Сцежка да эстрады не павінна быць пакручастай

№ 18 (1092) 04.05.2013 - 11.05.2013 г

Тэрыторыя, на якой змяняюцца дзеці

Маладзечна даўно прэтэндуе на тое, каб лічыцца песеннай сталіцай Беларусі. Менавіта тут дваццаць гадоў таму распачаўся Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі. А з 2005-га, раз на два гады, ладзіцца і “Маладзічок” — Адкрыты конкурс юных выканаўцаў эстраднай песні. Сёлета, у красавіку, ён прайшоў ужо пяты раз. Паколькі на двух першых мне давялося пабываць, магу засведчыць: “Маладзічок” дужэе і паступова набывае аўтарытэт. Як кажуць, лічбы — рэч упартая. Калі на першы конкурс трапіла толькі 26 выканаўцаў, дык на пяты — 62. Прычым конкурсу папярэднічаў адбор, калі журы праслухоўвала дасланыя аўдыяматэрыялы. Заявак жа на пачатку было яшчэ ўдвая больш.

Сталіца заўжды вызначалася пэўнай творчай высакамернасцю, прынамсі, у дачыненні да гарадоў несталічных. Таму ў Маладзечне вырашылі слушна: прадстаўнікоў іншых гарадоў, райцэнтраў, невялікіх пасёлкаў станем запрашаць да сябе і ацэньваць. Фарміруючы грамадскую думку, пераконваючы, што конкурс мае аўтарытэт, пашырае тэрыторыю і ўплыў.

/i/content/pi/cult/425/8758/1-1.jpeg

Вадзім Лукашэвіч.

Палац культуры, дзе ладзіўся конкурс, падрыхтаваўся грунтоўна. Багата друкаванай і рэкламнай прадукцыі, клопату пра шматлікіх канкурсантаў. Мастацкім кіраўніком “Маладзічка”, як і ў ранейшыя гады, выступіла кампазітар Алена Атрашкевіч. Адным з сяброў журы з’яўлялася дырэктар Палаца Святлана Сарока. Судзейскую калегію сёлета ўзначальваў вядомы кампазітар Алег Елісеенкаў (Ганаровы грамадзянін Маладзечна). А сабраліся ў ім прадстаўнікі розных прафесій: спевакі, кампазітары, паэты, прадзюсар. Такім чынам можна дасягнуць рознабаковай ацэнкі. Высокі арганізацыйны ўзровень конкурсу адзначалі потым сябры журы, кіраўнікі дзіцячых студый, педагогі па вакале, якія прыехалі разам з юнымі спевакамі. З гэтай нагоды Алена Атрашкевіч заўважыла, што і дзеці, і дарослыя прыклалі шмат намаганняў толькі для таго, каб выйсці на сцэну з дзвюма песнямі і быць пачутым журы.

Чатыры групы ахоплівалі вялікі ўзроставы дыяпазон: ад 6 да 18 гадоў. Былі выканаўцы зусім юныя (як харызматычны і абаяльны Косця Будрэвіч з Гродна, які песняй “Бульба” літаральна зачараваў журы, а потым атрымаў прыз “Надзея”), былі дарослыя, асабліва ў старэйшых групах. Уражанні апошняга “Маладзічка” сведчаць, як імкліва змяняецца жыццё. І — як змяняюцца дзеці: яны сталеюць раней, становяцца больш натуральнымі і разняволенымі, атрымліваюць відавочнае задавальненне ад спеваў, музіцыравання ў прысутнасці журы і гледача. Дарэчы, многія займаюцца ў музычных школах ды школах мастацтваў — гэта істотна ўплывае на ўспрыманне твора і паводзіны на сцэне.

/i/content/pi/cult/425/8758/1-2.jpeg

Эліна Матарас.

Праслухоўванні праходзілі ў прысутнасці слухачоў. Прычым для кожнага канцэрта была розная публіка. Тры праграмы адбыліся ў першы дзень, дзве прагучалі ў другі. А ўвогуле за час конкурсу журы праслухала больш за 120 кампазіцый. Выдатна, што з кожнага праслухоўвання (а фактычна — канцэрта) арганізатары імкнуліся зрабіць шоу.

Сярод юных вакалістаў былі і тыя, хто дэбютаваў, і тыя, хто мае вялізны спіс удзелу і перамог, прычым не толькі ў Беларусі, але і ва Украіне, у Расіі, замежжы. Па сутнасці, гэта сведчанне таго, што студыйны рух, звязаны з дзіцячай эстраднай песняй, становіцца ўсё больш магутным і інтэнсіўным.

Увогуле, дзіцячае эстраднае выканальніцтва — з’ява, надзвычай прывабная. Тут (пакуль?) няма таннасці, а часам і пошласці тэкстаў, якія ўласцівыя эстрадзе дарослай. Няма разбэшчанасці і імкнення “выціснуць” з аўдыторыі як мага больш апладысментаў — заслужаных ці не. Дзеці на сцэне, асабліва калі яны бясспрэчна таленавітыя, прывабліваюць чысцінёй, шчырасцю і несапсаванасцю.

Зразумела, за кожным удзельнікам стаіць пэўны кіраўнік студыі, педагог па вакале з уласнымі методыкамі. Конкурснае праслухоўванне — гэта яшчэ і спаборніцтва школ, сведчанне плённасці педагагічных прыёмаў ды методык. На сцэну выходзіць дзіця ці падлетак, а за кулісамі застаюцца дарослыя, якія прыклалі шмат намаганняў, каб троххвілінны нумар ператварыць у спектакль, дзе яднаюцца не толькі тэкст, музыка, аранжыроўка, але і касцюм, святло, харэаграфія падтанцоўкі. Невыпадкова першымі крытэрыямі, па якіх журы ацэньвала канкурсантаў, былі нават не вакальныя даныя, а “ўвасабленне сцэнічнага вобраза” ды “імідж выканаўцы”. Таму заканамерна, што ў лік перамоцжаў траплялі тыя, хто здолеў запомніцца яркай вобразнасцю, як Іван Мураўкін з Мінскага раёна, адзначаны “За лепшы канцэртны нумар”, або Лізавета Васількова з Мінска, уладальніца прыза “За яркі сцэнічны вобраз”: яе “Чапліна” нельга было не запомніць.

