Дзяржаўна- прыватны крэатыў

№ 18 (1092) 04.05.2013 - 11.05.2013 г

Ляхавіччына: методыка інавацый

Днямі Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр арганізаваў семінар для дырэктараў гарадскіх устаноў культуры Брэстчыны, які быў праведзены на базе Ляхавіцкага ГДК. Мерапрыемства сабрала больш за трыццаць удзельнікаў. Яны пазнаёміліся з вопытам калег-прафесіяналаў, “узброіліся” карыснымі ведамі і навыкамі інавацыйнай клубнай дзейнасці.

Два вучэбныя дні былі прысвечаны адзінай тэме: “Канцэптуальныя кірункі, інавацыйная дзейнасць гарадскіх устаноў культуры ў арганізацыі вольнага часу і развіцці творчага патэнцыялу насельніцтва”. Спярша ўдзельнікі семінара прааналізавалі работу Ляхавіцкага ГДК. Сяргей Чарановіч, член Беларускага саюза мастакоў і Беларускага саюза дызайнераў, кіраўнік Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь "Дзіцячая студыя выяўленчага мастацтва “Апалон”, распавёў пра методыку стварэння экспазіцый выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

На прыкладзе сельскага Дома культуры вёскі Востраў культработнікі вобласці пазнаёміліся з узаемадзеяннем гарадскіх і сельскіх устаноў культуры. Была арганізавана творчая сустрэча з народным тэатрам “Вастраўчане”, знаёмства з работай аб’яднанняў і калектываў аматарскай творчасці ды выстаўкай твораў клубных фарміраванняў…

Далей удзельнікі семінара зацікавіліся, як наладжана работа з дзецьмі, моладдзю і людзьмі сярэдняга веку ў прыватных установах культуры. Быў наведаны клуб “Рай” у Баранавічах. Прыватнікі выкупілі ў цэнтры горада кінатэатр “Кастрычнік”, які і пераўтварылі ў “Рай”. Цяпер тут — чатыры сектары для рознаўзроставага адпачынку, банкетная зала, дзе ладзяцца не толькі дыскатэкі, але і дзелавыя сустрэчы, карпаратыўныя вечары, святкуюцца дні нараджэння.

Наталля БЕРНАТ, загадчык інфармацыйна-аналітычнага і рэпертуарна-выдавецкага аддзела Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра