А пачыналася ўсё так. У 2009-м, рыхтуючы матэрыял, прысвечаны памяці Уладзіміра Мулявіна, "Культура" атрымала дазвол скапіраваць некалькі старонак з нотнага архіва артыста, які захоўваецца ў яго дачкі Марыны Мулявінай. Тады асаблівай увагі тым аркушам, прызнацца, не надалі. І не толькі таму, што яны прызначаліся для ілюстравання газетнай паласы. Аднак пра сам факт наяўнасці партытуры мы не забыліся.
Між тым, пры больш дэталёвым знаёмстве з асобнымі старонкамі рукапісу стала зразумела, што гэтай песні не ведалі ні мы, ні многія іншыя прыхільнікі творчасці мулявінскіх "Песняроў". Не маглі ўзгадаць яе і самі песняроўцы! Дэтэктыў?
Тым не менш, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, гітарыст Заслужанага калектыву краіны "Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі", а з 1978 па 1985 гг. — гітарыст "Песняроў" Уладзімір Ткачэнка пагадзіўся прыехаць у рэдакцыю і паглядзець партытуру: можа, нешта ўсё ж прыгадаецца? Тым больш, мяркуючы па некаторых знешніх прыкметах нотнага почырку, было падобна на тое, быццам аранжыроўку рабіў Ігар Палівода. Але адна справа — проста рукапіс, а іншая — уласна стылёвы. Уладзімір Ткачэнка ведае яго значна лепш: ён доўгі час працаваў разам з Ігарам, многія творы выконваў менавіта ў паліводаўскіх аранжыроўках.
— Знакі пры ключы Ігар ставіў заўсёды, ён быў вельмі пунктуальны, — узгадвае Уладзімір Мікалаевіч. — А тут яны выстаўлены толькі ў пачатку, далей — няма. Дык можа, не Палівода? Ці — проста вельмі спяшаўся?
Спяшаўся ці не, а партытура зроблена з разлікам на адметнасць драматургіі. Ніякіх куплетных паўтораў — мелодыя штораз "апранута" па-новаму, з усё большым драматургічным разгортам, сольнымі ўстаўкамі быццам бы імправізацыйнага характару. Уладзімір Ткачэнка працягвае гартаць старонкі, уважліва "ўслухваецца" ў гармоніі, што атрымліваюцца пры спалучэнні інструментаў. Раптам расцвітае ва ўсмешцы:
— Такія акорды, іх мудрагелістыя спалучэнні, нешараговыя камбінацыі па вертыкалі пісаў толькі Ігар. Літары, якімі пазначаюць гармоніі, — таксама на яго манер. Ён любіў "блытаць" вялікія літары, прызначаныя для мажорных сугуччаў, з маленькімі, якія для мінорных. Выконваючы твор, мы самі (усе ж — музыканты) беспамылкова арыентаваліся, што дзе трэба. А ён некаторыя літары папросту не любіў бачыць прапіснымі: так яму здавалася прыгажэй. А вось тут, у харавой партыі, самы яркі фальцэт Уладзіслава Місевіча — "рэ". "Мі" для яго было ўжо высакавата, а "рэ" — самае тое, цудоўна гучала. Партытура напісана на пэўных музыкантаў, з улікам іх магчымасцей. Вось, да прыкладу, у пачатку: партыя альта — для Валерыя Дайнэкі, гітара — для мяне. Потым альт знікае, бо Дайнэка павінен спяваць. Усё прадугледжана! У мяне няма сумневу: гэта рука Паліводы.
Уладзімір Ткачэнка абяцаў зрабіць з партытуры клавір, каб выкананне песні магло стаць больш даступным для ахвотных. Сама Марына Мулявіна гэтую "ідэю вяртання" горача падтрымала:
— Ідэя — выдатная! Як я магу быць супраць? Але нават для мяне гэта — быццам знайшлі невядомы раней твор Моцарта. Столькі гадоў гэтыя ноты разам з іншымі ляжалі ў шуфлядзе, а я нават не здагадвалася, што яны, падобна на тое, ні разу не гучалі… У Булгакава было сказана: "Рукапісы не гараць". Што б з Майстрам ні здарылася, яго творы павінны гучаць. Так і тут!..
Што ж — працяг гісторыі, неаспрэчна, будзе! І чытачы нашай газеты змогуць першымі пазнаёміцца з гэтым творам у абноўленай выканальніцкай версіі.
У афармленні выкарыстана фота Юрыя ІВАНОВА