“Na Zabore” ў Магілёве

№ 18 (1092) 04.05.2013 - 11.05.2013 г

Услед за Віцебскам і Гомелем конкурс “Na Zabore” распачаўся і ў Магілёве. Прыём заявак на яго будзе працягвацца да 29 мая. Пастаянна прымаюць удзел у выстаўцы рэпрадукцый карцін сучасных беларускіх мастакоў пад назвай “Zabor” Руслан Вашкевіч, Сяргей Каваль, Уладзіслаў Стальмахаў і Віктар Альшэўскі.

Зараз арганізатары праекта займаюцца пошукам пятага ўдзельніка экспазіцыі для горада на Дняпры. Галоўная ўмова — мастак павінен быць прадстаўніком Магілёва або Магілёўскай вобласці, адлюстроўваць мастацкую атмасферу жыцця гэтага рэгіёна. Акрамя таго, вельмі важна, каб у яго быў свой уласны, пазнавальны стыль, а работы прадэманстравалі аўтарскае бачанне і светаадчуванне. Так, напрыклад, атрымалася з віцебскім аўтарам Аляксандрам Дасужавым, які з’яўляецца яркім прадстаўніком Віцебскай школы і традыцый супрэматызму Малевіча.

На пачатку чэрвеня будзе арганізавана традыцыйная выстаўка работ фіналістаў конкурсу, напрыканцы якой журы вызначыць пераможцу. Сам праект “Zabor” магіляўчане змогуць убачыць у родным горадзе ўжо ў ліпені.