Цуды, якія здараюцца штодня...

№ 49 (815) 08.12.2007 - 14.12.2007 г

Аркадзь ШПУНТ працуе ў рэстаўрацыі з 1969 года. У юнацкія гады, калі вучыўся ў мастацкай вучэльні, даволі скептычна, як прыгадвае сёння, ставіўся да прафесіі рэстаўратара, бо марыў стаць... мастаком. Упершыню ўбачыў, як працуюць рэстаўратары, выпадкова — па тэлевізары. Убачыў і падумаў: “Ну што гэта за прафесія? Калі б не было мастакоў, дык не было б і рэстаўратараў...”, — вось гэтых людзей, якія штосьці клеілі, вызвалялі старыя рэчы ад паціны часу.

 /i/content/pi/cult/140/877/Subotnija-sustrechy49.jpg
— Відаць, каб пакараць мяне за гэтую маю пыхлівасць, — прызнаецца Аркадзь Шпунт,— Бог і вырашыў прывесці мяне менавіта ў рэстаўрацыю. І я дасюль займаюся ёю. Зараз я ўжо штосьці разумею ў гэтай прафесіі, ужо шмат што зроблена.
Так, праца мастака і праца рэстаўратара розныя рэчы. Мастак стварае карціну і кажа: “Я так бачу!”. А рэстаўратар бярэ рэч, якая “пражыла”, скажам, 200 — 300 гадоў, паспела фізічна састарэць, і спрабуе ёй даць другое жыццё. Карціна ўжо “жыла” ў часе і прасторы, і вось з’яўляецца нехта, хто “лезе” ў твор. Калісьці існавала ўяўленне, што рэстаўрацыя — гэта чыста тэхнічная справа. Але насамрэч гэта не так. Як толькі рэстаўратар дакранаецца да твора, ён пачынае ствараць. Бо ён — асоба. Гэта адбываецца ўжо на першай стадыі, калі пачынаецца праца па ліквідаванні старога слоя лаку на карціне. Яна жыве ў часе, і на ёй адбілася паціна гэтага часу. І ад таго, як мастак-рэстаўратар на першым этапе да яе падыходзіць (я не кажу аб пашкоджаннях, аб тым, што рэч, бывае, фактычна не існуе як вобраз), залежыць шмат.

Менавіта тут рэстаўратар пачынае шукаць падыходы. Хтосьці са спецыялістаў можа параіць, што трэба проста кансервацыю зрабіць, хтосьці скажа: неабходна ісці далей... Рэстаўратар, прааналізаваўшы ўсе “за” і “супраць”, вырашае, што трэба зрабіць дзеля выратавання “хворага” твора.

— Рэстаўратар працуе, як доктар...

— “Не нашкодзь!” — асноўны прынцып, якім кіруюцца людзі нашай прафесіі.

— Такім чынам, вы напачатку ставіце “дыягназ” і потым вызначаеце, якім шляхам “лячыць” карціну?

— Вельмі падобна. Так здарылася, што мне давялося пазнаёміцца з працай кардыёхірургаў. Я пасябраваў з адным вядомым нашым хірургам. Сустракаючыся, мы часта абмяркоўваем прафесіянальныя пытанні і знаходзім у нашай працы шмат агульнага. Ён “рэстаўруе” людзей, а я рэстаўрую помнікі культуры, якія пасля, што радуе, могуць “пражыць” яшчэ 200 гадоў.

Ёсць, вядома, у маёй прафесіі асаблівасці. Яна не церпіць спешкі. Тое, што рабіў мастак марудна, трэба аднаўляць яшчэ больш марудна. Здараецца і такое, што раблю хутка, а трэба рабіць яшчэ хутчэй, бо з-за маруднасці рэч можа загінуць.

— Якой была ваша першая адрэстаўраваная работа?

— Мне пашанцавала, што на пачатку майго прафесійнага шляху я працаваў побач з цудоўнымі спецыялістамі. Яны займаліся лепкай, рабілі кераміку. Гэта былі майстры — рамеснікі ў высокім сэнсе слова. Назаву Ігара Конюха і Васіля Карунова. Апошні быў тэхнолагам Івянецкай керамічнай фабрыкі. Разам мы зрабілі каплічку, яна зараз знаходзіцца ў палацава-паркавым ансамблі Паскевічаў у Гомелі. Ад гэтых таленавітых майстроў я засвоіў фармовачную справу, лепку. Потым, калі мяне запрасілі ў Нацыянальны мастацкі музей — дапамагаць адраджаць творы музейнай калекцыі, урокі маіх настаўнікаў вельмі спатрэбіліся. Многія рэчы былі, без перабольшання, у жудасным стане. І дасюль яшчэ шмат іх у фондзе і чакаюць рэстаўрацыі. Іх беды часта звязаны са шматлікімі войнамі. Творы, якія знаходзіліся ў храмах, часта перапісваліся, перарабляліся. Такой колькасці запісаў, як у нас, — па 8 слаёў, розных пераробак, напэўна, нідзе ў свеце не сустрэнеш.

