Непаскораны рэжым

№ 19 (1093) 11.05.2013 - 18.05.2013 г

“Mister X” ці “Містар X”? Парсючок або сві... свісцёлка

6 мая трэцім прэм’ерным паказам “Містара Ікса” адкрыўся творчы праект “Наталля Гайда запрашае”, які ладзіцца Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатрам другі год запар. Новая пастаноўка знакамітай аперэты І.Кальмана, вядомай пад назвай “Прынцэса цырка”, стала, можна сказаць, “прэм’ерай у квадраце”. Але насамрэч “матэматыка” новага спектакля аказалася бліжэй да “хіміі”, бо пасля прагляду так і хацелася ўсклікнуць: ну і “нахімічылі”!

Скажам адразу: пецярбургскі саліст Аляксандр Данілаў, запрошаны стаць Містарам Іксам у фестывальным спектаклі, тут ні пры чым. Бо нават ягонае выкананне не здолела б узрушыць (ён прыехаў, але захварэў і не спяваў) надта павольны тэмпарытм спектакля, гібельны для самога жанру аперэты. Але ў тым і справа, што маладая, але вядомая сваімі прыдумкамі рэжысёр Ганна Маторная, сама таго не ўцяміўшы, наблізіла пастаноўку да жанру... сучаснай еўрапейскай папулярнай оперы, што ўзнікла як супрацьлегласць мюзіклу з яго джазава-амерыканскім паходжаннем. Само па сабе гэтае жанравае пераўтварэнне ні ў чым не пярэчыць ні прыродзе аперэты, бо апошняя нарадзілася таксама як імкненне оперы да дэмакратызацыі, ні зместу “Містара Ікса”, бо дзеянне адбываецца ў Парыжы, літаральна на фоне відэапраекцыі Эйфелевай вежы. Але ёсць адно прынцыповае адрозненне, якое рэзка змяняе вынік.

/i/content/pi/cult/426/8784/2-2.jpeg

Найноўшыя еўрапейскія творы такога кшталту могуць быць практычна пазбаўлены стылёвых, жанравых, нават тэмпавых музычных кантрастаў. Да прыкладу, “Маленькі прынц” Р.Качыянтэ, дзесяцігоддзе таму пастаўлены ў Францыі і растыражаваны на відэа, цалкам вырашаны ў стылі італьянскага шансона. Усе нумары — замілавана-спакойныя, даверліва-”распавядальныя”. Розніца паміж імі пралягае ледзь не адно ў інтанацыйнай сферы. Дзеянне разгортваецца надзвычай павольна, быццам наўмысна замаруджана, каб у гледача быў час асэнсаваць кожную філасофскую фразу Экзюперы. Але зроблена ўсё настолькі стыльна і прыгожа, што ты, нібы зачараваны, паглыбляешся ў гэтую медытацыю, адчуваючы спрыяльнае ўздзеянне “прыгажосць-тэрапіі”. Кантраст жа пралягае на ўзроўні папраўдзе фантастычнага відовішча, якому літаральна патрабуецца амаль фонавае (але, зноў-такі, абсалютна дасканалае) музычнае рашэнне, бо іншае магло б толькі перашкодзіць агульнай гармоніі.

Нам такіх візуальных эфектаў не дасягнуць — ужо хаця б з матэрыяльна-тэхнічных прычын. Тым не менш, гэты бок у “Містары Іксы” застаецца адным з найбольш удалых (мастак — Любоў Сідзельнікава). “Лейтматывам” дакладна прадуманай і вельмі функцыянальнай сцэнаграфіі стала вытрыманая ідэя круга — і як цыркавога манежа, і як “кола жыцця”, і як нейкай касмічнай арбіты. А ўжо паўкругаў ды разнастайных пакручастых ліній — не злічыць. Кантраст — найперш у колеравых спалучэннях, а тыя — быццам “родам з дзяцінства”, якое асацыіруецца з захапленнем цыркам.

Гэткай жа пранікнёнай, утульна-мяккай, “закругленай” жаноцкасці з гуллівымі іскрынкамі не хапае музычнай інтэрпрэтацыі. Сама па сабе музыка І.Кальмана — папраўдзе чароўная, у поўным сэнсе слова “хітовая”. Аркестр пад кіраўніцтвам Марыны Траццяковай грае яе вельмі і вельмі добра. Але гэту размерана-празмерную “правільнасць” так і хочацца парушыць жывым дыханнем, пачуць даўно знаёмыя мелодыі нібыта ўпершыню, выкананыя з жаночай пяшчотай і дзіцячым здзіўленнем. Дый падставы для гэтага ёсць, бо тэатр звярнуўся да нязвыклай аркестроўкі, багатай на эстрадна-джазавыя “дадаткі”: маўляў, у нас цырк як-ніяк. Да таго ж, акустычнае гучанне раз-пораз чаргуецца з запісам, сімвалізуючы сцэну і закуліссе.

