"Праз усю вайну": вяртанне нявыкананай песні

№ 19 (1093) 11.05.2013 - 18.05.2013 г

У архівах дачкі народнага артыста Беларусі, народнага артыста СССР, заснавальніка легендарных "Песняроў" Уладзіміра Мулявіна захоўвалася партытура песні, якая яшчэ не гучала, — "Беларусь збірае сяброў" (у арыгінале — "Беларусь собирает друзей") на словы ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны, вядомага паэта Валянціна Тараса. Мяркуючы па тытульным лісце, яна планавалася як яшчэ адна частка цыкла "Праз усю вайну", пра што ёсць адпаведная пазнака. Але, з тых ці іншых прычын, у тую знакавую праграму яна не ўвайшла. Будзем спадзявацца, песня прагучыць. Ужо сёлета. Ва ўсякім выпадку, рэдакцыя "Культуры" прыкладзе для гэтага ўсе намаганні.

А пачыналася ўсё так. У 2009-м, рыхтуючы матэрыял, прысвечаны памяці Уладзіміра Мулявіна, "Культура" атрымала дазвол скапіраваць некалькі старонак з нотнага архіва артыста, які захоўваецца ў яго дачкі Марыны Мулявінай. Тады асаблівай увагі тым аркушам, прызнацца, не надалі. І не толькі таму, што яны прызначаліся для ілюстравання газетнай паласы. Аднак пра сам факт наяўнасці партытуры мы не забыліся.

Між тым, пры больш дэталёвым знаёмстве з асобнымі старонкамі рукапісу стала зразумела, што гэтай песні не ведалі ні мы, ні многія іншыя прыхільнікі творчасці мулявінскіх "Песняроў". Не маглі ўзгадаць яе і самі песняроўцы! Дэтэктыў?

/i/content/pi/cult/426/8772/1-5.jpeg

Тым не менш, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, гітарыст Заслужанага калектыву краіны "Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі", а з 1978 па 1985 гг. — гітарыст "Песняроў" Уладзімір Ткачэнка пагадзіўся прыехаць у рэдакцыю і паглядзець партытуру: можа, нешта ўсё ж прыгадаецца? Тым больш, мяркуючы па некаторых знешніх прыкметах нотнага почырку, было падобна на тое, быццам аранжыроўку рабіў Ігар Палівода. Але адна справа — проста рукапіс, а іншая — уласна стылёвы. Уладзімір Ткачэнка ведае яго значна лепш: ён доўгі час працаваў разам з Ігарам, многія творы выконваў менавіта ў паліводаўскіх аранжыроўках.

— Знакі пры ключы Ігар ставіў заўсёды, ён быў вельмі пунктуальны, — узгадвае Уладзімір Мікалаевіч. — А тут яны выстаўлены толькі ў пачатку, далей — няма. Дык можа, не Палівода? Ці — проста вельмі спяшаўся?

Спяшаўся ці не, а партытура зроблена з разлікам на адметнасць драматургіі. Ніякіх куплетных паўтораў — мелодыя штораз "апранута" па-новаму, з усё большым драматургічным разгортам, сольнымі ўстаўкамі быццам бы імправізацыйнага характару. Уладзімір Ткачэнка працягвае гартаць старонкі, уважліва "ўслухваецца" ў гармоніі, што атрымліваюцца пры спалучэнні інструментаў. Раптам расцвітае ва ўсмешцы:

— Такія акорды, іх мудрагелістыя спалучэнні, нешараговыя камбінацыі па вертыкалі пісаў толькі Ігар. Літары, якімі пазначаюць гармоніі, — таксама на яго манер. Ён любіў "блытаць" вялікія літары, прызначаныя для мажорных сугуччаў, з маленькімі, якія для мінорных. Выконваючы твор, мы самі (усе ж — музыканты) беспамылкова арыентаваліся, што дзе трэба. А ён некаторыя літары папросту не любіў бачыць прапіснымі: так яму здавалася прыгажэй. А вось тут, у харавой партыі, самы яркі фальцэт Уладзіслава Місевіча — "рэ". "Мі" для яго было ўжо высакавата, а "рэ" — самае тое, цудоўна гучала. Партытура напісана на пэўных музыкантаў, з улікам іх магчымасцей. Вось, да прыкладу, у пачатку: партыя альта — для Валерыя Дайнэкі, гітара — для мяне. Потым альт знікае, бо Дайнэка павінен спяваць. Усё прадугледжана! У мяне няма сумневу: гэта рука Паліводы.

/i/content/pi/cult/426/8772/1-6.jpeg

Уладзімір Ткачэнка абяцаў зрабіць з партытуры клавір, каб выкананне песні магло стаць больш даступным для ахвотных. Сама Марына Мулявіна гэтую "ідэю вяртання" горача падтрымала:

— Ідэя — выдатная! Як я магу быць супраць? Але нават для мяне гэта — быццам знайшлі невядомы раней твор Моцарта. Столькі гадоў гэтыя ноты разам з іншымі ляжалі ў шуфлядзе, а я нават не здагадвалася, што яны, падобна на тое, ні разу не гучалі… У Булгакава было сказана: "Рукапісы не гараць". Што б з Майстрам ні здарылася, яго творы павінны гучаць. Так і тут!..

Што ж — працяг гісторыі, неаспрэчна, будзе! І чытачы нашай газеты змогуць першымі пазнаёміцца з гэтым творам у абноўленай выканальніцкай версіі.

У афармленні выкарыстана фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"