У музеі шмат займаўся рэстаўрацыяй паліхромнай скульптуры. Дзеля гэтага мне і маім калегам давялося вучыцца ў Маскве, у тагачасным Усесаюзным інстытуце кансервацыі і рэстаўрацыі. Там былі добрыя настаўнікі, яны спрабавалі ўкараняць новыя матэрыялы, тэхналогіі, у прыватнасці — матэрыял для ўмацавання грунту і фарбавага слоя на скульптуры. У нас гэтая тэхналогія вельмі прыдалася, бо было надзвычай шмат драўляных скульптурных твораў, якія чакалі рэстаўрацыі. Матэрыялы, што нам прапанавалі масквічы, не без актыўнай дзейнасці нашага тагачаснага хіміка, “чалавека-матора” Марыі Майсееўны Цэйтлінай, далі цудоўны эфект. На базе беларускай рэстаўрацыі паліхромнай скульптуры нават меркавалі зрабіць усесаюзны навучальны цэнтр.

Пазней вопыт працы з паліхромнай скульптурай спатрэбіўся мне і маім калегам у Пінску. У тамтэйшым касцёле ксяндзом тады быў Казімер Свёнтэк. Трэба сказаць, помнік там — унікальны. Але ён на той час знаходзіўся ў жаласным стане. Праз пару гадоў роспіс мог проста асыпацца. Мы працавалі ў Пінску шэсць гадоў запар у летні сезон і прывялі 7 унікальных алтароў, выдатных помнікаў нашай гісторыі і культуры, у належны стан. Прычым мы там дайшлі да першапачатковых слаёў. У нас за час працы склаліся цудоўныя стасункі з Казімерам Свёнтэкам — чалавекам, які потым вельмі моцна паўплываў на маё жыццё, адкрыў для мяне цудоўны свет высокай духоўнасці. Калі Свёнтэк стаў епіскапам і прыйшоў працаваць у Мінскі кафедральны сабор Прасвятой Панны Марыі і спатрэбілася адрэстаўраваць храм, ён успомніў пра нас, майстроў, якія аднаўлялі алтары ў Пінску, і запрасіў да сябе. Праца тут распачалася ў 1996 годзе. Мы зрабілі тады апсідную частку, раскрылі фрыз. Пасля справа спынілася — у касцёла на далейшую рэстаўрацыю не было грошай, — і аднавілася толькі праз дзесяць гадоў.

— Да рэстаўрацыі ў саборы знаходзілася трэніровачная зала спартыўнага таварыства “Спартак”. Усе сцены былі пафарбаваны ў шэра-белы колер. Калі вы пачалі расчышчаць тынкоўку, што вам адкрылася?

— Мы знайшлі цудоўныя фрэскі. Гэта сапраўдны цуд! Ведалі па дакументах, што яны там павінны быць. Адкрылі тры жывапісныя слаі. Але ўсё гэта знаходзілася ў такім стане, што нельга было да выявы дакрануцца пальцам — усё сыпалася долу. Але сам па сабе жывапіс, выключаючы кропкавыя страты, захаваўся.

— Якому часу належаць гэтыя фрэскі?

— Першая палова, сярэдзіна і канец ХVІІІ стагоддзя.

— А ці вядомыя імёны мастакоў?

— Вядомы, напрыклад, Анташэўскі, але хто з іх што рабіў — пакуль цяжка сказаць, гэтым займаецца мастацтвазнаўца Вольга Бажэнава.

— Колькі ў саборы фрэсак?

— У ім 1000 квадратных метраў жывапісу. І ўсё гэта раскрыта за тры гады скальпелем і затаніравана пэндзлямі. Зараз, калі я заходжу ў храм, мне самому цяжка ўявіць, што гэта ўсё мы зрабілі за такі кароткі тэрмін.

