Зноў запалілася “Калядная зорка”

№ 49 (815) 08.12.2007 - 14.12.2007 г

Ужо чацвёрты раз праходзіць у Мінску прыгожы Фестываль духоўнай музыкі і народнага мастацтва “Калядная зорка”. Яго арганізатары — Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў, прадзюсерскі цэнтр “Арт-мажор” у складзе універсітэта.

Распачаўся фестываль у Маладзёжным тэатры эстрады цікавым творчым праектам вакальнага аддзялення кафедры мастацтва і эстрады “Мы — беларусы”. Яркай фестывальнай падзеяй стала яго афіцыйнае адкрыццё ў Чырвоным касцёле святых Сымона і Алены з удзелам творчых калектываў універсітэта: акадэмічнага хору “Мара”, лаўрэата міжнародных фестываляў мужчынскага хору “Віват”, камернага хору “Дабравест” і камернага аркестра, універсітэцкага духоўнага тэатра “Анёл”, які базіруецца пры Чырвоным касцёле.
У наступны фестывальны дзень быў дадзены “Калядны баль” — дабрачынны канцэрт у Палацы рэспублікі для выхаванцаў дзіцячых дамоў, школ-інтэрнатаў, ветэранаў з удзелам таго ж духоўнага тэатра “Анёл”, ансамбля салістаў “Беларуская песня”, аркестра народных інструментаў.
У Белдзяржфілармоніі прайшоў юбілейны канцэрт лаўрэата рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў і фестываляў, стыпендыята спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі ансамбля акардэаністаў “Туці”.Фестываль будзе доўжыцца да 21 снежня. І гледачоў яшчэ чакаюць выступленне ў зале Белдзяржфілармоніі маладзёжнага эстрадна-сімфанічнага аркестра БДУ культуры і мастацтваў “Сімфонія душы”, канцэртная праграма лаўрэата міжнародных конкурсаў і фестываляў фальклорнага ансамбля “Грамніцы”, калядны вечар з ансамблем салістаў кафедры беларускай народна-песеннай творчасці “Беларуская песня”, адкрыццё выстаўкі работ студэнтаў і супрацоўнікаў створанай у адпаведнасці з пратаколам даручэння Прэзідэнта РБ лабараторыі універсітэта “Традыцыйныя рамёствы Беларусі”.

Наш кар.