“Белыя Росы”: прэм’ера вясной-2014

№ 18 (1092) 04.05.2013 - 11.05.2013 г

Фотарэпартаж са здымачнай пляцоўкі

Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм” распачала працу над фільмам “Белыя Росы” (рускамоўная назва "Белые Россы". Здымаць працяг даручылі маладому рэжысёру — выпускніцы Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, вучаніцы Аляксандра Яфрэмава — Аляксандры Бутар, якая выступае і ў якасці аўтара сцэнарыя разам з Аляксеем Дударавым ды Юліяй Гірэль.

/i/content/pi/cult/425/8753/1-3.jpeg/i/content/pi/cult/425/8753/1-1.jpeg/i/content/pi/cult/425/8753/1-2.jpeg

Кадры з тых самых легендарных "Белых Рос".

У карціне прасочваецца лёс братоў Ходасаў, вядомых са стужкі "белыя Росы" 1983 года ў пастаноўцы ігара Дабралюбава, але зараз галоўныя героі — малодшае пакаленне сям’і. Андрэй Ходас, якому надакучыла жыццё ў горадзе, вяртаецца да зямлі і селіцца на хутары, аднак забыцца ў вясковай ідыліі яму не даюць двое маладых бізнесменаў, што імкнуцца выкупіць маляўнічыя мясціны пад новае будаўніцтва. Андрэй з дапамогай сваёй сям’і намагаецца выратаваць дарагі сэрцу куток.

/i/content/pi/cult/425/8753/1-4.jpeg/i/content/pi/cult/425/8753/1-6.jpeg

Гукарэжысёр Святлана Сокал. Аператар Алег Гірэль.

Галоўныя ролі выконваюць маладыя артысты Сяргей Жбанкоў і Павел Харланчук, а таксама народны артыст Беларусі Віктар Манаеў. Дэбютуе на вялікім экране актрыса Тэатра юнага гледача Юлія Смірнова. Таксама сваю згоду на ўдзел у карціне далі народная артыстка Расіі Галіна Польскіх (Маруся), народны артыст Літоўскай ССР Юозас Будрайціс (Андрэй Ходас), Андрэй Мярзлікін (Іван), Ірына Ягорава (Ірына). Ролю ўжо дарослай Галюні з “Белых Рос” атрымала беларуская актрыса Ганна Палупанава.

/i/content/pi/cult/425/8753/1-5.jpeg

Сяргей Жбанкоў, Аляксандра Бутар і Павел Харланчук.

Здымаць фільм плануецца ў Мінску і Гродзенскай вобласці ў два этапы: першы — з 22 красавіка па 21 мая, другі — у жніўні — верасні бягучага года.

/i/content/pi/cult/425/8753/1-7.jpeg

Днямі на вуліцы Інтэрнацыянальнай праходзілі здымкі чарговай сцэны ля сапраўднага бізнес-цэнтра. Для масоўкі спецыяльна падабралі хлопцаў і дзяўчат “паспяховай” знешнасці, якія павінны былі заходзіць і выходзіць з офіса побач з галоўнымі героямі ў выкананні Сяргея Жбанкова і Паўла Харланчука, быццам бы спяшаючыся па сваіх справах. Сітуацыя ўскладнілася тады, калі на здымачную пляцоўку прыехала сапраўдная афіцыйная дэлегацыя з Літвы — іх сустракалі беларускія калегі і дзяўчаты ў нацыянальных касцюмах з хлебам-соллю. Але праз колькі хвілін гэтую шыкоўную працэсію, што займала амаль усю лесвіцу бізнес-цэнтра, ветліва папрасілі адысці са здымачнай пляцоўкі.

Яшчэ адзін казус здарыўся з аўтамабілямі герояў, на якіх яны павінны былі выязджаць з паркоўкі перад офісам. “Мерсэдэсы” па чарзе адмаўляліся кранацца з месца: як толькі механік рамантаваў адзін, другі, услед за ім, проста пераставаў заводзіцца. Сцэну з аўтамабілямі даводзілася пераздымаць некалькі разоў…

Другі рэжысёр карціны Марына Закатава распавяла карэспандэнту “К” пра тое, над якім момантам з фільма працуе здымачная група:

— Зараз працуем над амаль фінальнай сцэнай, калі галоўныя героі — бізнесмены, якім так і не ўдалося выкупіць Белыя Росы для будоўлі, вяртаюцца з офіса ні з чым і з’язджаюць на сваіх ужо зусім не шыкоўных аўтамабілях. Акрамя таго, хочам паспець зняць прыезд Ірыны Ходас да дому Марусі і сцэну каля начнога клуба, адкуль падпіўшы выходзяць двое нашых бізнесменаў…

/i/content/pi/cult/425/8753/1-8.jpeg

У цэлым, фільм “Белыя Росы”, як і першую карціну, хочам зрабіць лірычным і добрым. Акрамя таго, у ім узнімаецца вельмі актуальная для сучаснай Беларусі тэма супрацьпастаўлення горада, імклівага, жорсткага, і вёскі — спакойнай, добразычлівай і шчырай…

Начальнік аддзела рэкламы і рэалізацыі “Беларусьфільма” Міхаіл Кацюшэнка спадзяецца, што карціна не толькі спадабаецца гледачам, але і прынясе значны прыбытак дзякуючы выдатнаму сцэнарыю, добрым акцёрам і таленту рэжысёра-дэбютанта Аляксандры Бутар.

Убачыць працяг знакамітай камедыі “Белыя Росы” можна будзе вясной наступнага года.

Фота Юрыя ІВАНОВА