/i/content/pi/cult/426/8784/2-1.jpeg

Не раўнацэнныя і салісты, хаця кожны акцэнтуе ў сваім героі нейкую “разыначку”. Асаблівасць новай пастаноўкі — у задзейнічанні не толькі маладых артыстаў, але і наогул пачаткоўцаў. Рэзка памаладзеў Барон, адкрыўшы новае акцёрскае амплуа Яўгена Ермакова і ўзбагаціўшы новымі фарбамі шэраг прагматычных, знешне абаяльных цынікаў Дзяніса Нямцова. Яшчэ большае адкрыццё — камічная закаханая пара. Студэнтка Акадэміі музыкі Галіна Дубіцкая (Мары) — гэта шыкоўнае лірыка-каларатурнае сапрана, памножанае на “прамяністы” характар, плюс прыроджаная натуральнасць акцёрскага майстэрства, памножаная на гімнастычныя здольнасці (сальта яна круціць — са спраўнасцю цыркачкі). Анзор Алімірзоеў (Тоні) стварае пазнавальны тып няўклюднага студэнта ў акулярах. Свае адценні ў тых жа героях шукаюць Ірына Кучынская і Аляксандр Гелах. З’явілася новая гераіня — сакратарка Пуасон, закаханая ў Барона. Музычны матэрыял для яе часткова “пазычаны” з выхадной арыі Тэадоры, далучана і арыя з “Баядэры” — як дадатковы “ўстаўны” нумар. Але ўчынкі ейныя — нелагічныя, і кожная з выканальніц (Леся Лют, Лідзія Кульміцкая) намагаецца знайсці ім хоць якое апраўданне. Аляксей Кузьмін у ролі Пелікана быццам стварае яшчэ і самое аблічча гнутка звілістага “Танцуючага лобстара”, як на сучасны манер перайменаваны гатэль “Зялёны папугай”. Караліна Ірыны Заянчкоўскай — сапраўдная “маман” і ўладарка, жудасная істэрычка, якая ўсё бярэ адно крыкам. Наталля Гайда ў той жа ролі знаходзіць і грацыю, і зачараванне: яе гераіня, не губляючы рамантыкі, быццам гуляе ў “буру і націск” (дакладней, стварае ў навакольных такі свой імідж). Артысты хору не толькі ўтвараюць магутныя спеўныя кульмінацыі, вырашаныя “па-опернаму” статычна і франтальна, але і паспяхова замяняюць у некаторых сцэнах балет, сярод салістаў якога немагчыма не вылучыць Ірыну Вайтэкунас з яе вертыкальным шпагатам (дарэчы, ейная Клаўнэса і Мім Ігара Вяршыніна складаюць яшчэ адну пару закаханых).

Якімі ж павінны быць галоўныя героі на такім выбітным фоне! Але Наталля Дзяменцьева, малюючы Тэадору звыклай лірычнай гераіняй, надае ёй малавата графскай ганарлівасці. Гэтыя дзве рысы гарманічна ўжываюцца ў серабрыста-званочкавай Маргарыце Александроўскай, чый голас чуваць нават у “глухім” бенуары. Але колькі ні спрабуе яна “расштурхаць” Сяргея Суцько — усё дарэмна: ягоны Містар Ікс застаецца спеўнай статуяй, што ўмее хіба перасоўвацца па сцэне. Больш артыстычнаму Андрэю Марозаву не стае тонкасці псіхалагічных адценняў ужо ў самім тэмбры голасу. Можа, тады не трэба было пераймяноўваць аперэту на манер савецкага фільма 1950-х з такім непадробным кумірам, як Георг Отс?

Вось і атрымліваецца, што, пры ўсіх творчых знаходках новай пастаноўкі, у працэсе “паглыблення” ў стан эйфарыі, які апраўдваў бы больш за тры гадзіны дзеяння, увесь час натрапляеш на нейкія “абвостранасці”. Таму замест гётэўскага “Спыніся, імгненне!” хочацца, наадварот, там-сям уключыць “паскораны рэжым”. Яшчэ і таму, што ранейшыя пастаноўкі вельмі таленавітай і крэатыўнай Ганны Маторнай вылучаліся імклівасцю, павышанай унутранай энергетыкай. Можа, справа ў тым, што “Містар Ікс” стаўся яе першай “вялікай” шматактовай працай? Па ўласным вопыце ведаю: прызвычаіўшыся максімальна “спрасоўваць”, хвалюешся, што “не дацягнеш” да патрэбнага аб’ёму — і ў выніку жудасна перавышаеш яго.

Аўтарская рэдакцыя лібрэта, здаецца, яшчэ больш “кульгае” на логіку, чым многія вядомыя яго “пераробкі”. Дыялогі — неверагодна расцягнутыя. Гумар, за рэдкім выключэннем, “пачынаецца” толькі ў трэцяй дзеі, што ідзе за другой без антракту. А ўнікальнасць выступлення загадкавага Ікса заключаецца толькі ў... ігры на скрыпцы. Не з нейкім смяротным трукам, пра які ўсе баюць, а проста на версе лесвіцы, з якой неаднойчы спускаліся іншыя артысты. Разлічана на глядацкую фантазію? Але на працягу спектакля нам паказваюць некалькі сапраўдных цыркавых фокусаў, дзе не трэба рабіць папраўкі на тэатральную ўмоўнасць…

Спектакль, безумоўна, будзе збіраць аншлагі — ужо з-за адной назвы. Але, перафразаваўшы аднаго з яго герояў, няхай бы “маленечкі ружовы парсючок” (чытай: “маленькі шэдэўр”) не рос у вялі-і-ікую сві... сві... свісцёлку.

На здымках: сцэны са спектакля "Містар Ікс".

Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"