Нашу работу годна ацанілі, сам Папа Рымскі даслаў спецыялістам, якія працавалі над аб’ектам, апостальскае бласлаўленне. Разам са мной працавалі Віктар Тарасік, Сяргей Нікіцін і навучэнец Сяргей Шаціла. А ўсяго ў нашым калектыве было 10 чалавек — тынкоўшчыкі, муляры і іншыя спецыялісты. Тут, у саборы, мне давялося ўшчыльную сутыкнуцца з манументальным жывапісам. Там я зразумеў, што праца кіраўніка ў рэстаўрацыі — гэта праца дырыжора. Тут не столькі людзьмі трэба “дырыжыраваць” ці іх інструментамі, колькі неабходна займацца арганізацыяй працоўнага працэсу. Кожны з трох слаёў жывапісу каштоўны па-свойму. Кожны пасвойму іграе і спявае. І трэба было зрабіць так, каб “трэція скрыпкі” не гучалі, як “першыя”.

— Якая ваша наступная вялікая і адказная работа?

— Я прызначаны навуковым кіраўніком, які ажыццяўляе нагляд за рэстаўрацыяй жывапісу ў Нясвіжскім замку. Вядома, там мала што засталося пасля шматлікіх рабаваняў, разбурэнняў, пажараў, але тое, што ёсць, я стараюся захаваць. І зраблю для гэтага ўсё, што ад мяне залежыць.

Рэстаўратары — асаблівыя людзі. Яны часам працуюць на энтузіязме. Калі казаць аб нашай цяперашняй рэстаўрацыі, дык яе стан выклікае засмучэнне, у мяне сэрца баліць. Я, здаецца, ніколі не працаваў у тых умовах, у якіх павінен бы працаваць рэстаўратар. У гэтым плане нам пакуль далёка да замежных калег. Назіраеш за іх працай і думаеш: “Божа мой, ты ўсё тое ж самае робіш, але — скальпелем, рукамі, вачыма, нервамі і лёгкімі”. А як было б цудоўна, калі б і ў нас была такая ж сучасная аснастка, тыя ж аптычныя прыборы... Я не кажу аб элементарным асвятленні, мікраскопах, якія адразу даюць на манітор адлюстраванне. Зараз, праўда, штосьці ў нашай справе зрушылася. У нашым мастацкім музеі закуплена абсталяванне, тут збіраюцца арганізаваць рэстаўрацыйны цэнтр. У прынцыпе, рэстаўрацыя ў нас была даволі моцная, але з цягам часу шмат што распалася, страцілася. Кудысьці прапалі архітэктары-рэстаўратары. А гэта ж асобная галіна! Гэта не проста архітэктура, а дойлідства, якое павінна адраджаць старажытныя архітэктурныя шэдэўры. І гэта было ў нас, яно станавілася на ногі гадоў трыццаць. А зараз, на жаль, знікла.

Насамрэч, рэстаўратара можна вучыць толькі практычна. Гэта сярэднявечная цэхавая сістэма, калі працуе майстар і побач з ім знаходзіцца вучань. Такім чынам ідзе адбор. На пэўным аб’екце, дзе пачынаецца рэстаўрацыйная праца. Той, хто мае вушы, чуе. Толькі так.

— А ці ёсць у вас вучні?

— Ёсць, але няшмат. Адзін з іх — Аляксандр Тарасік— выдатны майстра. Аднак, прызнаюся, не маю таленту вучыць людзей. Ведаю адно: калі чалавек хоча — навучыцца.

— Вы адрадзілі шмат твораў старажытнага мастацтва. Якія найбольш важныя этапы вы б маглі адзначыць?

— Калі казаць пра этапныя рэчы, дык гэта згаданая праца ў Пінску, а датуль былі Жылічы, Полацкая Сафія, дзе я рабіў лепку, Гомель. У Пінску была праца унікальная. Такой працай, я лічу, можна ганарыцца.

Кафедральны сабор у Мінску — вызначальны этап маёй дзейнасці. Што тычыцца рэстаўрацыі ікон, дык гэта Лагішынская Каралева Палесся — цудатворны абраз, які Папа Рымскі каранаваў. Апроч Лагішынскай іконы, я адрэстаўраваў шмат музейных рэчаў. Для мяне памятная праца над абразамі “Багародзіца з Дубянца” і “Багародзіца Чанстахоўская з Камаёў”, мястэчка ля Паставаў. На іконе быў унікальны аклад, яго, напэўна, знішчылі, і рэч засталася раскрытая, абшарпаная, абадраная. Я расчышчаў яе 8 месяцаў з мікраскопам. Дзякуючы гэтаму, зліквідаваўшы два слаі запісу, удалося дайсці да выявы Чанстахоўскай Маці Боскай... І так я штодзень працую. Нават ў адпачынку ніколі не быў, не разумею, што такое “адпачываць, як усе”. Для мяне адпачынак — праца на маім стале.

