Пра Герояў

№ 19 (1093) 11.05.2013 - 18.05.2013 г

Напярэдадні Дня Перамогі ў Гомельскім абласным музеі ваеннай славы адкрылася выстаўка, прысвечаная Героям Савецкага Саюза, Героям Сацыялістычнай Працы і поўным кавалерам ордэна Славы, чый лёс быў звязаны з Гомельшчынай і непасрэдна з горадам на Сожы.

Наведвальнікі змогуць убачыць асабістыя рэчы авіяканструктара Паўла Сухога, які пражываў на пачатку XX ст. у Гомелі і скончыў тут мужчынскую гімназію. Выстаўлена для агляду форма Маршала Савецкага Саюза і Маршала Польшчы Канстанціна Ракасоўскага, пад камандаваннем якога войскамі Беларускага фронту была вызвалена наша вобласць у гады Вялікай Айчыннай вайны. Музей дэманструе фатаграфіі і асабістыя рэчы дзяржаўнага дзеяча БССР Кірылы Мазурава, а таксама аднаго з арганізатараў партызанскага руху на Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай Емяльяна Барыкіна ды многіх іншых знакавых для гісторыі рэгіёна і краіны асоб.

Многія прадметы ўпершыню экспануюцца ў музеі. Гэта, да прыкладу, ваенная форма і ўзнагароды Мікалая Лебедзева, чыё жыццё было звязана з Гомелем, дзе ён стаў першым дырэктарам адной са школ, форма яшчэ аднаго знакамітага гамяльчаніна — лётчыка-штурмавіка Рыгора Дзенісенкі.

Па традыцыі, прадметны шэраг дапаўняюць узоры стралковай савецкай і нямецкай зброі, прадметы салдацкага побыту.

Уладзімір ДЗМІТРЫЕЎ, малодшы навуковы супрацоўнiк Гомельскага абласнога музея ваеннай славы