Іспыт на "творчае вар’яцтва": У працэсе балансавання

№ 19 (1093) 11.05.2013 - 18.05.2013 г

Беларускі тэатр “Лялька” роўна на дзень завітаў з роднага Віцебска ў Мінск. Ды не з пустымі рукамі, а са сваёй нядаўняй прэм’ерай — “Нататкамі вар’ята” М.Гогаля, пастаўленымі ўвосень мастацкім кіраўніком тэатра Віктарам Клімчуком. Паказ адбыўся ў рамках Творчай лабараторыі тэатраў лялек Беларусі і прадоўжыў гогалеўскую тэму, распачатую месяц таму гродзенскім “Віем...” (гл. “К” № 12 за 2013 г.).

Яшчэ да пачатку прагляду, убачыўшы на праграмцы жанравае азначэнне “вар’яцкая фантасмагорыя”, раптам падумала: а ці не зашмат “вар’яцкага” — не толькі ў назве, але і ў жанры? Узгадала оперу Вячаслава Кузняцова паводле той жа гогалеўскай аповесці, напісаную ў 1980-я і пастаўленую ў нашым Вялікім тэатры гадоў сем таму — пад назвай “Запіскі звар’яцелага”. Абраўшы гэты варыянт перакладу, кампазітар настойваў на яго захаванні, каб падкрэсліць не столькі стан свайго героя, колькі — сам працэс паступовага страчвання розуму. Менавіта гэтай працэсуальнасці і няма ў віцебскай пастаноўцы. Хаця яна ёсць у арыгінале — у М.Гогаля. І з-за гэтага спектакль шмат чаго страчвае. Найперш — гледачоў (і, у тым ліку, запрошаных крытыкаў). Тэма вырашаецца на ўзроўні фізіялогіі, а не тонкіх псіхалагічных балансаванняў-пераходаў ад думак і фантазій да блытаніны-бессвядомасці.

З самага пачатку перад намі — безнадзейна хворы чалавек, якога таленавіта іграе Яўген Гусеў. І ўсе “нататкі” Аксенція Папрышчына ўспрымаюцца не рэальным дзённікам, а ўсяго толькі хваравітымі летуценнасцямі. Да іспанскага караля ён “дарасце” апасля, спачатку ж успрымае сябе (успрымае, а не з’яўляецца насамрэч!) маленькім клеркам. І ў тых абставінах, дзе ён знаходзіцца, гэта — таксама “павышэнне па службе”! Колькі б пастаноўшчыкі ні тлумачылі, што “гэтая гісторыя можа здарыцца ў любы час, у любой краіне і з любым чалавекам”, яна глядзіцца як гісторыя пра хворага бамжа, апранутага ў ядавіта- зялёнае дзіравае трыко, які жыве дзесьці ў падвале сярод труб і металічных канструкцый (сцэнаграфія і мультымедыя — Аляксандра Сідарава). Гледачу застаецца толькі спадзявацца, каб забытага, закінутага ўсімі пакутніка хутчэй адшукалі і адправілі ў шпіталь, што, нарэшце, і адбываецца. Але там з яго здзекуюцца, і смерць няшчаснага чалавека, у якога няма будучыні, успрымаецца амаль шчаслівым зыходам.

/i/content/pi/cult/426/8781/1-2.jpeg

Фінал увогуле апраўдвае многія рэчы. Але дачакацца яго цяжкавата. Бо “дыягназ” (прынамсі, і ў прамым сэнсе слова таксама) пастаўлены, ледзь толькі адкрываецца заслона. А далей застаецца пакутаваць, што не можаш дапамагчы, бо рука так і цягнецца выклікаць “хуткую дапамогу”.

У астатнім жа — спектакль зроблены надзвычай вынаходліва і прафесійна. Часам нават узнікае ўражанне, быццам прысутнічаеш на іспыце, дзе табе намагаюцца паказаць усё, чаму навучыліся. Перад намі мільгаюць лялькі розных канструкцый, маскі з намёкам на камедыю дэль артэ (лялькі і касцюмы — Ганны Сідаравай), мультыплікацыя, бягучы радок з датамі падзей. Сафі (Вольга Лазебная), падобная на ляльку, то ходзіць на пальчыках, у балетных пуантах, то выязджае на роліках. І гэтая рознакаляровасць сродкаў пры адной-адзінай закладзенай у спектакль думцы, што літаральна свідруе мозг, нагадвае нейкае “змрочнае канфеці”, стамляючы ўжо самой сваёй калейдаскапічнасцю.

/i/content/pi/cult/426/8781/1-3.jpeg

Фанасфера спектакля спалучае музыку Алега Залётнева, якая чуйна ідзе за дзеяннем, са шматлікімі натуральнымі шоргатамі-шумамі. Значэнне сэнсавых лейтматываў набываюць скрып дзвярэй, пранізлівы покліч сірэны. Яркімі жанравымі ўсплёскамі становяцца стылізаваная іспанская тэма, парадыйнае выкарыстанне цытаты з “Кармэн” Ж.Бізэ. А кульмінацыяй — украінская калыханка, што гучыць у момант пахавання. Але нават прасвятленне душы героя, звязанае з яго зваротам да маці, успрымаецца ўсяго толькі перадсмяротнай агоніяй.

Дык пра што быў спектакль? Што хварэць на галаву — дрэнна? Ці што думкі пра немагчымасць кар’ернага росту прыводзяць у душэўны тупік? Пытанні так і застаюцца без адказу. І крэатыўная дэманстрацыя “гісторыі хваробы” становіцца ледзь не здзекам...

На здымках: сцэны са спектакля "Нататкі вар'ята".

Фота Андрэя СПРЫНЧАНА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"