— А ці здараліся цуды, калі вы рэстаўравалі іконы?

— Рэстаўратар, калі пачынае працаваць, не думае аб цудах — ёсць канкрэтная праблема, і ён яе вырашае. Але калі я рэстаўраваў Лагішынскую ікону... Абраз сам па сабе невялікі. Меркаваў, што вярну рэчы аблічча ХVІІ стагоддзя і буду шчаслівы. Але калі зняў з яе срэбны аклад, у мяне пахаладзела ўсё ўнутры, бо ад жывапісу, па сутнасці, мала што засталося. Атрымалася, што ў працэсе рэстаўрацыі 1996 года запіс 1939 года быў знішчаны. Першасны жывапіс захаваўся нязначна, на 10-15 працэнтаў. Страты фарбавага слоя запаўняў рэстаўрацыйны грунт добрай якасці 1939 года. Цуды пачаліся тады, калі я распачаў працу з вузлавых, канструктыўных месцаў. Думаць, як гэта лепей зрабіць, было немагчыма. Я забіваў страты, заводзіў у іх нейкі каларыт, і паступова... выява выплывала. Мая воля тут не ўдзельнічала, я проста рабіў тое, што павінен быў рабіць.

— Вядома, што вы займаецеся не толькі рэстаўрацыяй, а і пішаце сцэнарыі, літаратурныя творы...
— Я напісаў сцэнарыі некалькіх дакументальных фільмаў. Іх зняў рэжысёр Юрый Гарулёў. Першы фільм з аднаго серыяла — “Маці Мізэрыкордзія”, другі, “Вяртанне”, — аб епіскапе Лазінскім, а трэці — “Канікулы кардынала”, аб Пінскім манастыры. Дарэчы, “Маці Мізэрыкордзія” атрымала Гран-пры на міжнародным кінафэсце, прысвечаным духоўным фільмам, у польскім Непакалянаве. Яшчэ я стварыў сцэнарый для фільма, знятага Гарулёвым, аб таленавітым хірургу-кардыёлагу Юрыі Астроўскім. У 1982 годзе напісаў аповесць “Блікі ўзыходзячага дня”— аб экспедыцыйнай дзейнасці. У 2000-м выйшла аповесць “Момант 0”, дзе апісваецца момант, калі чалавек трапляе ў памежную сітуацыю ў сувязі з аперацыяй на сэрцы. Яна ў пэўнай ступені аўтабіяграфічная. Там апавядаецца пра тое, як чалавек прыходзіць да Бога. Гэта адбываецца па-рознаму. Калі я працаваў у Пінску і глядзеў на Свёнтэка, я казаў самому сабе: “Не пытайся аб веры, а прыглядайся да ўчынкаў”. Я глядзеў на жанчын, якія маліліся ў касцёле, і ў глыбіні душы зайздросціў ім, мне гэта падабалася, я знаходзіў гэта прыгожым; я разумеў, што яны бачаць у малітве штосьці нашмат большае...
— Працу над сцэнарыямі прадаўжаеце?

— Напісаў сцэнарый новага серыяла “Цудатворныя іконы Беларусі”. Але пакуль няма сродкаў на рэалізацыю праекта. Там ідэя такая: распавесці, што такое каранацыя іконы, калі гэта пачалося, паказаць цудатворныя іконы Беларусі.

— Сюжэты старажытных фрэсак, ікон базуюцца на біблейскіх сюжэтах. Вы, верагодна, добра ведаеце Біблію...

— Я яе ведаю, напэўна, на “два”. Але для ведання Бібліі гэта добрая адзнака. Бо Святое Пісанне можна вывучаць бясконца.

Вось бяром ікону “Спас нерукатворны”,— майстра падыходзіць да абраза, які зараз рэстаўруе, і паказвае. — Тут адлюстраваны адпаведны сюжэт. Увогуле, гэта планавая мая работа, — тлумачыць ён.— І такіх твораў праходзіць праз рэстаўрацыю вялікая колькасць...


Гутарыла Наталля КІРПІЧЭНКАВА