Фармат лабірынта і альбома

№ 18 (1092) 04.05.2013 - 11.05.2013 г

І раённым музеям ёсць што паказаць у рамках Ночы музеяў. Карэспандэнт "К" даведаўся, чым будуць здзіўляць сваіх гасцей у рэгіёнах рэспублікі.

"Лабірынт часу ў Мазырскім замку" — так мае называцца праграма, якую правядзе Мазырскі аб’яднаны краязнаўчы музей. Гасцей чакаюць рыцарскія турніры, сярэднявечныя музыка і танцы ад гурта "Аlba Rutenia", майстэрня каваля, віктарыны, салон старажытных касцюмаў, дзе кожны зможа на час свята ператварыцца і ў рыцара, і ў заможнага князя, і ў шыкоўную даму. Акрамя таго, арганізатары мерапрыемства задумалі цікавую акцыю пад назвай "Дар музею": той, хто падорыць установе які-небудзь цікавы экспанат, што датычыцца гісторыі горада, зможа трапіць на свята бясплатна.

— Сёлетні праект Ночы музеяў будзе поўнасцю прысвечаны гісторыі і культуры сярэднявечнага Мазыра, — кажа дырэктар Мазырскага аб’яднанага краязнаўчага музея Раіса Вурса. — Для супрацоўнікаў нашай установы важна, каб жыхары горада не толькі ведалі, як калісьці жылі іхнія продкі, але і самі нібыта перанесліся ў тыя далёкія часы, адчулі атмасферу беларускага Сярэднявечча…

Незвычайную праграму прапануе Шклоўскі гісторыка-краязнаўчы музей, дзе ў Ноч музеяў наведвальнікі змогуць убачыць выстаўку "Традыцыі і культура Японіі", прывезеную непасрэдна з Краіны Узыходзячага Сонца, навучыцца мастацтву ікебаны і арыгамі, прымерыць кімано і зрабіць прычоскі ў стылі гейшы. Спецыяльна для аматараў японскай кухні вучні адной са шклоўскіх школ прадэманструюць, як правільна праводзіць чайную цырымонію, а шэф-повар мясцовага кафэ правядзе майстар-клас па прыгатаванні сушы.

Тэмай Ночы музеяў Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея імя Суворава стане юбілей аднаго з самых значных дакументаў з гісторыі горада — 450-годдзе кнігі "Рэвізія Кобрынскай аканоміі, складзенай каралеўскім рэвізорам Дзмітрыем Сапегам у 1563 годзе".

— Начная дзея пройдзе з удзелам гістарычных персанажаў з глыбокай даўніны, — распавядае дырэктар Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея імя Суворава Алена Бабенка, — каралевы Боны, якая валодала Кобрынскімі землямі, і каралеўскага рэвізора Дзмітрыя Сапегі, што па загадзе ўладаркі здзейсніў візіт у наш горад. Яны зробяць для гасцей невялічкі экскурс у гісторыю, правядуць цікавыя конкурсы на веданне мінуўшчыны Кобрына. Таксама наведвальнікаў чакаюць музыка і танцы XVI стагоддзя ў выкананні мясцовых этнагуртоў…

А вось супрацоўнікі Ваўкавыскага ваенна-гістарычнага музея імя Баграціёна вырашылі традыцыйную Ноч музеяў расцягнуць на цэлы тыдзень і правесці яе не 18 мая, як заўсёды, а на Купалле. Цягам некалькіх дзён пройдуць сустрэчы з музейшчыкамі розных пакаленняў, будзе прадстаўлена выстаўка пад назвай "Сямейны альбом", якая стане своеасаблівым адлюстраваннем жыцця жыхароў Ваўкавыска ў розныя часы, прэзентацыя праектаў усіх музеяў горада і раёна. А ў саму Купальскую ноч на беразе ракі Рось адбудзецца святочнае гулянне ў традыцыйным стылі з народнымі песнямі, танцамі, скокамі праз вогнішча і пошукамі папараць-кветкі…