Алё, мы шукаем...

№ 49 (815) 08.12.2007 - 14.12.2007 г

На пачатку лістапада ў нашай рэдакцыі прагучаў тэлефонны званок з запрашэннем на фестываль, які мусіць адбыцца ў Палацы культуры трактарнага завода ў Мінску. Валерый Ясевіч, аўтар ідэі міжнароднага фестывалю-конкурсу творчасці дзяцей і моладзі “Шоу-Беларусь”, а таксама ўсеўзроставага і ўсежанравага фестывалю творчасці “Майстар-Шоу”, заінтрыгаваў нас тым, што ў апошнім праекце прымаюць удзел усе рэгіёны краіны — ад глыбінкі да сталіцы. Канешне, гэта не магло нас не зацікавіць, і 9 лістапада ў 19.00 я заняла сваё месца ў глядзельнай зале ПК трактарнага завода.

 /i/content/pi/cult/140/874/Socium2.jpg
Шчыра кажучы, фестываль “Майстар-Шоу”, калі казаць пра эмоцыі, мне не спадабаўся. Тое, што было прэзентавана ў Мінску, пакінула шмат пытанняў: якая яго мэта? Для каго і дзеля чаго ён арганізаваны? Каму ад яго карысць? Падумалася, ну, прыкладам, калі фестываль “Майстар-Шоу” створаны кшталту айчыннай “Хвіліны славы”, дык ён усё ж не цягнуў на яркае відовішча па рэжысуры. Калі ж фестываль нарадзіўся для дапамогі таленавітым аматарам, развіцця іх таленту, выпраўлення памылак (і ў такім выпадку відовішчнасць сапраўды была б не абавязковай), тады, мабыць, больш лагічным і плённым было б прапанаваць майстар-класы? І ад савета экспертаў хацелася б больш канкрэтнай крытыкі, парад і заўваг, бо пераважала штосьці размытае: “Вам не хапае індывідуальнасці”, ці: “Працуйце — і ў вас усё атрымаецца”.

Адным словам, фестываль “Майстар-Шоу” здзівіў. Як і тое, што калі заяўлены Гран-пры — тыражыраванне запісанага CD-дыска пераможцы, і ёсць тры прызавыя месцы, дык гэта значыць, што трэба вылучыць чацвёрку лепшых. А як зразумець, хто лепшы: 6-гадовая вакалістка ці 36-гадовы саксафаніст, які мае музычную адукацыю? І навошта рабіць sms-галасаванне, калі выступленне бачаць толькі нешматлікія гледачы ў сталічнай зале, палова з якіх, можна меркаваць, знаёмыя ці родзічы... Каб разабрацца ў гэтым, я звярнулася да ініцыятара фестывалю (і адначасова дырэктара прадзюсерскага цэнтра) Валерыя ЯСЕВІЧА.

— Вы паставілі шмат пытанняў перада мной, — кажа Валерый, — але паспрабую ўсё растлумачыць. Пад маёй арганізацыяй праходзіць праект “Шоу-Беларусь” — як фестываль творчасці таленавітых дзяцей і моладзі. Але на яго ўвесь час паступала шмат званкоў ад людзей усіх узростаў, якія жадалі паказаць сябе ў розных жанрах. Таму я і вырашыў, што нядрэнна было б зрабіць такі фестываль, які б не меў узроставых і жанравых абмежаванняў.

Новы праект з’явіўся яшчэ да расійскага шоу “Хвіліна славы”. Але многія чамусьці лічаць наш праект падобным на яго. Заяўкі ад удзельнікаў мы збіралі па ўсёй Беларусі праз раённыя і гарадскія аддзелы культуры і адукацыі, рабілі рассылку на прадпрыемствы. Вылучаныя мясцовым кіраўніцтвам удзельнікі павінны былі даслаць нам аудыё— ці відэазапісы сваіх выступленняў. Іх аказалася каля ста. Мы адабралі 20 выканаўцаў, з якіх праз тры туры да паўфіналу дайшлі 17.

Дзеля чаго я, укладаючы асабістыя сродкі, арганізаваў гэта? Дзеля пошуку і развіцця творчых асоб, незалежна ад жанру і ўзросту. Для таго, каб іх ацанілі эксперты, далі параду, каментарый, крытыку, заўвагу, каб таленавітыя людзі атрымалі магчымасць паказаць сябе.

— Паказаць — каму? Быў бы сэнс, калі б праект быў тэлевізійны.

— Менавіта таму цяпер ідзе тэлевізійны запіс праекта. З адзнятага потым скампануюць блокі тэлеперадач, якія выйдуць на рэгіянальных тэлеканалах. Тады і можна будзе ўбачыць усёй краіне нашых удзельнікаў і іх творчы рост.

