Перспектывы для народнага майстра

№ 18 (1092) 04.05.2013 - 11.05.2013 г

Учора на пасяджэнні другой сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу быў прыняты праект Закону "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь "Аб народным мастацтве, народных промыслах (рамёствах) у Рэспубліцы Беларусь".

Па словах міністра культуры краіны Барыса Святлова, прыняцце дакумента будзе спрыяць удасканаленню заканадаўства ў сферы культуры і не прывядзе да скарачэння выдаткаў рэспубліканскага бюджэту. Сярод іншага, згодна са змяненнямі у Закон, у мэтах збірання і папулярызацыі народных промыслаў і рамёстваў прадугледжваецца стварэнне адпаведных тэматычных музеяў.

/i/content/pi/cult/425/8741/1-1.jpeg

Старшыня Камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Мікалай Казаравец адзначыў, што законапраект удасканальвае напрамкі дзяржаўнай палітыкі ў галіне народнага мастацтва, замацоўвае ўмовы дзейнасці індывідуальных прадпрымальнікаў у гэтым кірунку. Акрамя таго, у адпаведнасці са змяненнямі і дапаўненнямі ў Закон, прадугледжваецца магчымасць навучання традыцыйным народным промыслам шляхам знаёмства з імі пры атрыманні дашкольнай, агульнай сярэдняй адукацыі, дадатковай адукацыі дарослых.

На думку члена Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, дырэктара Палаца культуры горада Маладзечна Святланы Сарока, змяненні ў Закон абумоўлены самім жыццём.

Унесеныя папраўкі былі прапрацаваны на месцах, з раёнаў і абласцей паступалі разнастайныя прапановы. Па словах Святланы Сарока, пад час працы над законапраектам былі выпрацаваны стратэгіі папулярызацыі народных промыслаў і рамёстваў такім чынам, каб захаваць актуальнасць і падтрымаць цікавасць у вялікай групы насельніцтва, у тым ліку — індывідуальных прадпрымальнікаў, якія займаюцца стварэннем традыцыйных вырабаў.

Згодна з папраўкамі ў Закон, прадугледжваецца льготнае падаткаабкладанне для народных майстроў. Вырашана паўнамоцтвы рэгламентацыі дзейнасці экспертнай камісіі, якая мае права выдаваць пасведчанне народнага майстра, перадаць Міністэрству культуры.

Знамянальна, што народныя майстры, згодна з папраўкамі ў Закон, маюць права на карыстанне памяшканнямі, якія з’яўляюцца дзяржаўнай уласнасцю.

К.А.

На здымку: пад час пасяджэння Савета Рэспублікі

Фота Юрыя ІВАНОВА