Палымяны водбліск

№ 19 (1093) 11.05.2013 - 18.05.2013 г

“Тое, што я ведаю з кніг ды кінафільмаў”

У кнігу Навума Кісліка “Памяці патэфона”, якая была выдадзена 18 гадоў таму, увайшлі вершы паэта апошніх гадоў, і вершы, якія публікаваліся, але былі моцна зменены ў свой час цэнзурай. Яны адноўлены ў першапачатковым выглядзе. У кнізе прадстаўлены і тыя творы, што зусім не маглі быць надрукаваны ў ранейшыя часы.

У томе — тры часткі: “Памяці патэфона”, “За перавалам”, “Раскоп мінулых гадоў”. Вершы друкаваліся да 70-годдзя паэта і таму былі выпушчаны ў свет “выданнем палепшанай паліграфіі”. Мне даручылі стварыць мастацкае афармленне кнігі. Напярэдадні Дня Перамогі выстаўка тых кніжных ілюстрацый дэманструецца ў Ляхавіцкім гарадскім доме культуры.

/i/content/pi/cult/426/8783/1-1.jpeg

С.Чарановіч. "Анёл вайны".

Навум Кіслік нарадзіўся ў Маскве ў 1925-м. Сям’я пераехала ў Віцебск, дзе працаваў бацька Навума. Тут ён паступіў у агульнаадукацыйную школу, пачаў займацца жывапісам. Нават меў намер паступіць у мастацкае вучылішча, ды пачалася Вялікая Айчынная вайна, і юнак, не скончыўшы дзесяцігодку, пайшоў добраахвотнікам на фронт. У баях пад Курскам быў цяжка паранены. Пасля лячэння стаў студэнтам Арэнбургскага педагагічнага інстытута. Пасля вайны сям’я Кіслікаў пераехала ў Мінск, дзе Навум прадоўжыў навучанне на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Скончыўшы яго, ён быў накіраваны на працу ў вясковую школу. Адпрацаваўшы неабходны тэрмін, Кіслік вяртаецца ў Мінск, дзе беспаспяхова спрабуе ўладкавацца на працу журналістам. Сябры дапамаглі знайсці часовую працу перакладчыка. Такім чынам да яго трапіў верш Аркадзя Куляшова. Прачытаўшы пераклад, Куляшоў запрасіў Кісліка, каб бліжэй пазнаёміцца. Пад час размовы высветлілася, што той нідзе не можа ўладкавацца на працу. З дапамогай вядомага паэта справа была лёгка вырашана. Так распачаўся творчы шлях Навума Кісліка як паэта і перакладчыка. З кніг, перакладзеных ім, можна скласці цэлую бібліятэку. Гэта творы Рыгора Барадуліна, Петруся Броўкі, Янкі Брыля, Якуба Коласа, Уладзіміра Караткевіча, Аркадзя Куляшова, Янкі Купалы, Івана Мележа, Пімена Панчанкі, Максіма Танка і многіх іншых. Творчасць Кісліка як паэта высока цанілі Арсеній Таркоўскі, Канстанцін Ваншэнкін ды многія іншыя.

/i/content/pi/cult/426/8783/1-2.jpeg

С.Чарановіч. "Горад вайны".

Стварэнне ілюстрацый да паэтычных твораў — заўжды нялёгкая задача, асабліва калі імкнешся перадаць у сваіх малюнках той своеасаблівы, непаўторны настрой, што ўласцівы аўтарскаму тэксту. Вершы Навума Кісліка насычаны ўражаннямі чалавека, які пражыў сваё жыццё ў вельмі складаны час. Гэта і ліхалецце вайны, і цяжкі пасляваенны перыяд — гады, калі было немагчыма проста ды адкрыта казаць пра тое, што пабачыў на ўласныя вочы на фронце. Перада мной, значна маладзейшым за аўтара чалавекам, адкрываўся свет пачуццяў, творчых пошукаў, тонкіх паэтычных вобразаў паэта, які перажыў тое, што я ведаю толькі з кніг ці кінафільмаў. Але таму і кранае нас шчырая, сапраўдная паэзія, што звяртаецца яна да агульначалавечых каштоўнасцей, ствараючы ўражанне таго, што і ты, разам з аўтарам, быццам наяве, перажываеш тыя здарэнні, пра якія ідзе гаворка…

/i/content/pi/cult/426/8783/1-3.jpeg

С.Чарановіч. З ілюстрацыі да кнігі "Памяці патэфона".

Вайна. Яе палымяны водбліск, быццам агульны каларыт у карціне мастака, афарбаваў паэтычныя творы, якія сабраны ў кнізе Навума Кісліка. Працуючы над ёй, я выкарыстаў прыём, што дазволіў даць адначасова два планы: рэчаіснасць і паэтычную вобразнасць. Вокладку кнігі, шмуцтытулы, застаўкі і канцоўкі ў тэксце я выканаў у рэалістычнай манеры. Гэта вобразы, звязаныя з побытавымі ўражаннямі: інвалід на самаробнай калясцы, пласцінка для патэфона, бежанец, фрагмент групавога фотаздымка, хлопчык, які зрабіў сабе цацку з веласіпеднага кола, сляпы музыка, знакамітыя касцяныя слонікі, што адзін за адным крочаць па брукаванай дарозе, і г. д.

/i/content/pi/cult/426/8783/1-4.jpeg

С.Чарановіч. "Хлопчык".

На ілюстрацыях жа, якія былі размешчаны на разваротах кнігі, я паспрабаваў стварыць нейкі іншы шэраг — той, што датычыўся б тых тонкіх паэтычных вобразаў, якія паўсталі ў паэзіі аўтара. Гэта “Лес вайны”, “Апошні анёл”, “Горад вайны”, “Неба вайны”. Ілюстрацыі першага вобразнага рада былі каляровыя, ілюстрацыі другога — чорна-белыя. На мой погляд, гэта дазволіла палепшыць успрыняцце чытачом той складанай вобразнасці, якой насычаны паэтычны тэкст. Так, напрыклад, у развароце “Апошні Анёл” я намаляваў анёла, што стаіць на апошняй прыступцы лесвіцы, якая вядзе ў неба. Яшчэ хвіліна — і ён назаўжды пакіне зямлю, пасля чаго неба звернецца, быццам скрутак. Гэта канец жыцця, канец свету. Гэта і ёсць першы дзень вайны…

У ілюстрацыях хацелася адысці ад традыцыйных форм, дзе малююцца дастаткова рэалістычныя рэчы — добра вядомыя і, на мой погляд, такія, што страцілі сваю першапачатковую сілу ўздзеяння на гледача. Таму і “Неба вайны” — гэта не самалёты ды промні пражэктараў, а цяжкія камяні, якія сыплюцца на гарады, на людзей…

Сяргей ЧАРАНОВІЧ, сябра Беларускага саюза мастакоў, сябра Беларускага саюза дызайнераў

Ляхавічы