Маскавічы — археалагічны эталон

№ 17 (1091) 27.04.2013 - 04.05.2013 г

На гэтым тыдні адбылася прэзентацыя зборніка навуковых артыкулаў “Гісторыя і археалогія гарадзішча Маскавічы”.

Гэта калектыўная праца беларускіх археолагаў і навукоўцаў іншых спецыяльнасцей, якія так ці інакш спрычыніліся да вывучэння ўнікальнага гарадзішча на Браслаўшчыне. А яшчэ гэта падарунак вядомаму археолагу, першаадкрывальніку і асноўнаму даследчыку Маскавічаў Людміле Дучыц да яе юбілею, што адзначаўся не так даўно.

/i/content/pi/cult/424/8738/1-3.jpeg

Людміла Дучыц раскапала больш як паўтысячы курганоў у Паўночнай і Цэнтральнай Беларусі. А яшчэ яна вывучала камяні-следавікі, камяні-“краўцы”, каменныя крыжы, строі жыхароў старадаўняй Беларусі, этнапсіхалогію і шмат што яшчэ. На яе творчым рахунку — распрацоўка новых для Беларусі метадаў палявых даследаванняў. Па ініцыятыве Дучыц у нас з’явілася падводная археалогія: аквалангісты даследавалі “шэльф” Маскавіцкага гарадзішча. У кнізе прыведзены спіс навуковых справаздач Л.Дучыц і бібліяграфічны паказальнік ейных прац з 1977 па 2012 год.

Што ж да гарадзішча Маскавічы, дык спецыялісты лічаць яго эталонным сярэднявечным археалагічным помнікам XI — XIII стагоддзяў. Для гістарычнай навукі нашай краіны Маскавічы маюць такое значэнне, як Старая Ладага для Расіі. Гэта памежны край Полацкай дзяржавы, зона этнакультурных кантактаў славян і балтаў. Тут выразна прасочваецца нармандская прысутнасць у нашай гісторыі. Людміла Дучыц працавала на аб'екце з 1976 па 1988 год і ўскрыла плошчу ў 2 600 квадратных метраў пры магутнасці культурнага пласта ад 0,3 да 1,2 метра. Яна ж дамаглася праз доўгае хаджэнне па кабінетах розных устаноў дазволу на вывучэнне аэрафотаздымкаў археалагічных помнікаў.

У артыкулах зборніка аналізуюцца артэфакты, знойдзеныя ў Маскавічах. Гэта вырабы з жалеза і каляровых металаў, прылады працы і ўпрыгожанні, падвескі-амулеты і нацельныя крыжы. Вывучэнне матэрыяльнага свету нашых продкаў дае даследчыцы магчымасць рабіць высновы пра рэлігію, міфалогію і іншыя чыннікі светаўспрымання тых, хто жыў тут у раннім Сярэднявеччы. Дарэчы, артыкулы Людмілы Уладзіміраўны складаюць немалую частку зборніка. Сярод іншых аўтараў — В.Шадыра, В.Мядзедзева, Э.Зайкоўскі, Л.Калядзінскі…

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"