Ноч музеяў-2013: нацыянальныя прэзентуюць

№ 18 (1092) 04.05.2013 - 11.05.2013 г

Музычны марафон і падарожжы ў часе

Музеі Беларусі са статусам "нацыянальны" кожны год у Ноч музеяў здзіўляюць сваіх наведвальнікаў самымі неверагоднымі праграмамі. Карэспандэнт "К" даведаўся, што ж новенькага чакае гасцей Полацка, Міра і Нясвіжа пад час сёлетняга свята.

Канцэрт у музеі

Усе музеі Полацка прысвяцяць Ноч музеяў 30-годдзю канцэртнай залы Сафійскага сабора. Установы, адпаведна сваёй спецыфіцы, зладзяць канцэрт, дзе прымуць удзел выканаўцы і класічнай музыкі, і сучаснай.

/i/content/pi/cult/425/8747/2-1.jpeg

Ноч музеяў-2012 у Міры.

— Для нас вельмі важна, каб наведвальнікі былі не проста гледачамі, але і ўдзельнікамі мерапрыемства, каб у кожнай імпрэзе знайшлі нешта цікавае для сябе, — кажа намеснік дырэктара па навуковай рабоце Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Таццяна Явіч. — Напрыклад, Прыродна-экалагічны музей правядзе музычную віктарыну для дзяцей "Крылатыя спевакі", дзе дзеткі павінны будуць назваць птушак, чые галасы яны пачуюць. На плошчы перад Краязнаўчым музеем адкрыецца самая сапраўдная "Танцпляцоўка 80-х" з жывой музыкай у стылі дыска, якую выканае полацкі Вакальна-інструментальны ансамбль "Мелас". Для аматараў фальклору ў Музеі традыцыйнага ручнога ткацтва адбудзецца вечарына "Зайграй, зайграй, дудар!". А напрыканцы святочнага вечара кожны ахвотны зможа атрымаць асалоду ад канцэрта камернай музыкі ў сценах Сафійскага сабора…

Да ўсяго, музеі прапануюць наведвальнікам выстаўкі класічных і народных музычных інструментаў, экспазіцыю, прысвечаную 30-годдзю канцэртнай залы Сафійскага сабора, і яшчэ шмат прыемных сюрпрызаў ад музейшчыкаў Полацка.

Ад Сярэднявечча да сучаснасці

Госці "Замкавага комплексу "Мір" літаральна за адзін дзень змогуць здзейсніць падарожжа з XVI у XXI стагоддзе. Распачнецца свята "Мірскім кірмашом" на прызамкавай плошчы, які яшчэ ў часы ВКЛ лічыўся адным з самых вядомых на тэрыторыі краіны. На адноўленым кірмашы абавязкова будуць прысутнічаць атрыбуты сапраўднага сярэднявечнага свята: рамесніцкія вырабы, традыцыйныя стравы, тэатральныя прадстаўленні, спевы, танцы, гульні, варажба…

Ва ўнутраным дворыку Мірскага замка будзе зладжаны своеасаблівы баль XVII стагоддзя пад музыку фольк-поп-мадэрн-гурта "PAWA". А Тэатр сярэднявечнага танца і касцюма "Яварына" навучыць асноўным па модных у той час танцаў і нават ператворыць гасцей з дапамогай касцюмаў і грыму ў сапраўдных паноў ды паненак.

/i/content/pi/cult/425/8747/2-2.jpeg

Такія афішы заклікаюць на падзею палачан.

Акрамя таго, наведвальнікі змогуць атрымаць асалоду і ад батлеечных спектакляў, і ад канцэрта праекта "Маладыя галасы", удзельнікі якога выступяць з праграмай "Музыка кахання і мар". Па словах метадыста музея Паўла Стаяноўскага, сапраўднай перлінай Ночы музеяў стане нямая чорна-белая стужка ў жывым музычным суправаджэнні, прэзентаваная ў Слановай зале Мірскага замка. Такі кінапаказ звязаны з тым, што апошнія ўладары палаца — род Святаполк-Мірскіх — заўсёды сачылі за тэхнічнымі навінкамі ды модай таго часу, і кіно, зразумела, не магло застацца па-за іх увагай.

— Напрыканцы свята гасцей чакае сюрпрыз, — працягвае Павел Стаяноўскі. — Гэта эксклюзіўная начная экскурсія пад назвай "Святло ў ночы", якая пройдзе акурат апоўначы. Удзельнікі экскурсіі не толькі здолеюць убачыць скарбы Мірскага замка зусім у іншым ракурсе, але і, магчыма, сустрэнуць яго знакамітыя прывіды…

Разгадаць тайну Нясвіжскага замка

Нясвіжскі палацавы ансамбль парадуе гасцей спецыяльнай праграмай "Тайны Нясвіжскага замка". Супрацоўнікі ўстановы сфарміруюць экскурсійныя групы, якія пройдуць па святочным маршруце, дзе можна будзе ўбачыць самыя знакамітыя і таямнічыя куткі запаведніка. Той, хто вырашыць "падарожнічаць" самастойна, атрымае спецыяльную праграмку, што дазволіць лёгка арыентавацца па комплексе.

У пакоях палаца ў рэжыме нон-стоп пройдуць самыя разнастайныя прадстаўленні. Так, у Гетманскай зале наведвальнікаў чакае паказ фільма ад "Белвідэацэнтра" "Легенды Нясвіжскага замка". Таксама плануецца пастаноўка Тэатра ценяў "Барбара Радзівіл" і яскравае выступленне знакамітых "Харошак".

— Спецыяльна ў рамках свята адкрыецца новы экскурсійны маршрут "Фартыфікацыі Заходняга бастыёна Нясвіжскага замка ў XVI стагоддзі", — адзначае спецыяліст па сувязях з грамадскасцю Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка "Нясвіж" Настасся Паддубская. — Нашы госці ўпершыню змогуць прайсці па старажытным падземным ходзе! Завершыць жа Ноч музеяў фаер-шоу непасрэдна ва ўнутраным двары замка…