— А хто ацэньвае ўдзельнікаў? Я ведаю, што ідзе і sms-галасаванне, і працуе журы. Хто з іх уплывае на ход фестывалю?

— Sms-галасаванне стварае рэйтынг. А ўласна выступленні ацэньвае савет экспертаў, у які ўваходзіць музыказнаўца і тэлерадыёвядучая Элеанора Язерская, кампазітар Аляксандр Яўсейчык і тэлежурналіст, дацэнт кафедры тэлебачання і радыёвяшчання факультэта журналістыкі БДУ Людміла Мельнікава. Яны ўказваюць, што ва ўдзельнікаў — добра, а над чым варта папрацаваць. Некаторыя прыслухоўваюцца, і гэта заўважна падчас выступленняў. А іншыя лічаць, што іх паліваюць брудам. Хаця мы спрабуем толькі дапамагчы. Напрыклад, Яўсейчык як кампазітар шукае выканаўцаў для сваіх праектаў. Аднак ён сказаў, што пакуль няма з каго выбіраць. Сапраўды, на другім туры многія выступалі слаба, некаторых хацелі выключыць з далейшага ўдзелу. Але яны папрацавалі над сабой, як ім параіў савет экспертаў. Увогуле ж праз праект мы шукаем выканаўцаў, якія нас зацікавяць.

— А як можна вылучыць лепшага ў рознажанравым і рознаўзроставым фестывалі? Калектыў з Мінска ці чалавека з глыбінкі, дарослага ці дзіця, саксафаніста ці вакаліста? Няўжо можна іх параўноўваць?

— А навошта іх параўноўваць?

— Таму што нельга вылучыць найлепшага, не параўноўваючы яго з астатнімі.

— У любым выпадку, мы не выбіраем між сантэхнікам і музыкантам. Мы выбіраем між артыстаў, хоць і рознага жанру. І ўвогуле, калі разважаць пра розніцу ва ўзросце, прафесіяналізм і г. д., дык у “Хвіліне славы” таксама няма ўдзельнікаў, якіх можна было б паставіць на адну прыступку. Наш Гран-пры атрымае самы яркі ўдзельнік. Аднак, паўтаруся, мэта для ўдзельнікаў — не Гран-пры, а развіццё свайго таленту.

— Ваш праект, як я разумею, не зусім “Хвіліна славы”. Вы заяўляеце яго як самы маральны і празрысты з усіх фестываляў.

— Так, і мы, у адрозненне ад “Хвіліны славы”, даём другі, трэці, чацвёрты шанц удзельніку, выключаючы з шоу толькі ў катастрафічным выпадку. Для нас важна атрымаць у выніку індывідуальную творчую асобу.

— Як вы лічыце, скупыя каментарыі савета экспертаў могуць дапамагчы ў гэтым?

— Яны скупыя толькі на публіцы. Частка працы ідзе з удзельнікамі па-за сцэнай, калі савет кансультуе артыста сам-насам, нават па тэлефоне. За два месяцы прагрэс артыстаў відавочны. Але яны павінны зарэкамендаваць сябе так, каб у далейшым нам захацелася з імі працаваць. Бо гэты праект зроблены не толькі дзеля праекта, а і дзеля нас, прадзюсераў. Нам цікава працаваць менавіта з яркімі асобамі, вылучаць і гадаваць іх.

— Але гэтым займаюцца многія конкурсы на Беларусі — вылучэннем таленавітай моладзі.— Так, але на іх, як паказвае практыка, не ўсе могуць патрапіць. На жаль, у беларускім шоу-бізнесе, калі яго можна так назваць, вельмі значную ролю адыгрывае блат, знаёмства. Калі я накіроўваў пісьмы-запрашэнні ў раёны, інфармацыю пра конкурс атрымалі далёка не ўсе. Таму некаторыя ўдзельнікі фестывалю прыехалі па сваёй ініцыятыве, як стыпендыятка Прэзідэнцкага фонду Яніна Арлоўская, якая стала гран-прызёрам фестывалю “Шоу-Беларусь-2007”. Пачынаючым выканаўцам часам цяжка прабіцца праз сіта бюракратызму. А калі чалавеку яшчэ і за трыццаць, сорак — куды яму падацца? Менавіта таму мы цяпер вырашылі самі ездзіць па раёнах і адбіраць удзельнікаў “Майстар-Шоу”, а інфармацыю распаўсюджваць непасрэдна праз СМІ. Мы даём магчымасць: прыходзь да нас — і выступай.— Дарэчы, слушным будзе пытанне: калі ўсе вакол такія злыя бюракраты, дык чаму вы такі шчыры і добрасумленны?

