У 27-ю гадавіну чарнобыльскай катастрофы Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка наведаў Хойніччыну.

№ 17 (1091) 27.04.2013 - 04.05.2013 г


Юля з Чудзян,  якіх ужо няма

26 красавіка — 27 гадоў катастрофе на Чарнобыльскай АЭС

Гэтаму здымку — 27 гадоў. Вясной 1986-га фотакарэспандэнт Юрый Іваноў знаходзіўся ў вёсцы Чудзяны Чэрыкаўскага раёна. Жыхары яе ўжо ведалі: тут жыць нельга... Радыяцыя не мае паху, яе нельга ўбачыць ці памацаць. Таму радыяцыя найперш — гэта страх згубіць родную хату, зямлю, што карміла стагоддзямі твой род, неба малой радзімы, дзе кружляе бусел, адказны за тваё шчасце...

/i/content/pi/cult/424/8739/1-5.jpeg

Жыхары Чудзян жылі тады менавіта гэтым страхам. Жыццё “да Чарнобыля” засталося ў мінуўшчыне, а ў бліжэйшай будучыні было пакутлівае чаканне адсялення ў чыстыя ад незаўважнай радыяцыі мясціны. Юлія Ганчура патрапіла ў фотааб’ектыў менавіта з гэтым чаканнем у вачах. Маленькае дзіця сярод купкі засяроджаных жанчын. Наўрад ці ўспрымала яна ўвесь трагізм сітуацыі. Засяроджанасць перадалася ад старэйшых. Вось такой Юля і засталася на гістарычным ужо фотаздымку. Які, дарэчы, стаў сімвалам фотавыстаўкі Юрыя Іванова, што аб’ехала ўвесь свет.

А Чудзян цяпер няма. Як і соцень іншых паселішчаў, што патрапілі пад радыяцыйны бруд, а жыхары іх прыжыліся ў іншых раёнах і іншых абласцях краіны. Дзе цяпер Юля? Мы падлічылі ў рэдакцыі, што ёй цяпер — крыху за трыццаць. Самы ўзрост каб дзяцей выхоўваць, любіць і кахаць, радавацца ад самых розных праяў творчасці.

Дзе ты цяпер, Юля? Адгукніся! Мы спадзяемся, што ў вачах тваіх жыве радасць.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"