Нестандартны гід па Мінску: што выбраць у Ноч музеяў?

№ 19 (1093) 11.05.2013 - 18.05.2013 г

У мінулым нумары "К" распавяла пра тое, як жа збіраюцца праводзіць Ноч музеяў у некаторых рэгіёнах краіны. Зараз — чарга мінскіх музеяў, якія, як і заўжды, падрыхтавалі для наведвальнікаў штосьці захапляльнае.

Нацыянальны мастацкі на адзін вечар ператворыцца ў гасцінны і таямнічы дом Шляхціча Завальні. У залах знойдуць прытулак шматлікія вандроўнікі і ласкава падзеляцца сваімі фантастычнымі апавяданнямі. Апошнія дазволяць гасцям апынуцца паміж рэальным і казачным. А ўласнікі фантастычнага абутку ("каб пайсці туды, не ведаю куды") і чароўных акуляраў ("каб убачыць тое, не ведаю што") змогуць наведаць дом Шляхціча Завальні бясплатна.

/i/content/pi/cult/426/8773/2-1.jpeg

Нацыянальны гістарычны падрыхтаваў праграму пад назвай "Ноч у музеі: гісторыя не дрэмле!", дзе ўсе мерапрыемствы будуць прысвечаны лічбе 13. "У экспазіцыях асноўны ўпор робіцца на трынаццатыя гады ў гісторыі Беларусі і Еўропы, — кажа загадчык экспазіцыйна-выставачнага аддзела Таццяна Шкляр. — Наведвальнікі змогуць акунуцца ў атмасферу Мінска 1913 года або апынуцца ў Маскве 1813-га, проста зрабіўшы некалькі крокаў у іншую залу. Акрамя таго, мы падрыхтавалі шэраг інтэрактыўных зон, якія дазволяць гасцям не толькі паназіраць за жыццём людзей розных эпох, але і паўдзельнічаць у падзеях. Напрыклад, у Музычнай зале можна будзе паспрабаваць сябе ў сапраўднай джазавай імправізацыі пад кіраўніцтвам прафесійных музыкантаў".

/i/content/pi/cult/426/8773/2-2.jpeg

Разнапланавую праграму падрыхтаваў Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа, дзе спецыяльна для дзяцей і падлеткаў пройдзе інтэрактыўная гульня, прысвечаная 130-годдзю з дня нараджэння пісьменніка Янкі Маўра, які, дарэчы, быў сватам Якуба Коласа. У наведвальнікаў будзе магчымасць паглядзець мастацкі фільм "Палескія рабінзоны", зняты да Вялікай Айчыннай вайны на кінастудыі "Беларусьфільм" паводле аднайменнага твора Янкі Маўра. "Працягнецца Ноч музеяў у мемарыяльнай сядзібе, дзе можна будзе паслухаць беларускія народныя песні, паўдзельнічаць у традыцыйных гульнях і мастар-класах па беларускіх рамёствах, — кажа загадчык аддзела навуковай прапаганды Марыя Казакевіч. — Вечарам у вялікай гасцёўні Дома Коласа пройдзе мерапрыемства, прысвечанае 100-годдзю шлюбу Якуба Коласа і Марыі Каменскай, куды будуць запрошаны знакамітыя сем’і-юбіляры, якія прадставяць гасцям творчыя нумары і правядуць рэканструкцыю традыцыйнага вясельнага абраду".

Дзяржаўны музей тэатральнай і музычнай культуры сёлета прапануе адразу дзве праграмы пад агульнай назвай "Справа аб "Доме масонаў". Наведвальнікі змогуць прайсці лабірынт "Стань масонам", дзе іх чакае знаёмства з гісторыяй, традыцыямі і сімваламі тайнага таварыства. Акрамя таго, майстроў хітрыкаў і блефа, упэўненых у сабе людзей з пачуццём гумару і не абыякавых да жыцця роднага горада чакае ролевая псіхалагічная гульня "Мафія".

/i/content/pi/cult/426/8773/2-3.jpeg

Тэатралізаваную рэтра-праграму з цыкла "Забытыя кінастаронкі" прадставіць Музей гісторыі беларускага кіно. Госці змогуць убачыць малавядомы навукова-папулярны кінанарыс "Асканія нова" 1937 года і сацыяльна-бытавую драму "Сям’я Януш" 1941-га пра жыццё беларускай вёскі савецкіх часоў. Стужка ніколі не выходзіла на экраны. Перад паказам фільмаў у музеі выступіць фальклорны гурт "GUDA" з народнымі песнямі і танцамі для стварэння атмасферы вясковага жыцця з яе традыцыйным укладам.

Праект "Paўlinka PARTY", прысвечаны 100-годдзю знакамітай купалаўскай п’есы "Паўлінка" і ўсім беларускім дзяўчатам, арганізуе Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы. У праграме чакаюцца выступленні гуртоў "Alta Mente", "Folkmashina", "Босае сонца", перформансы тэатра танца "Адлюстраванні", эксперыментальнага тэатра-студыі "ARTvoyage", пластычнага тэатра "вКубе", выстаўка хэнд-мэйд вырабаў.

"Гэтым вечарам мы прапануем гасцям паказ моднага жаночага адзення, які пройдзе ў суправаджэнні духавога аркестра пагранічных войск Рэспублікі Беларусь, — дзеліцца загадчык аддзела культурна-адукацыйнай работы Вольга Пархімовіч. — Таксама наведвальнікам прадастаўляецца ўнікальная магчымасць паспрабаваць сябе ў якасці мадэльера, праявіць творчыя здольнасці ў мастацтве бодзі-арта і наведаць майстар-класы па стварэнні фрызур ад прафесійных цырульнікаў ды жаночых упрыгожанняў сваімі рукамі".

Музей гісторыі горада Мінска правядзе "Ноч адкрыццяў", пад час якой адбудзецца вернісаж фотавыстаўкі ў жанры ню і перформанс "Жывыя скульптуры". У Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага пройдзе прэзентацыя музейнага экспаната "Фісгармонія" (Германія, пачатак ХХ ст.) з дэманстрацыяй музычнага інструмента ў дзеянні.

Вядучы навуковы супрацоўнік Юлія Кавалёва кажа: "Вечарам у двары комплексу пройдуць модныя паказы сезона 2013/2014, прадстаўленыя на Беларускім тыдні моды, а крыху пазней можна будзе атрымаць асалоду ад канцэрта музычных гуртоў "Ае", "Каля Нуля", "Апрыёры", "Югаславія" і многіх іншых".

Дэвіз сёлетняй Ночы музеяў у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча — "Музеі (памяць + крэатыўнасць) = сацыяльныя змены". Таму ўстанова запрашае сваіх гасцей правесці вечар у стылі Мінска пачатку ХХ стагоддзя, калі жыў Максім Багдановіч. Пад час свята можна будзе навучыцца рабіць унікальныя дамскія сумачкі таго часу, даведацца пра модныя тэндэнцыі стогадовай даўніны, паўдзельнічаць у салонных і літаратурных гульнях, паспрабаваць свае сілы ў бурымэ на рыфмы Максіма Багдановіча. Самых актыўных чакаюць майстар-класы ад клуба "Гістарыён" па танцах пачатку мінулага стагоддзя: кейк-уок, макшыш, уанстэп, танга. Завершыць вечар адмысловая музычная праграма.