— Многія мяне на дух не пераносяць, увесь час падазраюць у камерцыі, але я не стаўлю самамэтай матэрыяльную выгаду ад фестывалю. Тады навошта гэта мне? Я дастаткова зарабляю, каб стварыць нешта для душы, каб пра мяне засталася добрая памяць як пра чалавека, які з нуля, ні ад кога нічога не патрабуючы, не беручы чужых грошай, арганізаваў такі праект.

Масква — яркі прыклад таго, як грошы “вырашаюць” ступень таленавітасці таго ці іншага артыста. Мне не хацелася б, каб такім быў Мінск і ўвогуле Беларусь. Я не атрымліваю ніякай падтрымкі, нават не чакаю элементарнага “дзякуй” ад удзельнікаў, каму дапамог у тым, каб райвыканкам выдзеліў ім грошы на праезд. Я спакойна стаўлюся да падазронасці на свой адрас.

Некаторыя ўжо тэлефанавалі ў розныя інстанцыі, кааб мяне праверылі, але высветлілі, што я, на іх жаль, не крымінальная асоба. Я чую пра сябе: ён такі, ён сякі. А вы вось вазьміце і арганізуйце свой праект. Напрыклад, што перашкаджае дырэктару любога Дома культуры арганізаваць такі фестываль, маючы залу, калектывы, сувязі, апаратуру, штат супрацоўнікаў, грошы з бюджэту? Але ці кожны захоча браць на сябе такі галаўны боль.

— Якім вы бачыце свой праект у перспектыве?

— Гэта павінен быць рэспубліканскі рух, і кожны будзе ведаць, што ён зможа прыняць у ім удзел, незалежна ад узросту, жанру выканання ці іншых абмежаванняў. Калі будзе шмат удзельнікаў з усёй Беларусі, мы разаб’ём гэты фестываль па гарадах. Зараз мы ставім задачу пашырэння па рэгіёнах. І сёння нас запрасілі Горкі — праводзіць адборачны тур. Я думаю, што калі праект выйдзе на тэлебачанне, ён атрымае рэзананс. Хачу зрабіць на сваім інтэрнет-партале каталог талентаў з кожнага раёна Беларусі. Некаторыя ўстановы культуры і адукацыі ўжо прынялі мой пасыл і пачалі дапамагаць мне... Час пакажа,ці патрэбны гэты праект для беларускай культуры.

 Рэзюме за кулісаміЛюбоў ЗІСЛІС, паўфіналістка фестывалю, метадыст Нараўлянскага раённага дома культуры Гомельскай вобласці:— Я пачала спяваць толькі ў саракагадовым узросце, і з гэтага часу пачаліся мае сольныя выступленні па Нараўлянскім раёне. Я лічу, што мне пашчасціла выйсці на такі фестываль, як “Майстар-Шоу”, дзе я маю магчымасць убачыць і выправіць свае сцэнічныя недахопы, на якія мне ўказвае савет экспертаў. Вельмі хочацца стаць заўважнай, прынесці людзям карысць.

Напрыклад, маленькія гарадкі, вёскі не могуць дачакацца, каб да іх нехта прыехаў выступаць, прыкладам, з абласной філармоніі. Таму такія артысты, як я, маглі б прынесці карысць раёнам, запоўніўшы гэтую пустую нішу. Я хачу займацца дабрачыннай канцэртнай дзейнасцю па маленькіх гарадках, вёсках, але для гэтага мне трэба заняцца прафесійным ростам. Хацелася б, каб мяне крытыкавалі больш строга, не шкадуючы, бо я хачу ведаць, чаго канкрэтна мне не хапае, над чым і як мне працаваць. Мабыць, ёсць нейкая літаратура па сцэнічным мастацтве? Я не бачу сябе збоку, але ведаю, што не ўмею нязмушана трымацца на сцэне, жэстыкуляваць, рухацца. Напрыклад, калі мне паказалі запіс майго выступлення, я заўважыла, што мне проста неабходна рэпеціраваць перад люстэркам. Побач са мной у Нароўлі няма спецыялістаў, у якіх я магла б пракансультавацца, таму гэты праект так важны для мяне. 25 снежня ў мяне чарговы сольны канцэрт, і я ўжо думаю, як мне яго выбудаваць з улікам заўваг і парад савета экспертаў.


Гутарыла Святлана КАСЯЧЭНКА Удакладненне


У № 41 газеты “Культура” ў матэрыяле “Настаўніца музыкі” дапушчана недакладнасць: уладальніцай Гран-пры міжнароднага фестывалю-конкурсу творчасці дзяцей і моладзі “Шоу Беларусь—2007” стала Яніна Арлоўская, стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, а не вакальны ансамбль “Медыянта”, які заняў на конкурсе 1 месца ў намінацыі “вакал”.