Аўтограф на памяць

№ 19 (1093) 11.05.2013 - 18.05.2013 г

У філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея "Дом-музей I З’езда РСДРП" працуе інтэрактыўная выстаўка "Аўтограф. Твой след у гісторыі!", дзе прадстаўлены арыгінальныя аўтографы вядомых акцёраў, палітыкаў, пісьменнікаў, спартсменаў, музыкантаў з усяго свету. У іх ліку — Джон Траволта, Олівер Кан, Магдалена Нойнер, Тоні Блэр і многія іншыя.

Сярод экспанатаў варта вылучыць ліст Якуба Коласа іншаму беларускаму пісьменніку — Янку Маўру, напісаны ў 1943 годзе. Ён мала вядомы спецыялістам і зараз упершыню прадстаўлены для паказу шырокай публіцы.

Акрамя таго, у экспазіцыі маюць дэманстравацца кнігі з дарчымі надпісамі і аўтографамі беларускіх пісьменнікаў, гісторыкаў, прыклады пячатак асабістых бібліятэк, экслібрысы, рукапісы Васіля Быкава, Івана Шамякіна, Кандрата Крапівы, арыгінал Статута ВКЛ ХVІІ стагоддзя на польскай мове.

У час выстаўкі запланавана серыя тэматычных мерапрыемстваў, сярод якіх — правядзенне аўтограф-сесій запрошаных пісьменнікаў, музыкантаў, Дзень усходняй каліграфіі, сустрэча з графолагам і вызначэнне асабістых характарыстык па почырку для ўсіх ахвотных, лекцыі-дыскусіі на тэму беларускай лацінскай графікі з прадстаўнікамі НАН Беларусі і грамадскасці.

Убачыць аўтографы знакамітых людзей, даведацца пра ўласны характар па почырку і яшчэ многае іншае наведвальнікі змогуць да 26 мая.