Яны і Ён

№ 49 (815) 08.12.2007 - 14.12.2007 г

Пра тое, што творчая спадчына Янкі Купалы літаральна ўся прасякнута сімвалізмам, пісалі не аднойчы. Але амаль штораз — з пачуццём недасказанасці. Маўляў, трэба набрацца немалой смеласці для таго, каб заглыбіцца ў свет яго вобразаў...

 /i/content/pi/cult/140/875/Yana-i-en1.jpg

Яна — Вольга Насулька, Я — Сяргей Здаранкоў.

Магілёўскаму абласному драматычнаму тэатру хапіла для гэтага не толькі смеласці, але і творчых сіл — у выніку складанага, як заўсёды, творчага працэсу на сцэне тэатра паўстаў спектакль “Яна і Я” па адной з самых загадкава-сімвалічных і пранізліва-лірычных паэм у творчасці Янкі Купалы.
Ды што там, — ва ўсёй сусветнай літаратуры мала знойдзецца ўзораў такой высокай паэзіі, здольнай гэтак шчыра, з любоўю і пашанай-пакланеннем апець жанчыну і каханне да яе. Відаць, такая лірычная ўзнёсласць і “палохае” айчынных рэжысёраў, таму што, у параўнанні з іншымі творамі Купалы, гэтая паэма надзвычай рэдка з’яўлялася на сцэне. Натуральна, бо фальшы і “прыкладнасці” ў пошуку тэатральных сродкаў для яе ўвасаблення акурат тут быць не можа — шчырасць не церпіць наігранасці.
Рэжысёр Віктар Куржалаў сабраў у гэтым праекце на магілёўскай сцэне цікавую пастановачную групу: яркага маладога сцэнографа Алесю Снапок-Сарокіну і кампазітара Андрэя Зубрыча — з Мінска, балетмайстра-пастаноўшчыка Дзіяну Юрчанка і мастака па святле Сямёна Давыдзенку (апошні ўжо даўно і плённа “засвяціўся” на “Славянскім базары”) — з Віцебска. Ну, а з фінансавага боку да пастаноўкі далучыўся Фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва.
Галоўную ролю ў спектаклі выконвае малады акцёр тэатра Сяргей Здаранкоў, які толькі-толькі скончыў Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў і працуе ў калектыве ўсяго першы сезон. Мажліва, камусьці падасца, што гэта занадта смелы ход — даручыць яшчэ зусім нявопытнаму акцёру “несці” на сабе ўвесь спектакль. Але гэта — прынцыповая пазіцыя кіраўніцтва: “Малады акцёр, — зазначае дырэктар тэатра Андрэй Новікаў,— не павінен “чакаць” свайго шчасця, яму неабходна адразу ж даваць працу. Ён мусіць заявіць пра сябе, паказаць свае магчымасці і здольнасці, а не сядзець немаведама колькі, пакуль яму “давераць ролю”. Разгледзець патэнцыял акцёра, яго талент можна толькі ў рабоце”.
Зрэшты, акцёрскі склад спектакля “Яна і Я” спрэс малады, пацвярджаючы імкненне тэатра быць цікавым не толькі “прафесійным тэатралам”, але і звыкламу гледачу, у тым ліку і самаму патрабавальнаму— маладому.
Пры гэтым на іх долю выпала не проста тая ці іншая “сялянская” роля, а стварэнне цэлага свету напаўрэальных істот, што метафізічна насяляюць свет галоўнага героя. Прывабны, нават, можна сказаць, магнетычна-чароўны, з пэўнай рытуальнасцю ўсяго, што адбываецца навокал. Характарныя Стары Максіма Гагарскага і Старая Ірыны Лысенка, прадстаўнікі жывёльнага свету: карова Марыны Дзямідчык, свіння Кацярыны Кондалевай, кот і певень Аляксея Кілесы, сабака Дзмітрыя Дудкевіча існуюць нароўні з такімі містэрыяльна-алегарычнымі постацямі, як Зайздрасць чорная і Святло нябеснае (Таццяна Шыбалава), Зямля Пашанька (Ганна Печнікава) ды Пава з Бабай квяцістай (Мікалай Раманоўскі). Вось толькі прыцягальнасць гэтага свету не надта лаяльная да галоўных герояў. Яна вымагае цалкавітай ахвярнасці, адданай і пакорнай уключанасці ў той велізарны, няспынны рытуал, які мы называем жыццём — свайго роду дабравольнае сектанцтва.
Менавіта таму галоўныя героі спектакля — Яна ў выкананні Вольгі Насулькі і Я акцёра
 /i/content/pi/cult/140/875/Yana-i-en2.jpg
 Сцэна са спектакля “Яна і Я”.
Сяргея Здаранкова — выступаюць не проста лірычнымі персанажамі, але адначасова і фігурамі глыбока трагічнымі. Яны палка і прагна кахаюць адзін аднаго, шчыра аддаюцца гэтаму пачуццю і мараць вечна быць разам, сам-насам прайсці праз жыццё. Але — так не бывае, і нават пусты дом аказваецца населеным велізарнай колькасцю духаў, відмаў, якія ўяўляюць сабой свет нашмат больш рэальны, чым людскі. Бо, у адрозненне ад людзей, яны несмяротныя і могуць жыць вечна.
Але ж для гэтага людзі павінны паўстаць ім на службу... Таму і каханне герояў “прарываецца” скрозь падпарадкаванасць прыгожай містэрыі жыцця, скрозь цяжкую, знясільваючую працу, вяртаецца, перад жахам страты адзін аднаго, каб хоць неяк апраўдаць існаванне чалавека найперш перад ягонай уласнай душой.Віктар Куржалаў і магілёўскія акцёры, бадай, бліжэй за іншых “падабраліся” да асобы Янкі Купалы. Яны адышлі ад традыцыі абытаўлення яго творчай спадчыны: маўляў, Купала — пясняр сялянскага жыцця. Але ж і сімвалізм яго творчасці ўбачылі не як звыклы аўтарскі пошук “вобразнай сістэмы”, здольнай адлюстраваць і ўвасобіць тыя ці іншыя творчыя задумы. Менавіта сутыкненне двух па-свойму прывабных і гарманічных светаў, іх трагічная немагчымасць з’яднацца-злучыцца ў яшчэ больш прыгожае адзінства, а таму непазбежны антаганізм “прыватнага” кахання і метафізічна-рытуальнага “касмічнага” побыту — вось тое “поле”, якое стваральнікі спектакля, услед за аўтарам, абрабляюць. І — атрымліваюць насамрэч багаты “ўраджай”.

Таццяна КОМАНАВА