Паводле ўмоў, канкурсанты выконвалі дзве кампазіцыі: адну — на мове сваёй краіны, другую — па выбары. Узрадавала: шмат песень беларускамоўных — або шлягераў, або песень, якія былі створаны спецыяльна для юных выканаўцаў. Цікава, што песні з музыкай Алены Атрашкевіч выбіралі многія канкурсанты: яны — даступныя, бо выдаваліся ў аўтарскіх зборніках, у дадатак — заўжды маюць яркую мелодыю, запамінаюцца, а галоўнае — адпавядаюць пэўнаму ўзросту. Кампазіцый, якія не стасуюцца з абліччам і псіхалогіяй выканаўцы, амаль не было. На папярэдніх “Маладзічках” такіх прыкладаў аказвалася больш.

/i/content/pi/cult/425/8758/1-3.jpeg

Саліруе І.Мураўкін.

Прадстаўнікі двух старэйшых узроставых груп часта абіралі для другой песні англійскую мову і джазавыя кампазіцыі. Прычым у большасці выпадкаў вынік — пераканаўчы (Ілья Новікаў з Магілёва, Лада Лінкевіч і Дар’я Савіцкая з Маладзечна). Гэта сведчыць, што джазавы вакал набывае ўсё большую папулярнасць. Ён запатрабаваны выканаўцамі і аўдыторыяй. Нечакана і пераканаўча ўспрымаліся кампазіцыі аднаго з сяброў журы, вядомага спевака Пятра Ялфімава. Яны вакальна складаныя, адрасаваныя вопытнаму выканаўцу. Адну з кампазіцый — “Крылы” — мы пачулі спачатку ад канкурсанта, а потым на заключным гала яе выканаў сам Пётр. Аказалася красамоўнай і непазбежная дыстанцыя паміж маладым канкурсантам і вопытным спеваком: паміж тым, хто імкнецца спасцігнуць сэнс чужой песні, і яе інтэрпрэтацыяй аўтарам, які дадае шмат эмоцый і адценняў.

Так што рэпертуару хапае. Разнастайнага. Беларуска- і англамоўнага. Лірычных і імклівых песень. Пра школу і пра радзіму. Пра першыя пачуцці і сяброў. Галоўнае — зрабіць правільны выбар, які адпавядае характару юнага выканаўцы.

/i/content/pi/cult/425/8758/1-4.jpeg

Калі аналізуеш спіс пераможцаў, бачыш: шырока прадстаўлена геаграфія. Не толькі Мінск, што натуральна. Не толькі Маладзечна, дзе ў Палацы культуры плённа працуе некалькі вядомых эстрадных студый. Дыпломы лаўрэатаў атрымалі Аляксандра Рубінская з Ліды, Аляксандр Мінёнак з Віцебска, Злата Ларчанка з Дзяржынскага раёна, Крысціна Сойка з Гродна, Яна Стрэльчанка з Лепеля.

Хлопцаў на ўсіх вакальных спаборніцтвах, дзіцячых і дарослых, традыцыйна менш, чым дзяўчат. На гэтую акалічнасць уплывае шмат фактараў, у тым ліку мутацыя голасу. Таму ім — асаблівая ўвага. Гэтым разам маладых людзей хапала. Асабліва іх шмат аказалася ў старэйшых групах. Сярод іх і вызначыўся ўладальнік Гран-пры — гэта Вадзім Лукашэвіч, які стаўся нечаканым адкрыццём “Маладзічка”. Ён з Ашмянаў, займаецца ў Школе мастацтваў. Нечакана насычаны голас — барытон з прыгожым нізкім рэгістрам. Сур’ёзны рэпертуар, напрыклад, песню “Званы” Ялфімава, засвоіць не кожны. Вядома, працаваць ёсць над чым, але і аснова для будучых перамог ёсць.

Гала-канцэрт заўжды ўспрымаецца не толькі як парад пераможцаў, але і як красамоўны вынік працы журы. Ці тых падтрымалі, ці не памыліліся ў адзнаках? Не першы раз заўважаю: гала “Маладзічка” выглядаюць пераканаўчымі. На сцэну выходзяць сапраўды лепшыя.

Зразумела, конкурсы юных выканаўцаў, як і прастора вакальнай педагогікі, — тэрыторыя, на якой не круцяцца вялікія грошы, дзяржаўныя ці спонсарскія, што суправаджаюць падрыхтоўку, напрыклад, да чарговага “Еўрабачання”. Падобная справа патрабуе бескарыслівасці, самаадданасці, любові да дзяцей, імкнення раскрыць іх індывідуальнасць, цярпліва і штодня працаваць, каб адшукаць талент.

Калі сёлета ў чэрвені ў Маладзечне пройдзе ХІІІ Нацыянальны фестываль беларускай паэзіі і песні, дык пераможцы апошняга “Маладзічка” прымуць у ім удзел. Магчыма, у рамках фестывалю адбудзецца асобны канцэрт. Што ж, гэта натуральна. Сцежка ад эстрады дзіцячай да эстрады дарослай не павінна быць надта доўгая і пакручастая...

Таццяна МУШЫНСКАЯ, наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск — Маладзечна — Мінск

Фота Яўгена СТЭЛЬМАХА