25 — 26 красавіка ў Ракаве прайшоў II Адкрыты рэгіянальны фестываль-конкурс фартэпіяннай музыкі імя Міхаіла Грушвіцкага. Ініцыятар і арганізатар мерапрыемства — педагагічны калектыў Ракаўскай дзіцячай школы мастацтваў сумесна з аддзелам культуры Валожынскага райвыканкама.
Удзельнікі і госці засведчылі: у параўнанні з леташнім, узровень выканаўцаў вырас, а праграма фестывалю значна пашырылася.
У конкурсе бралі ўдзел юныя музыканты з Валожына, Івянца, Мінска, Лагойска, Клецка, Беразіна, Жодзіна, Смілавічаў, Стаўбцоў, Оршы, Магілёва, Парычаў. Усяго — 53 салісты і 25 ансамбляў, што выступілі на сцэне Ракаўскага цэнтра фальклору.
Пераможцамі сталі: сярод салістаў — Кірыл Атрошчанка з Аршанскай ДШМ № 3, Ян Мар’янскі з Дзіцячай музычнай школы мастацтваў імя Я.Глебава № 10 Мінска, Карына Іванашка з Мінскай дзіцячай музычнай школы мастацтваў імя М.Аладава № 2; сярод фартэпіянных дуэтаў — “Грушаўскія іскаркі” з СШ № 3 Мінска, “Дзіянікі” са сталічнай Дзіцячай музычнай школы мастацтваў № 5; сярод змяшаных ансамбляў — дуэт “Агеньчык” з Аршанскай ДШМ № 1, ансамбль скрыпачоў Ракаўскай ДШМ.
Па словах дырэктара ўстановы Марата Лагуткі, арганізатары працягваюць штогадовую традыцыю правядзення фестывалю-конкурсу, будуць імкнуцца да яго развіцця, стварэння індывідуальнага стылю конкурсу і росту папулярнасці як у Мінскай вобласці, так і за яе межамі.