"Парыжская школа": цяпер у Віцебску

№ 19 (1093) 11.05.2013 - 18.05.2013 г

Выстаўку твораў нашых землякоў, што праславіліся ў Парыжы, ужо бачылі ў сталіцы і ў Гомелі. Наступны "прыпынак" — Віцебск.

Тут, у памяшканні мясцовага Мастацкага музея, 7 мая адкрылася экспазіцыя "Мастакі Парыжскай школы з Беларусі. З калекцыі "Белгазпрамбанка", музейных і прыватных збораў". Паводле меркаванняў спецыялістаў і аматараў мастацтва, гэты праект стаў "падзеяй года" ў культурным жыцці краіны. Канешне ж, ён не мог абмінуць Віцебск — радзіму, прынамсі, мастацкага авангарда і месца нараджэння многіх культавых асоб гэтай мастацкай плыні. Гэтым разам экспазіцыя дапоўнена карцінай Рыгора Глюкмана "Аголеная", нядаўна набытай "Белгазпрамбанкам" на аўкцыёне "Christie’s" у Лондане. Раней у Беларусі творы гэтага мастака не экспанаваліся.

Поспех "Парыжскай школы" ў сталіцы і ў Гомелі дае падставы для добрага прагнозу адносна Віцебска. Зрэшты, ужо само адкрыццё выстаўкі стала для горада знакавай падзеяй. Пра імпрэзу распавядаюць яе ўдзельнікі.

Надзея Усава, намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея па навуковай рабоце:

— Для Віцебска гэтая выстаўка надзвычай важная, бо з’яўляецца пацвярджэннем таго, што вытокі Парыжскай школы — у горадзе на Дзвіне. Сярод мастакоў, чые творы дэманструюцца ў экспазіцыі, восем — родам з Віцебска. Усяго ж работ — каля 70-і. Прадстаўлены яны вельмі густоўна ў анфіладных залах музея. Экспазіцыя адрозніваецца ад той, што была ў Гомелі і Мінску. Прынамсі, наяўнасцю карціны Суціна. Не бачылі гамяльчане і Глюкмана, чыйго палатна не было ў Мінску. Для віцябчан будзе вельмі цікавае і палатно позняга Шагала, іхняга славутага земляка.

Мяне вельмі ўразіла рэжысура адкрыцця выстаўкі. Спецыяльна, каб пабачыць гэтую імпрэзу, ў Віцебск чартарным рэйсам прыляцела група акцыянераў банка. Арганізатары імкнуліся стварыць у залах, так бы мовіць, парыжскую атмасферу — рамантычную, разняволеную, спрыяльную для творчасці. Маленькія мастакі малявалі на вачах публікі. Было прыгожа ды ўтульна. Выстаўка "Мастакі Парыжскай школы з Беларусі" стане часткай праграмы "Славянскага базару ў Віцебску": балазе музей знаходзіцца літаральна побач з Амфітэатрам. Гэтая акалічнасць мае забяспечыць музею вялікую колькасць наведвальнікаў…

Вольга Акуневіч, дырэктар Віцебскага мастацкага музея:

— Мы спрабавалі зрабіць з адкрыцця свята, і, здаецца, нам гэта ўдалося. Пад імпрэзу быў задзейнічаны не толькі музей, але і прастора перад ім. Аркестр граў вальс "Пад небам Парыжа", мясцовыя мастакі разгарнулі тэатралізаваную дзею і выстаўку, прысвечаную сталіцы Францыі. Мастак, які ўвасабляў Шагала, маляваў гэты горад. Сёння мы ведаем пра восем мастакоў з Віцебска, якія стварылі славу Парыжскай школы, але, мяркую, калі паглыбіць і пашырыць пошукі, дык нашых землякоў у гэтай кагорце будзе больш. Вельмі сімвалічна, што выстаўка праходзіць у памяшканні, дзе ў 1919 годзе Марк Шагал ладзіў дыспут пра ролю меншасці ў мастацтве: гаворка тады ішла пра авангард і яго права ісці ўласным шляхам, адрозным ад пануючага акадэмічнага кірунку. Яшчэ згадаю, што мастацкую адукацыю ў Віцебску Шагал імкнуўся арганізаваць паводле мастакоўскага сумоўя парыжскага "Вулля", якое грунтавалася на творчай свабодзе і мастацкай разнастайнасці…

Напрыканцы — меркаванне Аксаны Торапавай, дырэктара музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, дзе выстаўка гасцявала перад адкрыццём у Віцебску:

— Хоць Гомель — горад, багаты на культурныя падзеі, гэтая выстаўка была для нас сапраўдным прарывам. Мы ўпершыню мелі магчымасць пабачыць творчасць нашых землякоў, вядомых у Еўропе і ў свеце. Прыемна, што сярод іх — і гамяльчанін Міхаіл Кікоін. У Гомелі колькасць наведвальнікаў выстаўкі была меншай, чым у сталіцы, але не гэты чыннік галоўны. Гомель — важны транспартны вузел, тут заўжды шмат гасцей з Украіны і Расіі. Дадзеную выстаўку наведала шмат афіцыйных дэлегацый. Такім чынам, праз яе замежнікі атрымалі ўяўленне аб еўрапейскім кантэксце нашай культуры, што надзвычай важна для іміджа краіны. Зрэшты, гэтая выстаўка для нас — падстава задумацца пра тое, дзе і калі ў свеце пазітыўна адзначыліся нашы землякі, і, магчыма, стварыць у музеі адпаведную экспазіцыю…

П.В.

Ад рэдакцыі. Як тут не нагадаць нашым суразмоўцам, што матэрыялы пра многіх знакамітых мастакоў — ураджэнцаў Беларусі вось ужо чацвёрты год выходзяць на палосах газеты "Культура" пад рубрыкай "Вяртанне імёнаў". А менавіта гэтыя грунтоўныя артыкулы энцыклапедычнага характару і з'яўляюцца нярэдка першаадкрыццём постаці творцы ў беларускім культурным канцэксце.