцыйна паспяховы праект.

А калі ў вагоне метро і ёсць абвестка з тэатральным рэпертуарам, дык падаецца яна далёка не ў “прайм-тайм”-месцах. Свайго мы не ведаем і саромеемся. А вось для таго, каб паглядзець на святло напаўзгаслай замежнай зоркі, немаведама калі “пакусанай сабакам”, не шкадуем ні грошай, ні часу, ні сіл. Святло да нас дайшло, а зоркі ўжо няма. Дык мо тыя грошы сэканоміць ды выкарыстаць для летняга адпачынку менавіта на беларускіх абсягах?

Але давайце паглядзім на гэтыя абсягі. Масіраваная прыдарожная рэклама скіроўвае турыста да Міра і Нясвіжа. Выдатна! Але чаму толькі туды? Уражанне такое, нібы ж адрасавана яна найперш расійскаму спажыўцу, які абраў танную для сябе Беларусь “санаторнай” Меккай. І прыдарожная рэклама з гэтай меркантыльнай нагоды пачынаецца і заканчваецца інфармацыяй пра рэстараны, матэлі, кемпінгі і аграсядзібы. На апошніх, па меркаванні старшынь пэўных сельвыканкамаў, стала шумнавата. Не з-за абрадавых тэатралізацый, а па прычыне задавальнення іншых інтарэсаў. Адна з прычын — у адсутнасці ўсё той жа ідэалагічна выверанай, дзяржаўна-нацыянальнай рэкламы... У свой час я абышоў паў-Капыля, каб знайсці хату, дзе жыў Цішка Гартны. Дык мо менавіта з вышэйназванай прычыны ніхто са старшакласнікаў сёння не ведае пісьменніка і першага кіраўніка БССР? Пытанні, пытанні, пытанні...

І самае крыўднае тое, што сваіх “малпачак” у нас, як і “Паласатых рэйсаў”, — мора незлічонае. Ды толькі хто пра іх ведае?..

Я.Р.