Пра СНІД, які пакуль што “спіць”…

№ 49 (815) 08.12.2007 - 14.12.2007 г

Не проста расказваць гледачам прыгожыя гісторыі, а яшчэ і адгукацца на самыя актуальныя пытанні і праблемы сучаснасці, што, бадай, з’яўляецца адной з асноўных задач, якія павінен ставіць перад сабой любы тэатральны калектыў. Але як трансфармаваць сацыяльную праблематыку ў сцэнічны матэрыял і надаць яму адпаведную тэатральную форму?..

 /i/content/pi/cult/140/878/SNID.jpg
Сцэна са спектакля “Пясочны гадзіннік”.Юстын — Анатоль Двараннікаў, Каспер — Аляксандр Парфяновіч.
Асабіста я заўсёды насцярожана стаўлюся да так званых “вострасацыяльных” пастановак: з прыкрасцю чакаю чарговага маралізатарства, агітбрыгаднага расповеду пра тое, “што такое добра, а што такое дрэнна”, і рознага кшталту “страшылак”. Заўсёды ўзнікае пытанне: для каго ствараецца такі спектакль? Наўрад ці алкаголікі, наркаманы і сацыяльна няўстойлівыя тыпы пойдуць у тэатр на падобную пастаноўку і будуць спакойна ўспрымаць чарговую порцыю маралізатарства. А размаўляць з нармальным гледачом на ўзроўні “страшылак”, мякка кажучы, не эфектыўна. Тым больш, тэатр, як паказвае шматвяковая практыка яго існавання, прымае адну “форму” спектакляў — пра людзей.
Думаецца, п’еса “Пясочны гадзіннік” (аўтар — Пятро Васючэнка), пастаўленая на сцэне Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя В.Дуніна-Марцінкевіча, дакладна перадае гэтую акалічнасць, бо напісана не столькі пра “фізічны” бок СНІДу, пра тое, чым ён пагражае здароўю, колькі пра яго, так бы мовіць, сацыяльны аспект — як у адну хвіліну гэтая хвароба здольна скамечыць і скалечыць роўнае, размеранае жыццё любога, нават самага “ўстойлівага” чалавека. У паспяховага і прыстойнага мастака Юстына (Анатоль Двараннікаў) медыкі падазраюць СНІД — гэта “падарунак” яго сябра юнацтва, таксама мастака, Каспера, які пасля сваёй смерці ад гэтага ж захворвання прыходзіць да яго ў якасці Прывіда (Аляксандр Парфяновіч). Чаго хоча гэты “пасланец”? Даравання і пазбаўлення ад пачуцця ўласнай віны? Ці, можа, ён пасланы для таго, каб звярнуць нашу ўвагу на тое, што ўсё чалавечае жыццё нагадвае вялікі пясочны гадзіннік, мы ж— бы пясчынкі, якія сёння могуць быць на самым версе, але заўтра немінуча аказваюцца ўнізе.
Рэжысёр спектакля Сяргей Карбоўскі намагаецца злучыць гэтыя дзве прасторы: свет побытавай гісторыі, у якой два юнакі (Юстын у маладосці — Эрнест Корнышаў, Каспер у маладосці — Андрэй Волчак) кахалі адну дзяўчыну (Альбіна ў маладосці — Вольга Матвеева), і што з гэтага атрымалася, і філасофскія разважанні пра жыццёвую “метафізіку” чалавека як, з аднаго боку, парушынку ў руках лёсу, а з іншага — істоту, якая мусіць быць адказнай за свае ўчынкі і ўласны лёс. Для таго, каб “аблегчыць” гледачам іх развагі, рэжысёр спрабуе паўтарыць свой ход, скарыстаны раней у пастаноўцы “Асцярожна, жанчыны Парыжа!”, калі ён запрасіў у спектакль “зорку” з сумежнага віду мастацтва — спявачку Ірыну Дарафееву. Гэтым разам у якасці “разыначкі” ён уключае ў прастору “Пясочнага гадзінніка” вядомы сярод мясцовай моладзі бабруйскі рок-гурт “Skynet”. Праўда, падобныя эксперыменты, як паказвае практыка, хоць і пашыраюць за кошт “фанаў” кола патэнцыяльных гледачоў спектакля, яго напружанасці і больш глыбокаму ўспрыняццю мала дапамагаюць.
Між іншым, ужо сам па сабе той факт, што тэатр спрабуе закранаць у сваіх спектаклях такія, здавалася б, “нявыйгрышныя” з пункта гледжання касавага поспеху тэмы, сведчыць аб смеласці тэатра. І — аб яго жаданні “дыхаць” у такт са сваімі гледачамі.


Таццяна КОМАНАВА